Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі Эўразьвязу закранулі шэраг прыватных прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць нафту і гандлююць нафтапрадуктамі. У іх ліку – нафтавыя кампаніі бізнэсоўцаў Юрыя Чыжа і Анатоля Тарнаўскага, якія трапілі ў «чорны сьпіс» па падазрэньні ў фінансаваньні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ці насамрэч эўрапейцам удасца спыніць нафтавы экспарт кампаніяў, набліжаных да афіцыйнага Менску?

Зь пяці кампаній Юрыя Чыжа, якія займаюцца імпартам расейскай нафты, перапрацоўкай сыравіны на мясцовых НПЗ і экспартам нафтапрадуктаў за мяжу, пад абмежаваньні трапілі дзьве – «Трайпл» і «НафтаХімТрэйдынг». Таксама ў сьпісе дзьве фірмы Анатоля Тарнаўскага, якія займаюцца перапрацоўкай нафты і рэалізацыяй бэнзінаў і дызпаліва – «Юнівест-М» і "Юніс Ойл". У ніводным з офісаў не ўдакладнілі, ці будуць зробленыя нейкія крокі, каб аспрэчыць рашэньне Рады Эўразьвязу. Гаворыць прадстаўнік «НафтаХімТрэйдынгу»:

«Справа ў тым, што сёньня няма на месцы дырэктара, таму ніхто па гэтым пытаньні з вамі размаўляць, скажам так, не кампэтэнтны. Такія пытаньні камэнтуе толькі кіраўніцтва».

На сайце «Трайпла» пазначана, што за апошні час у Беларусь пастаўлена на перапрацоўку некалькі мільёнаў тон нафты, што дазволіла выйсьці на лідэрскія пазыцыі сярод беларускіх перапрацоўшчыкаў. Расейская нафта на давальчых умовах пастаўляецца ў Мазыр і Наваполацак, пасьля чаго ідзе на экспарт ці рэалізуецца ўнутры краіны. У 2009 годзе ў Менску пачала працаваць першая аўтазалівачная станцыя «Трайпл», цяпер сетка трайплаўскіх АЗС існуе па ўсёй Беларусі.

Мала чым саступаюць «Трайплу» нафтатрэйдэры Анатоля Тарнаўскага – за апошнія гады ягоныя структуры занялі вядучыя пазыцыі ў нафтавым бізнэсе. Асноўныя рынкі збыту нафтапрадуктаў – Літва, Латвія, Польшча. Нягледзячы на фінансавы крызіс у Беларусі, цягам мінулага году аб'ёмы паставак імкліва расьлі. Памежны трафік сьведчыць: калі параўноўваць зь леташнім студзенем, толькі ў Латвію экспарт павялічыўся ў грашовым выражэньні больш як на 100 мільёнаў даляраў.

Ці азначаюць санкцыі, што і Чыжу, і Тарнаўскаму прыйдзецца спыніць гэтыя пастаўкі? Адмыслоўцы мяркуюць, што ў гэтых бізнэсоўцаў ёсьць поле для манэўру. У прыватнасьці, у холдынгу Юрыя Чыжа, апроч «Трайпла» і «НафтаХімТрэйдынгу», нафтавым бізнэсам займаюцца кампаніі «Трайпл Энэрга», «Белнафтагаз» і «Неанафта». Наўрад ці будзе складана перанакіраваць таварныя і грашовыя плыні празь гэтыя фірмы, не ахопленыя санкцыямі.

Па-другое, ва ўмовах адкрытасьці расейскіх межаў беларускія нафтапрадукты могуць трапляць спажыўцам праз Расею. Такую схему перадусім можа скарыстаць Анатоль Тарнаўскі, які доўгі час займаўся бізнэсам у Расеі, быў віцэ-прэзыдэнтам кампаніі «Славнефть».

Эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка лічыць, што адсачыць беларускія нафтапрадукты ў агульным патоку будзе досыць складана:

«На мой погляд, рэалізаваць гэтыя санкцыі даволі складана з той простай прычыны, што каналаў збыту нафтапрадуктаў вельмі шмат. Плюс нашы плыні не такія ўжо магутныя, і яны вельмі лёгка могуць згубіцца ў шматлікіх плынях увогуле. Адпаведна, іх цяжка будзе адсачыць тым, хто гэтыя санкцыі ўвёў. Гэтыя плыні могуць быць накіраваныя праз расейскіх трэйдэраў, праз трэйдэраў трэціх краін, таму мне здаецца, што нейкі сур'ёзны эфэкт ад гэтых санкцыяў малаверагодны. Калі экспартэры паставяць такую мэту, то яны не пацярпяць. Гэта складаны рынак, шматканальны, таму наўрад ці трэба чакаць для гэтых кампаніяў адчувальных наступстваў».

Як кажа эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка, у любым выпадку ўлады не дадуць ў крыўду набліжаных да сябе алігархаў:

«Яны блізкія да тых, хто ва ўладзе, яны аблашчаныя ўладай. Ім усе карты ў рукі, ім ствараюць выгодныя ўмовы для бізнэсу, накіроўваюць празь іх стратэгічныя плыні – фінансавыя, таварныя плыні. Яны з усяго гэтага здымаюць сваю маржу. Усё проста робіцца. Цяжка сказаць, у чыю кішэню ідуць асноўныя прыбыткі. Адзінае, што падаткі, здаецца, трапляюць у дзяржаўны бюджэт. І вось гэтыя кампаніі – адны з самых буйных падаткаплатнікаў і ў Менску, і ў Беларусі. Штосьці, відаць, краіна і народ з гэтага мае. А ўжо куды ідуць сродкі, якія здымаюць акцыянэры як свой прыбытак, гэтага ніхто, пэўна, не раскажа дакладна».

Тым часам прадстаўнікі канцэрну «Белнафтахім» заявілі, што з-за пашырэньня санкцыяў Эўразьвязу нельга выключаць падвышэньня коштаў на аўтамабільнае паліва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG