Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каваленку прывезьлі ў «Віцьбу-3». Жонцы дазволілі спатканьне


Галадоўніка Сяргея Каваленку прывезьлі ў калёнію «Віцьба-3». Пра гэта Алене Каваленцы, жонцы палітвязьня, паведамілі ў Віцебскім абласным судзе, дзе ёй далі дазвол на спатканьне з мужам сёньня, 27 сакавіка.

Пра гэта «Свабодзе» паведаміў намесьнік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі, які апякуецца Сяргеем Каваленкам.

«Алена пазваніла, што мае ўжо дазвол на спатканьне і едзе ў калёнію, каб неадкладна пабачыць Сяргея. Такім чынам, зьвесткі пра яго будуць пазьней», — сказаў Юрась Беленькі.

Паводле супрацоўнікаў менскага ізалятара на вуліцы Валадарскага, Сяргея Каваленку этапавалі ў «Віцьбу-3» у ноч на 26 сакавіка. Дзяжурны Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС запэўніў раніцай 27 сакавіка, што Каваленку прывязуць у калёнію Віцьба-3 «у блізкім часе».

Сяргей Каваленка да этапаваньня трымаў галадоўку пратэсту супроць незаконнага, як ён лічыць, прысуду.

Актывіста КХП БНФ пакаралі зьняволеньнем на 2 гады і месяц за парушэньне рэжыму адбыцьця «хатняй хіміі» пасьля таго, як ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на ёлцы ў Віцебску.
XS
SM
MD
LG