Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары горада Бяроза на Берасьцейшчыне мала ведаюць пра санкцыі Эўразьвязу, накладзеныя на мясцовы камбінат сылікатных вырабаў, які належыць бізнэсоўцу Юрыю Чыжу. На прадпрыемстве ад камэнтароў устрымліваюцца.

ААТ «Бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў» належыць групе кампаніяў «Трайпл» бізнэсоўца Юрыя Чыжа. Як паведамляе сайт прадпрыемства, рэканструкцыя, праведзеная кампаніяй «Трайпл» у 2008 годзе, дазволіла наладзіць тут вытворчасьць прадукцыі, якая адпавядае ўсясьветным стандартам. 23 сакавіка камбінат трапіў у пералік кампаніяў, на якія накладзеныя санкцыі Эўразьвязу.

Дырэктар камбінату Віктар Грышчук пераконвае, што санкцыі Эўразьвязу не адаб’юцца на простых працоўных:

«Думаю, што не. Але болей не задавайце пытаньняў. Ёсьць у мяне генэральны, няхай вырашае ўсе гэтыя пытаньні…»

Ад далейшых камэнтароў спадар Грышчук адмовіўся.

Жыхарка Бярозы Валянціна, сын якой працуе на камбінаце сылікатных вырабаў, кажа, што тут санкцыі Эўразьвязу мала хто абмяркоўвае, бо і бяз санкцыяў камбінат перажывае не найлепшыя часы:

«У яго даўгоў вырасла да 50 мільярдаў. Хоць калі Чыж яго купляў, было 3 мільярды прыбытку. І гэты завод мог выйсьці самастойна на прыбытковы шлях. Але, на жаль, не атрымалася… Зімой увогуле «мёртвы сэзон» для рэалізацыі сылікатных блёкаў. Прычына і ў тым, што будаўніцтва таксама замарожана. Не даюць у банках крэдытаў, і людзі ня могуць будавацца. Таму тэрыторыя прадпрыемства ўжо застаўленая гатовымі блёкамі. Цэх па вырабе пліткі прастаяў два месяцы… Ну, а цяпер, пасьля эканамічных санкцыяў, становішча яшчэ можа пагоршыцца. А ў Бярозе знайсьці працу вельмі цяжка».
XS
SM
MD
LG