Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адзначалі Дзень Волі беларусы замежжа.

Дзень Волі ў ЗША


25 сакавіка адбываюцца імпрэзы у беларускай царкве ў Брукліне (Нью-Ёрк): набажэнства і ўрачысты прыём.

У Нью-Джэрзі ў Garden State Ballroom гатэлю Hyatt Regency выступіць Лявон Вольскі, ансамбаль сям’і Казакоў, Сяржук Сокалаў-Воюш. Плянуецца выстава беларускіх мастакоў.

У Вашынгтоне беларусы плянуюць урачыстую імпрэзу з удзелам былога старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча у George Washington University.


У Празе маліліся, віншавалі, сьпявалі, чыталі і… нараджалі


У Празе маліліся за Беларусь: службу вёў айцец Андрусь Абламейка.

Віншавалі зь беларускім сьвятам. Гучалі словы прывітаньня старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

Сьпявалі за Беларусь. Спачатку гімны «Магутны Божа», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», а потым гурт «Босае сонца» выконваў свае песьні.

Чыталі за Беларусь. Адбылася прэзэнтацыя кнігі Ўладзімера Арлова «Пакуль ляціць страла» — гэта бліскучыя адказы на пытаньні слухачоў, якія гучалі на хвалях Свабоды. Цяпер гэтая кніга выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

У імпрэзе ўзялі ўдзел больш як 50 чалавек, старэйшая зь якіх — сябра легендарнага Саюзу беларускай моладзі Анастасія Булыга, якая даўно жыве ў Чэхіі, а таксама студэнты, госьці зь Беларусі, Аўстрыі, Расеі.

Адна ўдзельніца не змагла дабыць да канца сьвяткаваньня — яна цяжарная, і, здаецца, сёньня ў Празе можа зьявіцца яшчэ адзін беларус.


Дзень Волі ў Кіеве


На сьвяткаваньне ля помніка Ўладзімеру Караткевічу прыйшло каля 50 чалавек, сярод іх былі ня толькі беларусы, але і нямала ўкраінцаў. Побач зь беларускім сьцягам лунаў украінскі, а таксама — украінскага палітычнага аб’яднаньня «Свабода».

Тое, што на беларускім сьвяце прысутнічаюць ўкраінскія палітычныя сілы — заканамерна, кажа адзін з арганізатараў акцыі, сябра руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык: «Наша галоўная зброя — гэта салідарнасьць, мы павінны аб’ядноўвацца і мы ўдзячныя ўсім украінскім дзеячам, якія нас падтрымліваюць ня толькі на акцыях, але і ў Вярхоўнай Радзе Украіны. У нас добрыя адносіны з рознымі ўкраінскімі палітычнымі сіламі, і яны часта прыходзяць на нашы акцыі».

Адсьвяткаваць беларускі Дзень Волі прыйшлі і ўкраінскія культурныя дзеячы, сярод іх — бард, лідэр вядомага ва Ўкраіне рок-гурту «Цень Сонца» Сяргей Васілюк:

«Вы ведаеце, беларускія музыкі моцна паўплывалі на маю творчасьць. Вельмі люблю групу „Песьняры“ і хачу выканаць іх песьню».

«Мне вельмі прыемна, што ў беларусаў ёсьць такое сьвята, сьвята па старажытнай гісторыі, якая зьвязана яшчэ з абвяшчэньнем Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Вядома, я хачу, каб Беларусь была беларускай па зьмесьце, гэтак жа, як і Ўкраіна. Кожная нацыя мае права разьвіваць уласную культуру, уласныя патрыятычныя сьвяты. Жадаем гэтага беларусам, і самі ва Ўкраіне будзем за гэта змагацца ».
Сьвяткаваньне 94-га Дня Волі працягвалася ў Кіеве каля гадзіны. Акцыя адбылася мірна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG