Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – адзін верш


Адам Глобус у дакумэнтальным фільме "Беларусь – адзін верш".

Адам Глобус у дакумэнтальным фільме "Беларусь – адзін верш".

На незалежным тэлеканале «Белсат», які вяшчае з Польшчы па-беларуску, паказаны 1-сэрыйны дакумэнтальны фільм пра паэтаў «Беларусь – адзін верш». Яго аўтары — чэскія дакумэнталісты — ўзяліся за стварэньне сэрыяла пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Дакумэнтальны цыкль «Беларусь – адзін верш» прадстаўляе як добра вядомых беларускіх паэтаў, такіх як Адам Глобус, Уладзімер Арлоў або Алесь Аркуш, так і маладое пакаленьне — Веру Бурлак, Віталя Рыжкова і Віктара Жыбуля.

Кожная зь 10 сэрый прадстаўляе аднаго з паэтаў. Галоўныя героі прыходзяць на свае любімыя месцы, дзе чытаюць ўласныя вершы і паэмы тых, чыя творчасьць аказала на іх уплыў. Яны распавядаюць аб ролі паэзіі ў жыцьці Беларусі і аб ролі палітыкі ў іх уласным жыцьці. Аўтары цыклю — рэжысёры Эрыка Гнікава і Радзім Прахазка, а таксама выдавец Пётар Мінаржык — узялі за аснову падобны сэрыял пра чэскіх паэтаў. Чаму чэхаў зацікавіла творчасьць беларускіх паэтаў, распавёў Пётар Мінаржык:

— Калі ў Беларусі ў канцы 2010 года адбыліся прэзыдэнцкія выбары, многія мае знаёмыя сачылі за тым, што адбываецца па тэлевізары і сымпатызавалі апазыцыянэрам, — тым, хто выйшаў на дэманстрацыю, каб выказаць сваю нязгоду з вынікамі галасаваньня. Я і мае калегі з выдавецтва «Ветрне млыны» думалі пра тое, што можна зрабіць у гэтай сытуацыі: падпісаць пэтыцыю, адправіць ліст у амбасаду ці нават самому Лукашэнку? Нам падалося гэта бессэнсоўным, таму што на гэтыя звароты ўсё роўна ніхто не адказвае, а іх адрасаты ставяцца да гэтага абыякава. Але ж зусім не абавязкова выказваць пратэст нейкімі зьвязанымі з палітыкай спосабамі. І мы вырашылі зьвярнуцца да таго, чым мы займаемся штодня — да літаратуры. Так нарадзілася ідэя прадставіць беларускіх паэтаў з дапамогай цыклю зь дзесяці фільмаў пад назвай «Беларусь – адзін верш».

Па словах выдаўца Пятра Мінаржыка, дакумэнтальны цыкль пра беларускіх паэтаў — спроба паказаць паўсядзённае жыцьцё беларусаў вачыма эўрапейцаў, а таксама магчымасьць прадставіць творчасьць беларускіх паэтаў за мяжой і прыцягнуць да яе ўвагу:

— Здымаць зь беларусамі фільм пра беларускую паэзію — гэта значыць гаварыць (тут я выкарыстоўваю мэтафару) аб дысыдэнцкім эспэранта. За межамі сельскай мясцовасьці на тых, хто размаўляе на беларускай мове, ва ўласнай краіне коса глядзяць. Мне гэта нават падавалася кур’ёзным, таму
. А вось беларусы зьдзіўляюцца, калі зь імі кажаш не па-расейску

што я навучыўся казаць «дзякуй» па-беларуску і калі хадзіў у краму, то заўсёды пасьля пакупкі прамаўляў гэта вывучанае слова. На гэта заўсёды дзіўна рэагавалі ... Калі я прыеду ў Нямеччыну і буду казаць немцам «danke», ні ў каго зь іх гэта не выклікае зьдзіўленьня. А вось беларусы зьдзіўляюцца, калі зь імі кажаш не па-расейску. З гэтай прычыны пры адборы ўдзельнікаў для дакумэнтальнага цыклю мы спыніліся на тых, хто піша па-беларуску. Шырокай публіцы аб іх вядома нашмат менш — бо тыя, хто пішуць па-расейску, як правіла, публікуюцца ў Расеі ...

