Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і ЭЗ узгаднілі дакумэнт аб спрашчэньні візавага рэжыму


Расея і Эўразьвяз узгаднілі дакумэнт, які прадугледжвае значнае спрашчэньне візавага рэжыму. Адзінай перашкодай для яго падпісаньня застаецца пытаньне аб адмене віз для расійскіх чыноўнікаў.

Пра гэта піша «Коммерсантъ» са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы ў ЭЗ і МЗС РФ.

Дакумэнт прадугледжвае тры асноўныя новаўвядзеньні. Па-першае, ён дае права на шматразовую візу тэрмінам да пяці гадоў членам афіцыйных дэлегацый, прадпрымальнікам, удзельнікам навуковых, культурных і спартыўных мерапрыемстваў і праграм абмену, журналістам і вадзіцелям, якія выконваюць міжнародныя перавозкі. Да гэтай катэгорыі грамадзян будуць прылічаныя і супрацоўнікі «арганізацый грамадзянскай супольнасьці». Умовамі атрыманьня шматразовай візы на максымальны тэрмін (пяць гадоў) стане наяўнасьць выкарыстанай мультывізы на адзін ці два гады і адсутнасьць парушэньняў.

Па-другое, у новым пагадненьні прапануецца дазволіць кароткатэрміновыя паездкі бязь віз членам экіпажаў грамадзянскай авіяцыі і грамадзянскай марскога флёту.

Па-трэцяе, гаворка ідзе аб спрашчэньні візавага рэжыму для шараговых грамадзян. Калі яны ўжо атрымлівалі кароткатэрміновую візу і ня мелі парушэньняў, пры паўторным звароце грамадзяне змогуць прэтэндаваць на шматразовую візу большай працягласьці. Пры гэтым будуць адменены консульскія зборы для непаўналетніх і асоб, якія едуць на лячэньне.

Па дадзеных крыніц «Камэрсант», папраўкі маглі б уступіць у сілу ужо ў траўні або да канца 2012 году. Аднак дакумэнт да гэтага часу не падпісаны, бо Масква патрабуе адмяніць візы для расійскіх чыноўнікаў. У Брусэлі сумняваюцца, што ў Расеі выконваюць парадак выдачы службовых пашпартоў. Паміж тым крыніца «Коммерсанту» ў МЗС РФ запэўнівае, што гэта новаўвядзеньне было б узаемавыгадным: у Расеі налічваецца 15 000 уладальнікаў падобных дакумэнтаў, а ў Эўразьвязе — 20 тысяч.

У сьнежні 2011 году Расея і Эўразьвяз узгаднілі пакрокавы плян пераходу да бязьвізавага рэжыму (гэта пытаньне абмяркоўвалася з 2005 году). Дакумэнт пад назвай «Сумесныя крокі па пераходзе да бязьвізавага рэжыму кароткатэрміновых паездак грамадзян РФ і ЭЗ», у прыватнасьці, абавязвае бакі ўвесьці біямэтрычныя пашпарты, змагацца з нелегальнай міграцыяй, тэрарызмам і карупцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG