Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька будзе судзіцца за тое, што яго ня выпусьцілі за мяжу


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зьвярнуўся ў суд з пазовам да МУС і Міністэрства юстыцыі.

«Палітык патрабуе прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у парушэньні яго канстытуцыйнага права на свабоду перамяшчэньня», — паведамляе сайт прыхільнікаў АГП.

«Наколькі я ведаю, пакуль што дзеяньне Канстытуцыі ў Беларусі не прыпынена. А з гэтага вынікае, што напісанае там павінна выконвацца на практыцы. І за свае правы трэба змагацца, выкарыстоўваючы ўсе магчымасьці, нават гэты суд», — заявіў Лябедзька.

7 сакавіка на памежным пераходзе «Каменны Лог» на беларуска-літоўскай мяжы памежнікі заявілі Лябедзьку: «Кампутар выдае, што вам забаронены выезд зь Беларусі».

«Мне аддалі пашпарт і талён, у якім стаіць штамп „анулявана“ права выезду і ўказана на вяртаньне ў РБ», — удакладніў палітык.

«Зь мяне пачаў дзейнічаць сьпіс палітычна невыязных», — адзначыў Лябедзька ў інтэрвію Інтэрфаксу.

У розныя дні зь Беларусі, акрамя Лябедзькі, не змаглі апошнім часам выехаць: палітыкі — Сяргей Калякін, Віктар Карняенка, Станіслаў Шушкевіч, Вінцук Вячорка, Валеры Ўхналёў, Леў Марголін; праваабаронцы — Алег Гулак, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Бандарэнка, Гары Паганяйла, Алег Воўчак; журналісты — Жана Літвіна, Міхаіл Янчук, Андрэй Дынько.
XS
SM
MD
LG