Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вінаваты, што не пытаўся: а ці можна дзейнічаць па законе?»


Дырэктар Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтар» Андрэй Караім звольнены 26 сакавіка пасьля таго, як даў дазвол выкарыстаць гукаўзмацняльную апаратуру падчас мітынгу на плошчы Бангалор 25 сакавіка. Афіцыйныя асобы звальненьне Андрэя Караіма не камэнтуюць. Лідэры апазыцыі кажуць: чыноўніка пакаралі за тое, што кіраваўся законам.

Абавязкі кіраўніка «Беларускага радыётэлевізійнага перадаючага цэнтру» цяпер выконвае галоўны інжынэр прадпрыемства Андрэй Кудырка, які адмаўляецца паведамляць падрабязнасьці звальненьня свайго былога начальніка:

«Я не наймаў гэтага чалавека, адкуль мне ведаць, зь якіх прычынаў, якіх пытаньняў... Мо чалавек сам захацеў».

У прэсавай службе Міністэрства інфармацыі журналістам працягваюць падаваць усё тую ж афіцыйную вэрсію звальненьня. Гаворыць Эла Чазава:

Чазава: «26 сакавіка Караім звольніўся паводле згоды бакоў».

Карэспандэнтка: «Кажуць, што ён звольнены таму, што даў апаратуру для апазыцыйнага мітынгу».

Чазава: «Ну, я ўсё гэта чытала, але, ведаеце — не камэнтую прычыны гэтага звальненьня. Альбо прычыны гэтай фармулёўкі я таксама камэнтаваць ня буду».

Тым часам працаўнікам прадпрыемстваў у рэгіёнах, якія ўзначальваў Андрэй Караім, яшчэ 26 красавіка паведамілі прычыну звальненьня дырэктара, кажа лідэр незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

«Андрэй Караім быў дырэктарам цэнтру ня толькі ў Менску, але ва ўсіх абласных гарадах, дзе знаходзяцца падначаленыя структуры. І кіраўнікам давялі, што гэтага дырэктара больш няма. А звольнены за тое, што даў апаратуру. Гэта калі б дазволу не было, а так — далі дазвол і, відавочна, забыліся сказаць, каб не заключалі дамовы».

Тым часам прадстаўнікі аргкамітэту дзеля сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка заяўляюць, што выкарыстаньне гукаўзмацняльнай апаратуры «Беларускага радыётэлевізійнага перадаючага цэнтру» плянавалася ў адпаведнасьці з усімі заканадаўчымі правіламі і нормамі. Гаворыць Віктар Івашкевіч:

«Склалі дамову, выпісалі рахунак. Я аплаціў там жа ў іх касе, выпісалі квіток. Напярэдадні, у пятніцу, я яшчэ тэлефанаваў галоўнаму інжынэру, і ён запэўніў, што няма праблем, усё будзе. Машына прыйшла ў патрэбны час і патрэбнае месца. Але падышлі супрацоўнікі міліцыі і сказалі кіроўцу, каб ён праехаў зь імі ў Савецкі РУУС. Ну, а назаўтра, бачыце, дырэктар звольніўся „па згодзе бакоў“. Маё меркаваньне такое, што ўся ягоная віна была ў тым, што ён дзейнічаў паводле інструкцыі і адмыслова не тэлефанаваў у вышэйшыя колы, пытаючыся дазволу: а ці можна дзейнічаць па законе?»

Старшыня аргкамітэту Ўладзімер Колас мяркуе, што незаконныя перашкоды, учыненыя ўладамі пры выкарыстаньні гукаўзмацняльнай тэхнікі, і звальненьне высокапастаўленага чыноўніка зьвязаныя паміж сабой і гэта частка наступу ўладаў на дэмакратычныя каштоўнасьці ў Беларусі:

«Беручы пад увагу сытуацыю, якая ёсьць з судом, з законам, безумоўна, улады дзейнічалі так, як заўсёды. Так, як сёньня здымалі нашых лідэраў апазыцыі з маскоўскага цягніка. Ну што — была там нейкая законная падстава? У нас законы даўно ўжо ня дзейнічаюць. У нас ёсьць загады, якія пэўныя людзі выконваюць».

Як паведаміў Уладзімер Колас, зараз аргкамітэт прымае рашэньне, ці мае сэнс дамагацца спагнаньня грошай, сплачаных за нявыкарыстаную гукаўзмацняльную тэхніку «Беларускага радыётэлевізійнага перадаючага цэнтру».
XS
SM
MD
LG