Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Прафсаюзны актывіст дамагаецца кампэнсацыі за звальненьне


Актывіст незалежнага прафсаюза работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Канстанцін Локцеў намагаецца праз суд спагнаць з раённай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі кампэнсацыю за, як ён заяўляе, перапрацоўку. Ягоны пазоў 2 красавіка разгледзіць Бабруйскі раённы суд.

Канстанцін Локцеў працаваў тэхнікам кацельнай у аздараўленчым лягеры «Мара», які належыць Бабруйскай раённай ЖКГ. Фармальная прычына звальненьня — прагул. Паводле дакумэнтаў, Локцеў не выйшаў на працу 17 студзеня. Загад пра звальненьне, як сьцьвярджае Локцеў, яму даслалі поштай 17 лютага.

«Я хачу атрымаць кампэнсацыю за сумяшчэньне прафэсіяў. Я рабіў тэхнікам кантрольна-вымяральнай прыбораў ды яшчэ выконваў функцыі электрыка. Акрамя таго я хачу, каб мне аплацілі працу за час, на працягу якога мяне звальнялі. Бо застаецца незразумелым які гэты час — звольнілі 17 студзеня, паведамілі 2 лютага, а загад даслалі толькі 17 лютага», — кажа Локцеў.

Ён лічыць, што звольнілі яго праз ягоную грамадзкую дзейнасьць — агітаваў сваіх калегаў, каб яны ўступалі ў незалежныя прафсаюзы. Акрамя таго Локцеў быў старшынём аргкамітэту па правядзеньні ў Бабруйску летась у кастрычніку «Народнага сходу». За яго актывіст адседзеў трое сутак адміністрацыйнага арышту.

Пасьля адсідкі, зазначае Локцеў, і пачалі праблемы на працы: «На працу прыходзілі супрацоўнікі КДБ. Пра гэта мне казаў майстар кацельнай. Гэта казалі і мае калегі. Некалькі разоў прыходзілі й пасьля гэтага й пачаліся „наезды“ на мяне».

У лягеры былое начальства Локцева адмаўляе, што звольнілі работніка з палітычных матываў. Заяўляюць, што ён не дысцыплінаваны працаўнік.
XS
SM
MD
LG