Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў Аліна Радачынская і Вольга Чайчыц 28 сакавіка выкліканыя ў менскую гарадзкую пракуратуру. Ім уручылі пісьмовыя папярэджаньні за працу для замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі без акрэдытацыі. Журналісткі будуць аспрэчваць папярэджаньне пракуратуры.

Аліна Радачынская распавяла «Свабодзе», што гэтае папярэджаньне другое цягам году, бо раней яе папярэджвала Генпракуратура:

«Раней таксама папярэджвалі за супрацу зь не акрэдытаваным у Беларусі СМІ. Але было тры пункты, што мае матэрыялы выходзілі на „Белсаце“, што я нібыта здымала на судах на „працэсах 19-ці“, потым гэтыя матэрыялы зьявіліся ў сетцы „Белсату“. І яшчэ яны бачылі, як я брала інтэрвію ў Хадановіча. Гэтыя тры пункты былі ў мінулым папярэджаньні. А ў гэтым — праца на судзе Бяляцкага і зьяўленьне маіх відэасюжэтаў у навіннай праграме „Аб’ектыў“ на „Белсаце“. І напісалі, што я парушыла палажэньні пункта 4 артыкула 35 закону Рэспублікі Беларусь аб СМІ. Калі мінулы раз са мной неяк намагаліся памаралізатарстваваць,то на гэты раз проста выпісалі папярэджаньне, пажадалі посьпехаў і адпусьцілі. Я мяркую, што гэта ў шэрагу прафіляктычных папярэджаньняў».

Аналягічнае папярэджаньне пракуратуры ўручанае і Вользе Чайчыц. У ім гаворыцца, што Вольга, зьяўляючыся журналістам замежных СМІ, ажыцьцяўляе журналісцкую дзейнасьць без акрэдытацыі. 24 студзеня яна каля будынка менскага гарсуду «рабіла відэазапіс і інтэрвіюяваньне грамадзянаў, якія прысутнічалі на судовым пасяджэньні па разглядзе касацыйнай скаргі Алеся Бяляцкага». Таксама «факт супрацоўніцтва з замежнымі СМІ, у тым ліку з польскім тэлеканалам «Белсат», пацьвярджаецца выпускам відэасюжэту ў эфіры тэлеканалу «Белсат».

«Чалавек, як выклікаў мяне, запытаўся, ці працавала я 25-га на акцыі? Я на яго проста глянула. Бо гэта не па справе. Ён сказаў: „А-а, гэта ж ня вы“. Папрасіў нас прачытаць папярэджаньне і падпісацца. Мы будзем абскарджваць гэтае папярэджаньне, бо я ніякіх пагадненьняў зь „Белсатам“ не заключала, я не зьяўляюся афіцыйным карэспандэнтам „Белсату“. Справа ў тым, што зараз узмацніўся ціск як на палітычных дзеячаў, так і на журналістаў, якія паказваюць тое, што не паказвае дзяржаўнае тэлебачаньне. Такім чынам яны спрабуюць ці то запалохаць, ці то прымусіць, каб мы не прадстаўлялі інфармацыю. І тое, што я рабіла, я буду працягваць рабіць».

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Юрыст БАЖ Андрэй Бастунец, камэнтуючы дзеяньні пракуратуры, адзначыў: «Мы зноў бачым, што пракуратуры ў Гародні і ў Менску актывізавалі сваю дзейнасьць па перасьледу журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі мэдыямі. Мы бачым пашыраную трактоўку заканадаўства РБ, з аднаго боку. А з другога, абмежавальны падыход да самога паняцьця журналісцкай дзейнасьці і выключэньне дзейнасьці ў рэжыме фрыланс. Супрацоўніцтва зь іншымі СМІ, замежнымі ці беларускімі, выцякае з артыкула 19-га Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які згадвае пра права кожнага распаўсюджваць інфармацыю, ідэі незалежна ад дзяржаўных межаў. Менавіта зараз пайшоў ціск на журналістаў».

За гэты год органы пракуратуры вынесьлі ўжо восем пісьмовых папярэджаньняў журналістам. Апроч таго, у сьпіс невыязных за межы Беларусі ўлады ўнесьлі старшыню БАЖ Жану Літвіну, рэдактара «Нашай нівы» Андрэя Дынько і журналіста «Белсату» Міхаіла Янчука.
XS
SM
MD
LG