Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальніца кліча гарвыканкам да адказнасьці


Магілёўская прадпрымальніца Людміла Крыловіч вінаваць гарвыканкам у парушэньні сваіх правоў. Як яна сьцьвярджае, чыноўнікі не дазволілі ёй скапіяваць матэрыялы справы, распачатай па яе скаргах на дзеяньні акцыянэрнага таварыства «Стрынгаграсэрвіз».

Гэтая арганізацыя валодае ў Магілёве гандлёвым цэнтрам «Прэстан», у якім бізнэсоўка арандавала павільён. Скапіяваць матэрыялы справы прадпрымальніца цяпер намагаецца ў судовым парадку. Адпаведны пазоў пададзены 28 сакавіка ў Ленінскі суд Магілёва.

Людміле Крыловіч патрэбныя копіі матэрыялаў справы для суду супраць акцыянэрнага таварыства «Стрынгаграсэрвіз». Яна заяўляе, што дамову на арэнду плошчы ў гандлёвым цэнтры «Прэстан» зь ёй не падоўжылі незаконна.

«Гарвыканкам рабіў запыты ў розныя інстанцыі пасьля маіх скаргаў. Там ёсьць, напрыклад, пратакол сходу прадпрымальнікаў пра тое, што ён ня супраць, каб са мной не падаўжалі арэнды. Я лічу, што ён сфабрыкаваны. Што гэта за рада такая прадпрымальнікаў, якая не бароніць правы прадпрымальнікаў? Таксама ёсьць сумнеўныя дакумэнты з цэнтру разьвіцьця прадпрымальніцтва. Я ўжо пісала і ў кнігу скаргаў гарвыканкаму, і заявы пісала, каб мне далі зрабіць копіі. Чыноўнікі кажуць, што яны не абавязаныя іх даваць, маўляў, у інструкцыях аб зваротах грамадзян не пазначана пра гэта — толькі знаёміць», — тлумачыць Людміла Крыловіч.

Зь Людмілай Крыловіч не падоўжылі дамову на арэнду плошчы ў гандлёвым цэнтры «Прэстан» пасьля акцыі пратэсту яго арандатараў. Акцыя адбылася летась у жніўні. Бізнэсоўцы выступалі супраць закрыцьця гандлёвага цэнтру і скасаваньня дамоваў. Паводле прадпрымальнікаў, закрыць цэнтар меліся да 1 кастрычніка. Пратэст выклікаў шырокі розгалас у горадзе. Улада гарантавала, што з «Прэстанам» будзе ўсё ў парадку. 30 лістапада Людміле Крыловіч паведамілі, што дамова зь ёй перазаключаная ня будзе.

У адміністрацыі «Прэстана» заяўлялі, што прадпрымальніца не выконвала абавязкаў паводле старой дамовы. Акрамя таго, вінавацілі ў тым, што яна падбівае сваіх калегаў да забурэньняў. 2 сьнежня з прадпрымальніцай на працы гутарыў супрацоўнік КДБ. Паводле спадарыні Крыловіч, яго цікавіла, ці зьбіраецца яна арганізоўваць новыя акцыі пратэсту. У КДБ нібыта былі зьвесткі пра гэта.
XS
SM
MD
LG