Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падслуханая гутарка: пра што Абама казаў Мядзьведзеву


Рэспубліканцы патрабуюць ад прэзыдэнта ЗША Барака Абамы патлумачыць ягоную рэмарку у гутарцы з Дзьмітрыем Мядзьведзевым аб тым, што пасьля выбараў у яго будзе «больш прасторы для манэўраў».

Гаворка ідзе пра перамовы двух кіраўнікоў дзяржаў на саміце ў Сэуле аб разьмяшчэньні элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе, адным з ключавых момантаў ва ўзаемаадносінах Масквы і Вашынгтону.

Па выніках сустрэчы Мядзьведзеў заявіў, што для расейска-амэрыканскіх дачыненьняў апошнія тры гады сталі найлепшым за мінулае дзесяцігодзьдзе.

Ён таксама дадаў, што ў ЗША і Расеі яшчэ ёсьць час для таго, каб дамовіцца па пытаньні аб разьмяшчэньні элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе, паведамляе ВВС.

«Рэальная павестка» Абамы

У заўвазе, якую Абама зрабіў пры ўключаным мікрафоне, чуваць, што ён кажа Мядзьведзеву пра маючыя адбыцца цяжкія для яго выбары. У сувязі з чым, тлумачыць амэрыканскі прэзыдэнт, у яго ня так шмат магчымасьцяў ўлічыць усе пажаданьні Масквы ў сувязі з разгортваньнем амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе.

Размова адбылася пры канцы перамоваў Абамы і Мядзьведзева — у той момант, калі ў пакой пусьцілі журналістаў і ў абодвух прэзыдэнтаў былі ўключаныя мікрафоны.

Размова Абамы і Мядзьведзева

Абама: Па ўсіх гэтых пытаньнях, але ў асаблівасьці, што тычыцца СРА, гэта, гэта можа быць вырашана, але важна, каб ён даў мне прастору для манэўраў.

Мядзьведзеў: Так, я разумею. Я разумею вашы словы пра прастору. Прастора для вас...

Абама: Гэта мае апошнія выбары. Пасьля выбараў у мяне будзе больш прасторы для манэўраў.

Мядзьведзеў: Я разумею. Я перадам гэтую інфармацыю Уладзімеру.



Гэтыя словы дзейнага прэзыдэнта ЗША і кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратаў на маючых адбыцца выбарах выклікалі рэзкую рэакцыю рэспубліканцаў.

«Прэзыдэнт Абама даў сыгнал, што ён гатовы саступіць Расеі па пытаньнях СРА, але амэрыканцы маюць права ведаць, у якіх яшчэ сфэрах ён будзе адчуваць сябе „больш свабодна“ падчас свайго другога тэрміну», — заявіў супернік Абамы па прэзыдэнцкай гонцы Міт Ромні.

«Павышэньне падаткаў, павелічэньне выдаткаў бюджэту і рост даўгоў — усе гэтыя пытаньні адкладзеныя ў доўгую скрыню, пакуль Абама знаходзіцца ў Белым доме, нягледзячы на ўсе яго публічныя дэклярацыі. Прэзыдэнт Абама павінен сумленна расказаць амэрыканскаму народу аб сваёй рэальнай павестцы», — сказаў Ромні, дадаўшы, што дзейны прэзыдэнт павінен растлумачыць сваю пазыцыю па пытаньнях СРА, а таксама супрацоўніцтву з Ізраілем і пазыцыі па Ірану.

«Што яшчэ прэзыдэнт абяцае, панізіўшы голас?» — напісаў у Twitter Брэндан Бак, прэс-сакратар сьпікера Кангрэсу, рэспубліканца Джона Бэнэра.

Што яшчэ прэзыдэнт абяцае, панізіўшы голас?

А яго паплечнік па партыі Майк Тэрнэр, які ўзначальвае падкамітэт па стратэгічным сілам камітэту па справах узброеных сілаў, напісаў афіцыйны запыт, запатрабаваўшы ад Абамы «тэрміновых тлумачэньняў (яго) камэнтароў».

Паводле Тэрнэра, раней Кангрэс «абсалютна ясна даў зразумець вашай адміністрацыі і іншым краінам, што ён будзе перашкаджаць любым спробам аслабіць СРА ЗША».

Расейскі бок пакуль не пракамэнтаваў гэты скандал.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG