Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці пакараюць гомельскую міліцыю?


Уладзімер Няпомняшчых у судзе.

Уладзімер Няпомняшчых у судзе.

27 сакавіка ў Цэнтральным раённым судзе Гомеля пачалося слуханьне пазову грамадзкага актывіста Ўладзімера Няпомняшчых да Цэнтральнага райаддзелу міліцыі.

Актывіст патрабуе спагнаць зь міліцыі 9 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды — за фальшаваньне супраць яго ў кастрычніку мінулага году адміністрацыйнай справы пра дробнае хуліганства й за незаконны арышт амаль на трое сутак.

Супрацоўнікі Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Гомеля затрымалі Ўладзімера Няпомняшчых летась 7 кастрычніка на праспэкце Леніна і яшчэ да суду арыштавалі. Ён расклейваў абвесткі да Народнага сходу. Супраць актывіста склалі пратакол за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў і праз суд пакаралі штрафам.

Расклейваньня налепак спадар Няпомняшчых не адмаўляў і са штрафам пагадзіўся. Але пазьней высьветлілася, што існуе яшчэ адзін пратакол — пра дробнае хуліганства, складзены на падставе рапарту маёра Амельчанкі.

Апэратыўнік сьцьвярджаў, што пры затрыманьні актывіст брыдка лаяўся, размахваў рукамі, чым парушаў грамадзкі парадак. Уладзімера аштрафавалі другі раз, але гэты штраф ён аспрэчыў. Справу ўрэшце спынілі за недаказанасьцю віны, бо ніхто іншы, апрача Амельчанкі, той лаянкі ня чуў — ні міліцэйскі кіроўца, ні экспэрт, ні дазнаўца.



Цяпер Няпомняшчых дамагаецца кампэнсацыі маральнай шкоды за амаль трое сутак, праведзеныя за кратамі ізалятара.

«Я падаў пазоў, і ён сёньня разглядаўся, пра кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 9 мільёнаў рублёў».

Судзьдзя Ірына Кавалевіч выклікала ў суд дадатковых адказчыкаў — прадстаўнікоў абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкаму й рэгіянальнай фінансавай управы Міністэрства фінансаў, бо на папярэднім слуханьні маёр Уладзіслаў Шукель з Цэнтральнага райаддзелу міліцыі сьцьвярджаў, што аддзел самастойна не распараджаецца фінансамі й ня можа ў прынцыпе выплачваць нейкую кампэнсацыю.

Падчас судовага слуханьня прадстаўніца абласной міліцыі Валянціна Радзівонава пазоў не прызнала. Яна заявіла, што ніякай пастановы на арышт Уладзімера Няпомняшчых не было, і што міліцэйская ўправа нібыта наагул ня можа выплачваць нейкія грашовыя кампэнсацыі. Гэта павінна рабіць дзяржаўнае казначэйства, бо міліцыянты дзейнічаюць ад імя дзяржавы. Апрача таго, паводле загаду міністра № 232, раённым аддзелам міліцыі нададзены статус юрыдычных асобаў — яны маюць свае рахункі й пячаткі.

Прысутны ў судзе юрыст рэгіянальнай фінансавай управы Сяргей Захарчанка лічыць, што Міністэрства фінансаў таксама ня можа адказваць грашыма казначэйства за дзеяньні міліцыі, і з гэтай прычыны фінансавая ўправа — не належны адказчык. Такім адказчыкам мусіць выступаць Міністэрства ўнутраных спраў:

«Я так лічу, што распараджальнікам бюджэтных сродкаў у гэтай сыстэме зьяўляецца Міністэрства ўнутраных спраў — на ўзроўні рэспубліканскага бюджэту. У яго функцыі ўваходзіць разьмеркаваньне каштарысаў для падначаленых органаў».

Пасьля перапынку й знаёмства з дастаўленым у суд загадам міністра пра наданьне райаддзелам міліцыі статусу юрыдычных асобаў судзьдзя Кавалевіч вырашыла выклікаць у якасьці адказчыка прадстаўніка Міністэрства ўнутраных спраў. Разгляд пазову актывіста перанесены на 12 красавіка. У суд у якасьці адказчыкаў мусяць зьявіцца й сёньняшнія прадстаўнікі міліцыі й фінансавай управы.
Яны займаюцца палітычным вышукам, а не вядуць барацьбу з сапраўднымі злачынцамі.

Гаворыць Уладзімер Няпомняшчых, грамадзкі актывіст, былы афіцэр міліцыі:

«Мне ў прынцыпе няма розьніцы, хто зь іх будзе адказваць. Мне галоўнае, каб кампэнсавалі маральную шкоду — за тое, што я бяз дай прычыны праседзеў амаль трое сутак за кратамі. Я б яшчэ пагадзіўся й на тое, каб супрацоўнікаў міліцыі Шукеля, Зура й Пархоменку пасадзілі на трое сутак. Я гатовы яшчэ пасядзець, але разам зь імі ў адной камэры».

Спадар Няпомняшчых кажа, што ягоны пазоў выкліканы тым, што міліцыя ў апошнія гады займаецца ня столькі барацьбой са злачынствамі, колькі перасьледам іншадумцаў:

"За васямнаццаць гадоў праўленьня нашага шматпаважанага — розум, гонар і сумленьне нашай эпохі — Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча яны сталі займацца не сваёй працай. Яны займаюцца палітычным вышукам, а не вядуць барацьбу з сапраўднымі злачынцамі. Таму ў іх атрафіруюцца і веды, і прыстойнасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG