Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Каваленку пачынаюць карміць прымусова


«Віцьба-3», дзе трымаюць Сяргея Каваленку.

«Віцьба-3», дзе трымаюць Сяргея Каваленку.

«Сёньня мужа пачнуць прымусова карміць праз зонд і могуць гэтым яго забіць, бо яму патрэбны зусім іншы выхад з галадоўкі», — паведаміла «Свабодзе» жонка Сяргея Каваленкі пасьля спатканьня зь ім у калёніі «Віцьба-3» у другой палове дня 27 сакавіка. Пра тое, што яго неўзабаве пачнуць прымусова карміць, паведаміў ёй сам Сяргей Каваленка.

Паводле Алены Каваленкі, яшчэ тры дні таму муж важыў 48 кіляграмаў 900 грамаў. «Ён вельмі худы, скура ды косткі. Рукі сінія, вены абколатыя ад кропельніцы. Кажа, што ставілі адразу па дзьве бутэлькі фізраствору, і пасьля гэтага пачалі балець ныркі і пячонка. Яму вельмі холадна, бо тэмпэратура цела нізкая. Яму не дазволілі рабіць прамываньне страўніка, кажа, што пачалася атручэньне арганізму. Вельмі слабы. На этапе рэчы свае несьці ня мог, дапамагалі канваіры і вязьні. Доўга не маглі ўзяць аналіз крыві — кроў з пальца не ішла», — паведаміла Каваленка.

Сяргей Каваленка яшчэ раз нагадаў жонцы пра палітычны характар сваёй галадоўкі. «Ён падкрэсьліў, што ягоныя правы на ўсіх этапах парушалі, нават не давалі дакумэнтаў, каб ён мог абскардзіць прысуд», — кажа Алена Каваленка.

Сёньня ў шпіталі «Віцьба-3» Сяргея Каваленку агледзеў лекар-адмысловец. «Сяргей сказаў, што той паставіў яму дыягназ — анарэксія, гэта боязь патаўсьцець, але сам Сяргей з такім дыягназам ня згодны. Яшчэ доктар зазначыў, што Сяргей «паводзіць сябе адэкватна». «І ўсё ж муж не выключае, што яму пачнуць уводзіць псыхатропныя сродкі. Яго трэба тэрмінова ратаваць», — кажа Алена Каваленка.

Сяргея Каваленку трымаюць у асобным пакоі пад дадатковым наглядам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG