Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра новую зьяву беларускай рэальнасьці – «чорныя сьпісы» невыязных – палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка піша ў сваім Жывым Журнале:

«Што ж, наступіць час, калі мы, невыязныя, першымі атрымаем новыя пашпарты з Пагоняй...

Схадзіў я зноў у г. зв. АГіМ РУУС Савецкага р-ну. Ветлівая ст. інспэктар маёр Іна Дзяковіч выдала мне даведку, што я невыязны, бо яшчэ 5 сакавіка мне выставілі нейкі грамадзянскі пазоў у судзе. Пра гэта паведаміла Міністэрства юстыцыі.

Асаблівасьць маіх прыгодаў у параўнаньні зь іншымі – у тым, што я хадзіў у той самы АГіМ раней, 13 сакавіка, праз тыдзень пасьля містычнага 5 сакавіка, калі адначасова розным людзям выставілі судовыя пазовы, позвы ў войска, прышылі справы пра банкруцтва і г. д. Інспэктар Іна Арэх была выдала мне тады даведку аб бязгрэшнасьці. Я разважыў, што каб быў грэшны (а грэх чыніцца толькі 5 сакавіка!), то інфармацыя пра гэта неяк дапаўзла б за тыдзень да АГіМа – нават звычайнаю поштаю. І паехаў.

А трэцяй ночы ў вагон на берасьцейскай мяжы прыйшоў маёр, начальнік зьмены памежнікаў. Быў пакорліва-ветлівы, завёў да дзяжурнага вакзалу, каб кампэнсавалі што магчыма. На ўсе спробы спаслацца на даведку ад 13 сакавіка, на адзіную базу зьвестак адказваў адно: у мяне ўнутраная інструкцыя.

Высновы ў мяне такія. Па-першае, крэатыўныя аўтары ідэі жалезнае заслоны для нязгодных не парупіліся пра мінімальную каардынацыю з адпаведнымі ведамствамі. Схаваліся і падстаўляюць міліцыю, памежнікаў, Міністэрства абароны, Міністэрства юстыцыі.

Па-другое, яны ж не задбалі пра колькі-небудзь праўдападобныя легенды. Я тут нават не пра прызыў пяцідзесяцігадовых. Хоць бы даты розныя панапісвалі. А цяпер мы маем права зваць сябе сябрамі клюбу «5 Сакавіка».
XS
SM
MD
LG