Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелы на «Пінскдрэве»: «За сьмерць 14 людзей — 4 гады піянэрлягеру»


За выбух на «Пінскдрэве» асуджаныя тры чалавекі. Аднак пацярпелыя не пагаджаюцца з рашэньнем абласнога суду Берасьця і будуць яго абскарджваць.

Па выніках суду былы галоўны інжынэр «Пінскдрэва» Ўладзімер Шастакоў атрымаў 4 гады пазбаўленьня волі. Галоўны інжынэр «Пінскдрэў-ДСП» Ігар Логвін асуджаны на 3 гады калёніі. Дырэктар заводу «Пінскдрэў-ДСП» Леанід Логвін атрымаў 4 гады ўмоўнага тэрміну. Акрамя гэтага, усіх асуджаных пазбавілі права займаць кіраўнічыя пасады цягам 5 гадоў.

Такое рашэньне прыняла калегія Берасьцейскага абласнога суду аб выбуху на «Пінскдрэве», які здарыўся ў 2010 годзе.

Шмат хто з пацярпелых не пагаджаецца з рашэньнем суду. Алег Сьмірноў пасьля выбуху трапіў у рэанімацыю, цяпер ён інвалід. Ён кажа, што рашэньне суду надта мяккае:

«Я, і многія пацярпелыя, ня згодны з рашэньнем суду. Будзем абскарджваць у вышэйстаячыя інстанцыі. За сьмерць 14 людзей гэта не пакараньне — 3 і 4 гады піянэрскага лягеру. Я думаю, яны заслугоўваюць большага».

26 сакавіка Алег Сьмірноў езьдзіў у Берасьцейскі абласны суд, каб атрымаць копію выраку. Ён рыхтуецца падаваць касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд.

Спадар Сьмірноў кажа, што ён незадаволены і аб’ёмам кампэнсацыі. Ён прасіў 300 мільёнаў, а прысудзілі толькі 20:

«Суд пастанавіў сваякам загінулых выплаціць па 30 мільёнаў, пацярпелым зь цяжкімі цялеснымі пашкоджаньнямі — па 20 мільёнаў, і пацярпелым, якім нанесьлі менш цяжкія пашкоджаньні, — па 10 мільёнаў».

Алег Сьмірноў кажа, што шкода ягонаму здароўю нанесеная нашмат большая, чым узровень гэтай кампэнсацыі:

«Я знаходзіўся на лячэньні практычна паўгода. Два месяцы — у рэанімацыі, два месяцы — у апёкавым аддзяленьні, потым рэабілітацыя. У дадзены момант я інвалід другой групы. Будуць плястычныя апэрацыі яшчэ...»

Адрозна ад пацярпелых, некаторыя рабочыя «Пінскдрэву» кажуць, што пакараньне панесьлі ня тыя асобы. Гаворыць рабочы Сяргей:

«Іх віна зусім невялікая. Усё гэта паходзіла ад галоўнага кіраўніцтва. Яны пешкі ў гэтай справе. Усё ішло ад кіраўніка галоўнага — ад генэральнага».

Нагадаем, што былы гендырэктар прадпрыемства Ларан Арыніч пазьбег пакараньня. Падчас сьледзтва ён уцёк за мяжу.

Выбух на заводзе ДСП «Пінскдрэў» здарыўся 25 кастрычніка 2010 году. Двое рабочых загінулі на месцы, яшчэ 12 памерлі ад ранаў у лякарнях Пінску, Берасьця і Менску. Пяцёра засталіся інвалідамі.
XS
SM
MD
LG