Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Драгічын: вучэньні ёсьць, чумы – няма?


У вёсцы Селішча Драгічынскага раёну на Берасьцейшчыне праходзяць вэтэрынарныя вучэньні на выпадак узьнікненьня афрыканскай чумы сьвіней.

Пра гэта паведамляе Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі. Адказныя асобы на месцы пацьвярджаюць, што гэта звычайныя вучэньні.

Супрацоўніца Драгічынскай вэтэрынарнай лябараторыі растлумачыла карэспандэнту «Свабоды», што 28 і 29 сакавіка ў вёсцы Селішча праходзяць вэтэрынарныя вучэньні:

«Як належыць. Будзе быццам бы ачаг, як быццам бы пазванілі нам і паведамілі, што захварэў парсюк. Усё, як трэба гэта рабіць, усё будуць паказваць».

Спадарыня кажа, што падчас вучэньняў пацерпіць толькі адна жывёліна:

«Я ведаю, што будуць забіваць аднаго. Павінны, ва ўсялякім выпадку. Адбіраць матэрыял, усё як належыць».

У Заказельскім сельсавеце, да якога належыць вёска Селішча, таксама запэўнілі, што выпадкаў афрыканскай чумы тут не было:

«Не-не, гэта проста вучэньні, успышка была ў Расеі. Гэта проста прафіляктычная праца. Гэта проста выбралі вось такое месца».

16 лютага ў жыхароў вёскі Нязнанава на Гарадзеншчыне сабралі сьвіней і спалілі. Пазьней гэта патлумачылі тым, што праводзіліся вэтэрынарныя вучэньні. Аднак многія адмыслоўцы не паверылі ў гэтую вэрсію, палічыўшы, што такім чынам хаваюць успышку афрыканскай чумы.

1 сакавіка ў зьвязку з гэтым Украіна забараніла ўвоз мяса-малочных вырабаў зь Беларусі.

Генэральны консул Украіны ў Берасьці Іван Баранчык паведаміў «Свабодзе», што пытаньні адмены забароны на беларускае мяса будуць вырашацца адпаведнымі службамі абедзьвюх краін:

«Гэта не азначае, што тут нейкая перадузятасьць ці што там. Гэта ўсё будзе вырашана, адназначна. Але трэба прайсьці ўсе працэдуры праверак. У гэтым выпадку не вінаватая Ўкраіна. Там не вучэньні былі, а былі публікацыі пра тое, што там вось спалілі тушы сьвіней за тое, што ёсьць падазрэньні на чуму, і гэтак далей. Там не вучэньні былі, там быў факт».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG