Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане пачаўся суд аб непарадках у Жанаэзэне


27 сакавіка пачаліся судовыя слуханьні па справе аб непарадках у казахстанскім горадзе Жанаэзэне. Летась у сьнежні міліцыянты тут адкрылі агонь па страйкоўцам рабочым-нафтавікам, у выніку чаго як найменей 15 чалавек былі забітыя і дзясяткі параненыя.

Суд абвешчаны адкрытым, аднак, па дадзеных Радыё Свабода, ён адбудзецца ў будынку на ўскрайку гораду. Судовая заля ўмяшчае ня больш за 50 чалавек, тады як па справе праходзяць 37 чалавек, якіх будуць абараняць столькі ж адвакатаў.

24 сакавіка некалькі соцень чалавек узялі ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ў Алма-Аце, прымеркаваным да ста дзён ад пачатку непарадкаў у Жанаэзэне. Сытуацыю камэнтуе карэспандэнт «Свабоды» Казіс Тагузбаеў:

— Асноўная маса насельніцтва тут ніяк не рэагуе на маючы адбыцца судовы працэс. Вялікі рэзананс гэта справа выклікала толькі ў асяродку інтэлігенцыі, тых людзей, якія чытаюць газэты, глядзяць навіны ў інтэрнэце і гэтак далей. Мітынгі з асуджэньнем дзеяньняў уладаў, вядома, праходзяць, але яны вельмі малалікія. У Алма-Аце, дзе пражывае 1,5 млн. чалавек, нядаўна сабралася каля тысячы чалавек, у іншых рэгіёнах Казахстану і таго менш.

— Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі надаюць нейкую ўвагу гэтаму працэсу? Можа, рыхтуюць грамадзкую думку да яго?

— Я б так не сказаў. Апазыцыйныя грамадзкія дзеячы здабылі сьпісы затрыманых асобаў, якія, праўдападобна, будуць асуджаныя, але гэты факт, вядома, не агалошваецца шырока. Тыя людзі, якія лічаць сябе апазыцыяй, грамадзкія актывісты і гэтак далей, яшчэ на стадыі расьсьледаваньня — калі толькі пачалі заводзіць крымінальныя справы — патрабавалі правядзеньня адкрытых судовых працэсаў. Але справа ў тым, што сьледзтва вяло КДБ, і таму яно было настолькі закрытым, што адвакаты давалі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва. І да гэтага часу яшчэ дакладна нікому нічога не вядома пра сутнасьць выстаўленых абвінавачаньняў.

— Ці ёсць хоць нейкі шанец, што хтосьці з абвінавачаных на судзе па справе аб непарадках у Жанаэзэне будзе апраўданы?

— Не магу рабіць ніякіх высноваў. Вядома, што нядаўна з-пад варты былі вызваленыя юрыст незалежнага прафсаюзу нафтавікоў Натальля Сакалова і рэдактар апазыцыйнай газэты «Взгляд» Ігар Віняўскі. З чаго можна зрабіць выснову, што афіцыйная Астана, такім чынам, выявіла некаторую велікадушнасьць, як выглядае, небескарысьліва. Пазьней гэта дасьць ёй усе маральныя падставы для таго, каб пасадзіць непажаданых.

— Ці чакаецца пакараньне тых, хто задушыў гэтыя выступы ў Жанаэзэне?

— Да крымінальнай адказнасьці прыцягнутыя некалькі міліцыянтаў і іх кіраўнікоў мясцовага ўзроўню. Але людзей, якія адсочваюць гэты працэс, абураюць як мінімум дзьве акалічнасьці. Першае — гэта тое, што гэтыя людзі, праўдападобна, знаходзяцца на свабодзе, у адрозьненьне ад тых нафтавікоў ці прадстаўнікоў апазыцыі, якім выстаўленыя абвінавачваньні. І другое, што да адказнасьці прыцягваюцца людзі мясцовага, рэгіянальнага значэньня. Шматлікія апазыцыйныя палітыкі лічаць, што вінаватых трэба шукаць на ўзроўні міністра ўнутраных справаў, ня менш.
XS
SM
MD
LG