Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмяротныя прысуды – у 20 краінах сьвету


Паводле праваабарончай арганізацыі Amnesty International, летась выканалі ня менш за 676 сьмяротных прысудаў у 20 з агульнага ліку 198 краінаў сьвету. А лік вязьняў, асуджаных на сьмяротнае пакараньне, пад канец 2011 году наблізіўся да 19 тысяч чалавек.

Аднак гэтая змрочная статыстыка не ўключае Кітаю, які такія зьвесткі хавае ад сусьветнай грамадзкасьці. Як мяркуецца, колькасьць выкананых сьмяротных прысудаў у Кітаі штогод вымяраецца тысячамі.

У сваім штогадовым дакладзе аб выконваньні кары сьмерці Amnesty International адзначае, што летась сьмерцю каралі за такія злачынствы як блудадзейства і садамія ў Іране, блюзьнерства ў Пакістане, чараўніцтва ў Савудаўскай Арабіі, кантрабанду чалавечых касьцей у Рэспубліцы Конга ды за правапарушэньні, зьвязаныя з наркотыкамі, у 10 іншых краінах.

Сьмяротныя прысуды выконваліся шляхам сьсяканьня галавы, вешаньня, сьмяротнай ін’екцыі і расстрэлу.

Найбольш сьмяротных прысудаў у мінулым годзе, паводле праваабаронцаў Amnesty International, выканалі ў Іране (ня менш за 360), Савудаўскай Арабіі (ня менш за 82), Іраку (ня менш за 68), ЗША (43) і Емэне (ня менш за 41).

У Беларусі улады летась выканалі два сьмяротныя прысуды, расстраляўшы гарадзенцаў Андрэя Бурдыку і Алега Грышкаўцова. Іх асудзілі за забойства трох чалавек падчас рабунку кватэры ў 2009 годзе. Расстрэл адбыўся, як адзначае Amnesty International, нягледзячы на просьбу Камітэту ў правах чалавека ААН адкласьці выкананьне прысуду да часу разгляду Камітэтам скаргі на прысуд з боку асуджаных.

абставіны гэтага выкананьня ў Беларусі асабліва бязьлітасныя — як для эўрапейскай краіны

Даклад Amnesty International таксама згадвае пра засьцярогі Камітэту супраць катаваньняў ААН адносна выкананьня сьмяротных прысудаў у Беларусі, адзначаючы «сакрэтнасьць і самавольства, якое акружае асуджаных на сьмерць, уключна з паведамленьнямі пра тое, што сем’і асуджаных на сьмерць інфармуюць аб выкананьні прысуду празь некалькі дзён або і тыдняў пасьля выкананьня, сем’ям не даюць магчымасьці апошняга спатканьня з асуджаным, не выдаюць ім цела пакаранага і не паведамляюць ім аб месцы пахаваньня».

Ян Вэцэл, дарадца Amnesty International у пытаньнях сьмяротнага пакараньня ў сьвеце, пракамэнтаваў нашаму радыё сытуацыю ў Беларусі наступным чынам:

«Па колькасьці сьмяротных пакараньняў краіну нельга параўнаць, скажам, з Іранам ці Кітаем, бо Беларусь наагул выконвае два сьмяротныя прысуды на год. Аднак абставіны гэтага выкананьня ў Беларусі асабліва бязьлітасныя — як для эўрапейскай краіны, калі можна так сказаць».

У сьнежні 2011 году прадстаўнікам Amnesty International ды беларускіх праваабарончых арганізацый «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт улады краіны не дазволілі перадаць прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку пэтыцыю з 250 тысячамі подпісаў за спыненьне выкананьня сьмяротных прысудаў у Беларусі, адзначаецца ў дакладзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG