Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: Пашырэньня базы невыязных з палітычных матываў не было


Ніякага істотнага пашырэньня сьпісу грамадзян Беларусі, якім абмежаваны выезд з краіны, не было, заявіў намесьнік начальніка Дэпартамэнту ў справах грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Юрый Лянчэўскі.

«Законам аб уезьдзе і выезьдзе ўсе выпадкі дакладна прапісаныя, каму можа быць абмежаваны выезд. Ніякага пашырэньня, у сувязі з новымі палітычнымі і іншымі матывамі, не было», — сказаў прадстаўнік МУС.

«Ніхто грамадзянам, якім выезд з краіны абмежаваны, апавяшчэньняў не накіроўвае (...) Грамадзяне маюць права зьвярнуцца ў нашы падразьдзяленьні. На дзень звароту яму могуць даць даведку, ці ёсьць на яго інфармацыя ў базе дадзеных або няма. Але гэта не зьяўляецца індульгенцыяй, каб перасекчы мяжу. Пакуль чалавек дасягае мяжы, зьвесткі могуць паступіць, а памежнікі кіруюцца выключна электронным банкам дадзеных, а не даведкамі», — патлумачыў Лянчэўскі ў часе наўпроставай лініі ў Інтэрфаксе.

Адказваючы на пытаньне, ці магчымае памылковае ўнясеньне ў банк дадзеных, да прыкладу, 40-гадовых грамадзянаў, якія нібыта ўхіляюцца ад прызыву, Лянчэўскі прызнаў, што «бывае чалавечы фактар, калі памылкова ўнесьлі зьвесткі».

«Непрыемна, вядома, людзі нясуць маральную і матэрыяльную шкоду. Гэта індывідуальныя выпадкі, досыць рэдкія. Мы разьбіраемся па кожным канкрэтным выпадку», — паведаміў намесьнік начальніка Дэпартамэнту ў справах грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі.

У розныя дні зь Беларусі не змаглі апошнім часам выехаць: палітыкі — Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін, Віктар Карняенка, Станіслаў Шушкевіч, Вінцук Вячорка, Валеры Ўхналёў, Леў Марголін; праваабаронцы — Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Бандарэнка, Гары Паганяйла, Алег Воўчак; журналісты — Жана Літвіна, Міхаіл Янчук, Андрэй Дынько.
XS
SM
MD
LG