Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Подпісы за станцыю мэтро імя Быкава перадалі ў Менгарвыканкам

абноўлена

Актывісты кампаніі «Гавары праўду» сабралі і перадалі ўладамі Менску 40 тысяч подпісаў за тое, каб імем Васіля Быкава назвалі новую станцыю мэтро, якая будзе на трэцяй лініі.

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» перадалі ў Менгарвыканкам каля 40 тысяч подпісаў за тое, каб імем Васіля Быкава назвалі новую станцыю мэтрапалітэну, якая зьявіцца на трэцяй лініі сталічнага мэтро побач з домам, дзе жыў народны пісьменьнік.

Нядаўна менскія гарадзкія ўлады абвясьцілі публічны конкурс на назвы станцыяў трэцяй лініі сталічнага мэтрапалітэну, пачатак будаўніцтва якой заплянаваны на 2015 год. Актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» выступілі з прапановай сабраць подпісы грамадзянаў і назваць новую перасадачную станцыю, якая зьявіцца на Юбілейнай плошчы, імем Васіля Быкава. Подпісы сабралі даволі хутка, і 28 сакавіка прынесьлі тры скрыні да ўдавы Васіля Ўладзіміравіча Ірыны Міхайлаўны.

Лідэр кампаніі Ўладзімер Някляеў: «Мы сабралі 40 тысяч подпісаў за тое, каб гэтая станцыя, якая будзе бачная з вашага вакна, была названая імем Васіля Быкава. І сёньня гэтыя подпісы занясем у Менгарвыканкам».

Актывіст кампаніі «Гавары праўду!» Сьвятаслаў зьбіраў подпісы на вуліцы Максіма Танка, у доме № 10, дзе жыў Васіль Быкаў:

«Адзін чалавек, якому на выгляд гадоў 50, у мяне спытаўся: а хто такі Васіль Быкаў? Некаторыя дзьвярыма проста ляскалі перад носам. Канкрэтна ў гэтых дамах подпісаў было ня вельмі шмат».

Усяго на вуліцы Максіма Танка было сабрана 300 подпісаў. Подпісы зьбіралі і ў электронным выглядзе. На сайце «Гавары праўду» была разьмешчана спэцыяльная форма электроннага звароту, кажа Міхась Пашкевіч:

«Я вельмі зьдзівіўся, калі літаральна за першыя пару гадзін, калі гэты зварот быў толькі зьмешчаны, было каля 200 подпісаў. Зараз менш чым за тыдзень мы маем больш за 1 тысячу. Вельмі ўсьцешаныя былі, калі пабачылі, што падпісваліся людзі з рэгіёнаў, былыя актывісты кампаніі, журналісты з рэгіёнаў. Там вельмі проста: два клікі — і зварот твой ужо ідзе».

Скрыні з подпісамі актывісты павезьлі ў Менгарвыканкам на мэтро. На станцыі «Фрунзенская» пільны міліцыянт папрасіў паказаць, што ўсярэдзіне, праверыў мэталашукальнікам.

У гарвыканкаме актывісты кампаніі «Гавары праўду» разам з былым кандыдатам на прэзыдэнта Ўладзімерам Някляевым зайшлі ў кабінэт да галоўнага спэцыяліста Ўладзіслава Звоніка, якому перадалі тры скрыні з подпісамі. Спадар Звонік выслухаў Уладзімера Някляева і забраў скрыні з подпісамі без камэнтароў.

На ганку Менгарвыканкаму Ўладзімер Някляеў распавёў:

«У палітыцы калі ня самае галоўнае, дык адно з самых галоўных — гэта ўпартасьць у дасягненьні пастаўленай мэты. Вось мы паставілі мэту — каб увекавечыць у Менску, у Беларусі памяць народнага пісьменьніка Васіля Быкава. Нам пакуль што не даюць гэта зрабіць на зямлі, не даюць назваць вуліцу. Дык, можа, мы даможамся таго, што імя Васіля Быкава спачатку зьявіцца пад зямлёй, на станцыі мэтро, каля дома, дзе ён жыў. І пасьля разам з гэтым імем пачне падымацца з-пад зямлі, з сутарэньняў, у якія нас загнаў сёньняшні рэжым, уся Беларусь».

Летась актывісты кампаніі «Гавары праўду» сабралі і перадалі ў Менгарвыканкам каля 100 тысяч подпісаў за тое, каб вуліцу Ўльянаўскую ў Менску перайменаваць у вуліцу імя Васіля Быкава. Рэакцыі гарадзкіх уладаў няма дагэтуль.

Від на будычыю станцыю метро
Від на будычыю станцыю метро


null
null




Подпісы за станцыю мэтро імя Быкава. актывісты паказалі сабраныя подпісы жонцы Ірыне
Подпісы за станцыю мэтро імя Быкава. актывісты паказалі сабраныя подпісы жонцы Ірыне
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG