Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gallup: толькі 23% жыхароў Беларусі лічаць СМІ свабоднымі

  • БелаПАН

У сярэднім, амаль дзьве траціны дарослага насельніцтва (65%) у 133 краінах сьвету лічаць, што сродкі масавай інфармацыі ў іх краінах вольныя. Такія вынікі праведзенага сацыялягічным цэнтрам Gallup у 2011 годзе апытаньня.

Гэтае стаўленьне ў параўнаньні з 2010 годам зьмянілася неістотна — тады такое меркаваньне падзялялі 67 адсоткаў апытаных.

Сёлета найбольш высокі паказчык ацэнкі свабоды прэсы ў Францыі — ён складае 97% адсоткаў, а самы нізкі — у Беларусі. Паводле Gallup, толькі 23% апытаных у Беларусі лічаць СМІ свабоднымі.

Як адзначае Gallup, краіны, дзе ўзровень свабоды слова ўспрымаецца як самы нізкі, ахопліваюць некалькі рэгіёнаў, у тым ліку на Блізкім Усходзе, на поўдзень ад Сахары, а таксама — былы Савецкі Саюз. Менш як 4 з 10 дарослых у 11 краінах, у тым ліку ў Габоне, Армэніі, на палестынскіх тэрыторыях, у Іраку лічаць прэсу сваіх краінаў свабоднай — нягледзячы на тое, што юрыдычныя і канстытуцыйныя палажэньні гарантуюць свабоду прэсы ў большасьці з гэтых краінаў. Прыкметна, што нэгатыўная ацэнка ўзроўню свабоды СМІ ў гэтых краінах супадае і з высновамі міжнародных арганізацыяў, такіх як «Рэпартэры бязь межаў».
XS
SM
MD
LG