— Вы ўзначальваеце выдавецтва, якое спэцыялізуецца на паэзіі. Ці зьбіраецеся вы перакласьці і выдаць зборнік вершаў удзельнікаў дакумэнтальнага цыклу?

— У Чэхіі цікавасьць да паэзіі нашмат менш, чым у Беларусі. Мне наогул здаецца, што чым далей на Захад, тым у большым выйгрышы аказваецца апавяданьне ці раман, а чым далей на Ўсход, тым больш цікавасьці да паэзіі. З гэтай прычыне мы не выдавалі і не зьбіраемся выдаваць беларускую паэзію, але вось апавяданьні некалькіх беларускіх аўтараў на чэскай мове выходзілі. Акрамя гэтага мы падрыхтавалі зборнік сучасных расейскіх аўтараў, якія пішуць апавяданьні ...

чым далей на Захад, тым у большым выйгрышы аказваецца апавяданьне ці раман, а чым далей на Ўсход, тым больш цікавасьці да паэзіі

Цыкл «Беларусь як верш» будзе паказаны ў адным з тэатраў гораду Брно, а для чэскага тэлебачаньня ствараецца поўнамэтражны дакумэнтальны фільм, прэм’ера якога адбудзецца восеньню гэтага года. Над яго стварэньнем працуе рэжысэр Радзім Прахазка, які распавёў, што пагадзіўся на здымкі, таму што яму было цікава параўнаць аўтарытарны рэжым у сучаснай Беларусі з тым, што ён памятае пра сваё жыцьцё ў Чэхаславаччыне пры сацыялізме:

— На першы погляд здаецца, што жыцьцё там і зараз ня моцна адрозьніваецца ад праскага: у крамах шмат тавараў, працуюць кафэ і рэстараны. Калі казаць пра палітыку, то адзін з галоўных беларускіх апазыцыйных рухаў мае ў Менску хоць і сьціплы, але ўласны офіс з бел-чырвона-белымі сьцягам на ўваходных дзьвярах. Складана ўявіць сабе
ў адрозьненьне ад чэхаславацкіх камуністаў, беларускі рэжым у меншай ступені надае ўвагу літаратуры

нешта такое ў Чэхаславаччыне да 1989 году, каб, скажам, рух «Хартыя-77» меў афіцыйную штаб-кватэру ... Рэжым Лукашэнкі ў пэўным сэнсе больш рафінаваны, нават я б сказаў постмадэрнісцкі. Лукашэнка можа даць волю ў нейкіх пэўных сфэрах жыцьця, але гэта не азначае, што ён мякчэй лідэраў часоў сацыялізму. Калі мы здымалі наш сэрыял, паэт і празаік Уладзімер Някляеў знаходзіўся пад хатнім арыштам. Чэхаславацкім дысыдэнтам складана было б прадставіць сытуацыю, калі ў іх дома пастаянна знаходзяцца два агенты КДБ, якія за імі бесперапынна сочаць і адказваюць на іх тэлефонныя званкі.

— Калі казаць пра літаратуру, пра паэзію, дзеля якой вы прыехалі ў Менск — якая роля ёй адведзена ў Беларусі?

— Я зьвярнуў увагу, што ў адрозьненьне ад чэхаславацкіх камуністаў, беларускі рэжым у меншай ступені надае ўвагу літаратуры. Мне здаецца, што літаратура жыве сваім уласным жыцьцём, верагодна таму, што не аказвае значнага ўплыву на грамадзтва. Напэўна, з-за гэтага Лукашэнка ёй не асабліва цікавіцца. Мне здаецца, што нават перасьлед Някляева ў большай ступені зьвязаны зь яго палітычнай, а не літаратурнай дзейнасьцю, з вылучэньнем яго кандыдатуры на выбарах...

Паводле рэжысёра Радзіма Прахазкі палітыка не была галоўнай тэмай задуманага дакумэнтальнага цыклю. Яна, вядома, зьяўляецца як у размовах з паэтамі, так і ў некаторых іх аповедах пра жыцьцё, але для аўтараў паэтычнай сэрыі было важна іншае: што паэзія жывая нават ва ўмовах несвабоды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG