Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падарунак» Вэнэры


Сэксуальнае жыцьцё часта, апрача асалоды, мае за сабой шэраг непрыемных наступстваў у выглядзе непажаданай цяжарнасьці і урагенітальных інфэкцый. Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, 333 мільёны чалавек па ўсім сьвеце пакутуюць на захворваньні, якія перадаюцца палавым шляхам. І гэта толькі афіцыйная статыстыка!

Нявылекаваныя захворваньні нярэдка зьяўляюцца прычынай паталёгіі цяжарнасьці і бясплодзьдзя (сярод 55-85% жанчын і сярод 20-40% мужчынаў), што нэгатыўна адбіваецца на дэмаграфічнай сытуацыі ў грамадзтве. На сёньня распаўсюд хваробаў, якія перадаюцца палавым шляхам (а іх больш за 20), набыў у сьвеце эпідэмічны характар.

Найбольш адкрытая група рызыкі — гэта падлеткі і студэнты

1. Падлеткі атрымліваюць свой першы сэксуальны досьвед у сярэднім у 15 гадоў.
2. Кожны чацьверты студэнт мае вэнэрычнае захворваньне.
3. Толькі 54% студэнтаў карыстаюцца прэзэрватывамі падчас вагінальнага, 29% падчас анальнага, і 4% падчас аральнага сэксу.
4. Каля 20 мільёнаў выпадкаў захворваньня на палавыя інфэкцыі адбываецца ў моладзевым асяродку ва ўмовах страшнай антысанітарыі, у стане алькагольнага ці наркатычнага ап’яненьня.
5. У 80% хворых на палавыя інфэкцыі людзей ня маюць аніякіх сымптомаў ці праяваў хваробы і проста ня ведаюць, што ставяць пад пагрозу сваё здароўе і здароўе сваіх партнэраў.

Паколькі палавыя інфэкцыі пераважна працякаюць у схаванай форме, варта для прафіляктыкі раз на паўгода рабіць комплексны аналіз на ўсе хваробы, якія перадаюцца палавым шляхам. Пры выяўленьні адной ці некалькіх інфэкцый (ганарэі, пранцаў, хлямідыёзу, урэаплязмы, мікаплязмы, ВІЧ ці інш.), неабходна неадкладна заняцца іх лячэньнем.

Як паведаміць партнэру?

Пры зьяўленьні падазрэньня на нейкае палавое захворваньне, трэба неадкладна параіць партнэру праверыцца на ўсе хваробы, што перадаюцца палавым шляхам. Гэта найперш праява клопату пра свайго партнэра, таму ня варта баяцца прызнацца і хаваць свае перажываньні ад блізкага чалавека. Гэта можа быць небясьпечна для вас абаіх.

Для прафіляктыкі інфэкцый, якія перадаюцца палавым шляхам, ня вынайдзена пакуль лепшага сродку, як прэзэрватыў. Калі ім правільна карыстацца і аддаваць перавагу тым вытворцам, якія ўжываюць якасны лятэкс і прадаюць сваю прадукцыю ў аптэцы, можна зьнізіць рызыку захворваньня на палавыя інфэкцыі амаль да нуля.

***

Тэма месяца: сэкс

Увесь сакавік на сайце — вынікі апошніх навуковых досьледаў , высновы і парады на тэму «здароўе і сэкс»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG