Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусі няма на саміце па ядзернай бясьпецы ў Сэуле


Лідэры ЗША і Кітаю Барак Абама і Ху Дзінтао на саміце ў Сэўле.

Лідэры ЗША і Кітаю Барак Абама і Ху Дзінтао на саміце ў Сэўле.

Больш за 50 кіраўнікоў краін сьвету сабраліся сёньня ў сталіцы Паўднёвай Карэі.

Саміт працягнецца два дні, галоўная тэма абмеркаваньня — як не дапусьціць, каб ядзерныя матэрыялы трапілі ў рукі тэрарыстаў. Прэзыдэнт ЗША Барак Абама абвясьціў пра намер паменшыць пагрозу ад ядзернай зброі ў сваёй прамове ў Празе ў 2009 годзе. Пасьля гэтага ў 2010 годзе ў Вашынгтоне прайшоў першы саміт па ядзернай бясьпецы.

Напярэдадні сэульскага саміту амэрыканскі кіраўнік выступіў з заявамі наконт ядзерных праграмаў Паўночнай Карэі і Ірану.
Абама падкрэсьліў, што Пхэньян нічога не даможацца пагрозамі і правакацыямі. Заява стала рэакцыяй на пляны КНДР запусьціць у красавіку на каляземную арбіту балістычную ракету. Прэзыдэнт ЗША таксама заклікаў Іран дзейнічаць тэрмінова, каб вырашыць спрэчку па іранскай ядзернай праграме. Амэрыканскі лідэр заявіў, што будзе дамагацца перамоваў з Расеяй па скарачэньні ня толькі стратэгічнай, але і тактычнай ядзернай зброі.

Напярэдадні саміту адбыліся перамовы кіраўніка ЗША з прэзыдэнтамі Расеі і Казахстану Дзьмітрыем Мядзьведзевым і Нурсултанам Назарбаевым.

Пасьля перамоваў Мядзьведзеў заявіў, што яшчэ ёсьць час для Расеі і ЗША вырашыць супярэчнасьці наконт плянаў ЗША стварыць у Эўропе сыстэму супрацьракетнай абароны. ЗША і НАТО кажуць, што гэты праект закліканы абараняць Эўразьвяз ад ракетнай атакі з боку такіх краін, як Іран. Расейскія прадстаўнікі перасьцерагаюць, што эўрапейская СПА можа стаць дастаткова магутнай, каб абясцэніць сілы ядзернага стрымліваньня Расеі.

Прэзыдэнт Абама выказаў падзяку прэзыдэнту Казахстану Назарбаеву за працу па абароне ядзерных матэрыялаў. Пры дапамозе ЗША Казахстан забясьпечыў ахову 13 тон высокаўзбагачанага ўрану і плютонію, якія дасталіся краіне ў спадчыну пасьля распаду СССР.
У сваім выступе з Сэуле Абама пахваліў Казахстан, Украіну і іншыя краіны за перадачу іх ядзерныя матэрыялы ў больш бясьпечныя месцы.

Беларусь на сэульскім саміце не прысутнічае. Напрыканцы 2010 году было падпісанае беларуска-амэрыканскае пагадненьне пра перадачу беларускіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану. Аднак у 2011 годзе Менск у аднабаковым парадку спыніў дзеяньне дамовы ў адказ на ўзмацненьне амэрыканскіх санкцый пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
XS
SM
MD
LG