Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вулічныя акцыі апазыцыі: рытуал ці апэляцыя да грамадзтва?


Арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі правялі прэсавую канфэрэнцыю. Чаму вулічныя акцыі апазыцыя праводзіць у традыцыйным фармаце? На каго яны скіраваныя? Чаму на іх слаба рэагуе грамадзтва?

Удзельнікі: сустаршыня рады народных сходаў Віктар Івашкевіч і палітоляг Юры Чавусаў.

Традыцыйны фармат


Валер Карбалевіч: «Акцыя на Дзень Волі прайшла як звычайна. Збор каля Акадэміі навук, шэсьце да плошчы Бангалор, мітынг, невялікая колькасьць удзельнікаў. Звыклы, дзяжурны рытуал. Ужо рыхтуецца „Чарнобыльскі шлях“, які пройдзе ў тым жа фармаце. Як кажуць беларусы, можа, так і трэба? Ці нешта трэба мяняць?»

Віктар Івашкевіч: «Гэтым разам фармат ня быў звычайны. Раней усё рабілі арганізатары: афармленьне і іншае. А людзі былі пасіўнымі ўдзельнікамі гэтага дзейства. Гэтым разам актыўнасьць палітычных структураў была мінімальная. Арганізатары зьвярнуліся да людзей, каб тыя не чакалі правадыроў, а бралі адказнасьць на сябе. І гэта атрымалася. Цяпер людзі рыхтавалі і сьцягі, і транспаранты.

Тыя некалькі тысяч, якія выйшлі 25 сакавіка, — гэта людзі, якія адчулі сябе грамадзянамі, адчулі адказнасьць перад Бацькаўшчынай незалежна ад партыяў ці лідэраў. Гэта пачын для зьяўленьня шырокай народнай апазыцыі. Гэта ядро не фіктыўнай, а рэальнай, актыўнай грамадзянскай супольнасьці. І па колькасьці гэтая акцыя была самай масавай, можа, цягам апошніх 10 год сьвяткаваньня Дня Волі.

Важна, каб людзі не перакладалі адказнасьць на нейкія структуры, не крытыкавалі іх — маўляў, вы ўсё ня так робіце, — а бралі лёс краіны ў свае рукі. Напярэдадні Чарнобыльскага шляху я сёньня на прэсавай канфэрэнцыі таксама зьвярнуўся да грамадзтва: давайце свае прапановы. Можна праз мэдыі, праз Радыё Свабода».

Юрый Чавусаў: «Сапраўды, як ніколі быў заўважны крэатыўны элемэнт у самаарганізацыі. Плякатаў было так шмат, як не было з 1990-х гадоў. Але я скептычна стаўлюся да таго, што падобны фармат сьвяткаваньня можа стаць пачаткам нейкай новай плыні апазыцыі ці грамадзянскай супольнасьці.

Справа ў тым, што сам характар гэтага сьвята абумоўлівае і кола ўдзельнікаў, і межы, да якіх гэты фармат можа разьвівацца. Галоўная заслуга арганізатараў у тым, што яны дамагліся дазволу на правядзеньне легальнай акцыі. Гэта быў традыцыйны веснавы агляд апазыцыйных сілаў. Апазыцыя і грамадзянская супольнасьць паказалі, што яны жывыя, яны існуюць.

Ці будзе працэс разьвівацца на 26 красавіка, залежыць ад вонкавых чыньнікаў. Улады могуць аформіць дазвол на акцыю „Чарнобыльскі шлях“ такім чынам, каб большасьць удзельнікаў на яго не пагадзілася. Напрыклад, калі не дазволяць шэсьце, а дазволяць толькі збор каля каплічкі. Але пачатак палітычнай вясны дастаткова пазытыўны».

Склад удзельнікаў


Карбалевіч: «Склад удзельнікаў акцыі на Дзень Волі таксама быў традыцыйны. Гэта актывісты апазыцыі, штатныя ўдзельнікі ўсіх акцыяў. Дык гэта акцыя для сваіх, так бы мовіць, трэніроўка?»

Івашкевіч: «Не, я так не лічу. Арганізатарамі акцыі не былі зарэгістраваныя структуры. І склад удзельнікаў быў шырэйшы, чым на акцыях, якія ладзяцца партыйнымі структурамі. Я сустрэў на акцыі людзей, якія былі яшчэ ў страйкамах пачатку 1990-х гадоў, Народным фронце на пачатку яго існаваньня, але потым адышлі ад актыўнай грамадзка-палітычнай дзейнасьці. Але цяпер труба паклікала, і яны выйшлі. Шмат было непартыйнай моладзі. Бачыў сябраў КХП-БНФ, якім партыйнае кіраўніцтва забараніла ісьці на Бангалор».
Улады больш баяцца спантанных выступаў на прадпрыемствах, чым гэтых апазыцыйных акцыяў.

Чавусаў: «Большасьць удзельнікаў акцыі 24 сакавіка ўсё ж прыйшлі на гэтае сьвята не ўпершыню. Адбылася ўдалая мабілізацыя апазыцыяй свайго актыву. Зразумела, фармат сьвяткаваньня Дня Волі не вырашае стратэгічных пытаньняў. Гэта дазволенае ўладамі сьвята апазыцыі, грамадзкая літургія для пэўнай часткі насельніцтва. Дзень Волі — гэта рэзэрвацыя для пэўнай часткі грамадзтва. Гэтае сьвята выконвае тую ж функцыю, якую выконваюць апазыцыйныя партыі ў грамадзтве. Улады больш баяцца спантанных выступаў на прадпрыемствах, чым гэтых апазыцыйных акцыяў.

25 сакавіка ўлады разглядаюць як тэст на вызначэньне мабілізацыйных магчымасьцяў апазыцыі. І вынік такі: апазыцыя ёсьць, але яна слабая. Падазраю, што ўлады ацанілі колькасьць удзельнікаў акцыі як занадта вялікую, каб даваць такі ж дазвол на Чарнобыльскі шлях. Бо людзі глядзяць, што ўдзельнікаў не зьбівалі масава, не арыштоўвалі, акцыя прайшла мірна. Тады на другую прыходзіць болей людзей, а трэцяя можа адбыцца нават без дазволу ўладаў».

Чаму на іх слаба рэагуе грамадзтва?


Карбалевіч: «Можам канстатаваць, што грамадзяне на публічны пратэст не гатовыя. Людзі не прыйшлі на народныя сходы, каб пратэставаць супраць пагаршэньня сацыяльна-эканамічнага стану. Людзі ня выйшлі масава і на Дзень Волі, то бок у абарону каштоўнасьцяў. Сп. Івашкевіч, вы ўвесь час зьвяртаецеся да публікі зь нейкімі эмацыйнымі заклікамі. Але пакуль без асаблівага выніку. Чаму? Ці час ня той, ці словы ня тыя, ці выбраныя ня тыя каналы камунікацыі, ці няма даверу да таго, хто заклікае?»

Івашкевіч: «Я ня ведаю іншых прапаноў. Можна канстатаваць, што грамадзтва не гатовае да публічных пратэстаў. І што рабіць? Спаць, хавацца ў бульбу ці зьяжджаць з краіны? Крытыкі не прапануюць, што рабіць. Каб навучыцца плаваць, трэба лезьці ў ваду.
У дзясяткі ці сто разоў больш людзей, чым прышлі на акцыю, назіралі за ёй праз інтэрнэт.

У дзясяткі ці сто разоў больш людзей, чым прышлі на акцыю, назіралі за ёй праз інтэрнэт. Яны б і хацелі там быць, але не хапіла сьмеласьці, унутранай рашучасьці. Іх трэба штурхаць, будзіць. Трэба ім казаць, што ніхто за вас нічога ня зробіць. А я раблю, што магу. І калі крытыкуеце, то давайце канструктыўныя прапановы. Зрабіце лепш, чым я. Мой палітычны досьвед паказвае: тое, што немагчыма сёньня, ня значыць, што немагчыма заўтра. Як сьпявае «Машына часу»: «Кто вёсел не бросил, тот землю свою найдет».

Чавусаў: «Я б не казаў, што апазыцыйная дзейнасьць не дае ніякіх вынікаў. Нейкія прамежкавыя задачы апазыцыя вырашае. Яна аднавіла сябе пасьля таго „халакосту“, які адбыўся 19 сьнежня 2010 году, і пасьля гэтых падзей. А вось больш амбітныя задачы апазыцыя рашаць не гатовая. Напрыклад, апазыцыя ня можа вырашыць эканамічныя праблемы, якія стаяць перад краінай, яна можа толькі іх артыкуляваць. Апазыцыя выконвае функцыю біць у званы, а не тушыць пажар.

Праблема беларускага грамадзтва ў тым, што людзі імкнуцца вырашыць свае праблемы самі. Але няма супольнай дзейнасьці. І акцыя 25 сакавіка — мабілізуючая для апазыцыйнай палітычнай супольнасьці, але мала заўважная для грамадзтва ў цэлым».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG