Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пратасевіч: Эканамічныя санкцыі — рэальная пагроза для ўраду Беларусі


Яцэк Пратасевіч

Яцэк Пратасевіч

Рэзалюцыя па сытуацыі ў Беларусі, якую 29 сакавіка мае намер прыняць Эўрапарлямэнт, «будзе вельмі крытычная ў дачыненьні да ўладаў Беларусі», заявіў віцэ-прэзыдэнт ЭП, польскі дэпутат Яцэк Пратасевіч.

«Рэзалюцыя дэманструе падтрымку Эўрапейскім парлямэнтам рашэньня, прынятага 23 сакавіка Радай міністраў замежных спраў пра пашырэньне сфэры ўжываньня санкцыяў у дачыненьні да беларускага рэжыму. Зараз гэта ня толькі дыпляматычныя і візавыя абмежаваньні, але і шэраг мэтавых эканамічных санкцыяў, пра неабходнасьць якіх Эўрапейскі парлямэнт гаворыць ужо год», — адзначыў Пратасевіч у інтэрвію афіцыйнаму сайту ЭП.

Віцэ-прэзыдэнт нагадаў, што два тыдні таму эўрадэпутаты адклалі галасаваньне па рэзалюцыі, «спадзеючыся, што пэрспэктыва далейшых санкцыяў паслужыць ураду Беларусі пазытыўным сыгналам для вырашэньня пытаньняў пра палітычных зьняволеных і парушэньні правоў чалавека», але гэтага не адбылося.

Палітык адзначыў, што пакуль санкцыі ЭЗ былі толькі дыпляматычныя, іх уплыў быў абмежаваны. «Пачынаючы зь лютага, калі міністры пачалі разглядаць эканамічныя санкцыі, я бачу розную рэакцыю зь Менску. Гэта паказвае, што эканамічныя санкцыі — рэальная пагроза і рэальная праблема для ўраду Беларусі, — сказаў ён. — Беларусь мае патрэбу ў эканамічным супрацоўніцтве з ЭЗ больш, чым Эўразьвяз мае патрэбу ў супрацоўніцтве зь Беларусьсю. Я лічу, што з гэтай прычыны санкцыі прывядуць да станоўчых пераменаў».

Пратасевіч таксама падкрэсьліў: «Упершыню мы змаглі зразумець, чаму некаторыя дзяржавы-чальцы блякуюць рашэньне пра санкцыі. Яны выразна патлумачылі, што такія санкцыі могуць нанесьці шкоду іхнім кампаніям. Тым ня менш мы ня можам быць пасіўнымі і ня можам прыняць такое пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі».

Пратасевіч кажа, што Эўрапарлямэнт не чакае «рэвалюцыйнага пераходу ад цяперашняга аўтарытарнага рэжыму да дэмакратычнага праўленьня за адну ноч».

«Тым ня менш асноўнае патрабаваньне — вызваліць людзей, якія цяпер сядзяць у турмах за сваю палітычную дзейнасьць, і спыніць перасьлед грамадзянаў краіны», — сказаў ён.

Пратасевіч таксама адзначыў, што многія эўрадэпутаты былі шакаваныя расстрэлам Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, нягледзячы на тое, што было «мноства пытаньняў да судовага працэсу і шматлікія заклікі міжнароднай супольнасьці». «Гэта быў відавочны знак таго, што рэжым у Менску не гатовы мець зносіны зь міжнароднай супольнасьцю, і гэта яшчэ адна прычына, чаму важна прыняць рэзалюцыю па Беларусі», — цытуе словы Пратасевіча БелаПАН.
XS
SM
MD
LG