Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэтэраны свае і чужыя


Сёньня адзначае 25-гадовы юбілей Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў. З гэтай нагоды Аляксандар Лукашэнка павіншаваў вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, узброеных сіл і праваахоўных органаў.

Пяць гадоў таму ў Беларусі зьявілася грамадзкая ініцыятыва па стварэньні альтэрнатыўнага грамадзкага аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў «Наша пакаленьне». Яго афіцыйная рэгістрацыя не адбылася і да цяперашняга часу.

Першае паседжаньне аргкамітэту па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў адбылося ў жніўні 2007 года. Старшыня аргкамітэта Тацьцяна Зялко паведаміла, што на працягу 2008-2010 гадоў Міністэрства юстыцыі двойчы адмовіла ў рэгістрацыі грамадзкаму аб’яднаньню «Наша пакаленьне»:

«Нашу арганізацыю не рэгіструюць, таму што мы маем іншае стаўленьне да таго, што навязвае дзяржава».

Тацьцяна Зялко кажа, што цяпер вэтэраны рыхтуюцца да чарговай спробы рэгістрацыі:

«Мы зараз узмоцнена рыхтуем зьезд і для гэтага плянуем сустрэцца з кожным, хто будзе прымаць у ім удзел: узяць інтэрвію, запісаць, надрукаваць фота. Таму што ў мінулы раз так атрымалася, што ў Міністэрстве юстыцыі нам адмовілі ў рэгістрацыі з-за таго, што на ўстаноўчым сходзе не было аднаго з тых, хто падпісваў дакумэнты. І хаця газэта „Народная воля“ літаральна на другі дзень надрукавала здымак гэтага дэлегата ў залі, дзе праходзіў зьезд, але ў выніку доўгіх спрэчак, нам усе ж адмовілі ў рэгістрацыі…»

У ініцыятыўную групу ўваходзяць актыўныя пэнсіянэры з 26 населеных пунктаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Адзін зь іх — Мікалай Чарнавус з Баранавічаў:
Мы цяпер падзеленыя на два лягеры. Для ўлады ёсьць «белыя» й «чорныя». Мы — «чорныя».

«Мы цяпер падзеленыя на два лягеры. Для ўлады ёсьць «белыя» й «чорныя». Мы — «чорныя». А яны, да прыкладу, прыходзяць у гарвыканкам, як у родны дом. А мяне могуць і «папрасіць» адтуль. А некага зь іх чыноўнікі вітаюць радасна: «Вэтэран прыйшоў!»

Намесьнік старшыні сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы, сацыяльнай абароне, справам вэтэранаў і інвалідаў Зінаіда Мандроўская не змагла пакамэнтаваць сытуацыю «Нашым пакаленьнем», але яна перакананая, што ў асяродзьдзі беларускіх пэнсіянэраў пануе згода і дабрабыт:

«Больш зваротаў вэтэранаў дакладна ня стала. Увогуле, і падставаў для гэтага няма. Таму што з ростам заработнай платы, да прыкладу, у бюджэтнай сфэры якраз пэнсійная сыстэма забясьпечыла больш-менш абарону вэтэранаў матэрыяльнымі сродкамі…»

Паводле Міністэрства статыстыкі і аналізу, пэнсіянэраў у Беларусі — больш за 25% усяго насельніцтва краіны. Больш як 590 000 пэнсіянэраў — адзінокія людзі, 570 000 — інваліды, 72 500 — вэтэраны Вялікай Айчыннай вайны.

У Беларусі існуе тры віды пэнсій — працоўная, па ўзросьце й сацыяльная. Паводле перапісу насельніцтва ў 2009-м годзе, сярэдняя працягласьць жыцьця ў Беларусі склала 70,5 гадоў. У мужчын гэты паказчык не перавысіў 64,7 года, у жанчын — 75,6.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG