Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі ў рэгіёнах

абноўлена

Дзень Волі ў рэгіёнах
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:51 0:00
Наўпроставы лінк

Дзень Волі ў рэгіёнах

Сьвяткавалі Дзень Волі і ў рэгіёнах Беларусі. Нягледзячы на тое, што напярэдадні прайшла хваля запалохваньня актывістаў, пагроз і затрыманьняў.

Гомельшчына


Каля сотні гараджанаў сабраліся ў Дзень Волі ў Гомелі на вуліцы Палескай, 52. Тут ладзілася трэцяя сэсія Народнага сходу, на якой прэзэнтавалі кампанію «За справядлівыя выбары».

Старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў павіншаваў прысутных са сьвятам беларускай незалежнасьці:

«Ня сёньня, дык заўтра Дзень Волі будзе дзяржаўным сьвятам, выходным днём. І Беларусь стане вольнай, незалежнай, дэмакратычнай краінай. Са сьвятам!»

Спадар Палякоў коратка апавёў пра гісторыю Народных сходаў у горадзе. Падчас дзьвюх папярэдніх сэсіяў былі сфармаваныя патрабаваньні да ўраду, а сёньняшняя, трэцяя сэсія прысьвячалася прэзэнтацыі кампаніі «За справядлівыя выбары». Яе прадставіў грамадзе каардынатар назіраньня за выбарамі ў рэгіёне Ўладзімер Кацора:

«Гомельская аб’яднаная апазыцыя распачынае кампанію „За справядлівыя выбары“. Гэта мінімальны фармат, дзе мы наважаны й будзем абавязкова ўдзельнічаць у так званых выбарах».
Выступае Ўладзімер Кацора
Выступае Ўладзімер Кацора

Удзельнікі сходу канстатавалі ў рэзалюцыі, што цяперашнія сацыяльна-эканамічныя праблемы выкліканыя непрадуманай, памылковай палітыкай аўтарытарнай улады. Таму на ўсіх этапах выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў будзе выкарыстоўвацца пасланьне да грамадзянаў Беларусі пра неабходнасьць дэмакратычных пераўтварэньняў, пра адсутнасьць у краіне справядлівых выбараў.

Да назіраньня за ходам галасаваньня апазыцыя прыцягвае новых валянтэраў, будзе імкнуцца зьмяніць практыку правядзеньня выбараў, дзе будуць немагчымыя фальшаваньні й падтасоўкі вынікаў.

Апазыцыя, паводле прамоўцы, стане ўдзельнічаць у выбарах толькі пры ўмове вызваленьня з турмаў усіх палітвязьняў, уключэньня ў выбарчыя камісіі сваіх прадстаўнікоў.
Уладзімер Кацора і Васіль Палякоў
Уладзімер Кацора і Васіль Палякоў

Некаторыя прысутныя на сходзе, найперш зь ліку тых, хто ўпершыню прыйшоў на Палескую, прапаноўвалі не байкатаваць выбары, а ўсе ж такі «прасоўваць» сваіх прадстаўнікоў у дэпутаты.

Спадар, які назваўся Георгіем: «Самы лепшы варыянт — знайсьці людзей „збоку“, якія спачуваюць, няхай яны й нэўтральныя. І вось гэтых людзей трэба „прапхнуць“ у дэпутаты. Але патрэбны ня простыя людзі, а тыя, хто з гэтым справіцца. А калі забайкатуеце выбары, зноў апазыцыі ня будзе чуваць».

На падобныя прапановы арганізатары сходу адказвалі: дэпутаты ў нас не выбіраюцца, яны прызначаюцца. Сьпісы іх улада мае ўжо да выбараў.

Паводле сьведчаньня арганізатараў, пасьля Народнага сходу ў назіральнікі запісалася каля двух дзясяткаў новых асобаў, якія да гэтага часу ня ўдзельнічалі ў выбарчых кампаніях.

Меншчына


Пра першае затрыманьне ў Дзень Волі паведаміў «Свабодзе» раніцай з Жодзіна актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Аляксандар Ваўчанін. На гадзіньніку была 10-я:

«Хвілін 30 таму ў Жодзіне на вуліцы міліцыянты затрымалі актывіста АГП Юрыя Сілкіна. Цяпер ён знаходзіцца ў мясцовым РАУС. А ўсе іншыя актывісты папярэджаныя».

У Барысаве з восьмай гадзіны раніцы невядомыя людзі ў цывільным цікавалі ля дома, дзе жыве сям’я кіраўніка Барысаўскай гарадзкой арганізацыі АГП Міхаіла Васільева.

У Бабры акцыю да Дня Волі зладзіў мастак Алесь Пушкін (відэа дасланае чытачамі нашага сайту)



У Слуцку актывісты ўпрыгожылі вуліцы бел-чырвона-белымі сьцяжкамі, паведаміла мясцовая актывістка Зінаіда Цімошчык:

«Гэта было на розных вуліцах — імя Леніна, імя Чэхава, імя Жукава, Сацыялістычнай, Віленскай... Тут масава зьявіліся намаляваныя бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Таксама на дрэвах з дапамогаю нейкіх прыстасаваньняў былі павешаныя такія ж сьцяжкі. Тым часам ля помніка Сафіі Слуцкай былі пастаўленыя букеты зь бел-чырвона-белых кветак і абвязаныя бел-чырвона-белай стужкай. Такі ж букет зьявіўся ля будынка краязнаўчага музэю. На мастах у Слуцку таксама былі павязаныя стужкі нацыянальнага колеру. А на рэчцы Случы было мясцовае ноў-хаў: плылі цацачныя караблікі зь пенаплясту зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі...»

Гарадзеншчына


Актывісты на Гарадзеншчыне адзначылі Дзень Волі ўскладаньнем кветак і вянкоў да магіл змагароў за Беларусь. А ў Слоніме правялі футбольны турнір у гонар 25 сакавіка.

Слонімскія актывісты наведалі вёску Парэчча, дзе ўсклалі вянкі да крыжа ў гонар Міхала Валовіча і 12 паўстанцаў. У мітынгу ўзялі ўдзел каля 30 чалавек, узгадалі тых, хто загінуў за незалежнасьць Беларусі. Пазьней у Слоніме прайшоў турнір па міні-футболе сярод камандаў трох партыяў: БНФ, АГП і БХД. Перамагла каманда БНФ.

Сваімі думкамі пра сьвята падзяліўся актывіст Іван Бедка: «У гэты дзень адчуваю толькі тое, што нам надалей даводзіцца сьвяткаваць падпольна, без дазволаў — нам жа забаранілі мітынг. Таму толькі дрэнны асадак застаецца з усяго таго, што адбываецца ў нашай краіне. Можна толькі спадзявацца, што мы вольна, адкрыта, без забаронаў будзем усё гэта праводзіць і сьвяткаваць. А пакуль ёсьць тое, што ёсьць...»

Сёньня ў Горадні грамадзкія актывісты — больш за дваццаць чалавек — сабраліся каля чыгуначнага вакзалу, на сьцяне якога памятная шыльда паўстанцам 1863 году ў выглядзе невялікай каплічкі. Да яе ўсклалі кветкі.

Сяргей Мальчык, старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ, павіншаваў сабраных з Днём Волі. Ён выказаў упэўненасьць, што надыдзе некалі час, калі гэта сьвята можна будзе адзначаць годна, на дзяржаўным узроўні. «А пакуль трэба трымацца, імкнуцца да таго, каб незалежнасьць Беларусі ўтрымалася», — сказаў Сяргей Мальчык.

Ад вакзалу сабраныя накіраваліся да аддзяленьня міліцыі «Цэнтар». Туды даставілі журналіста і гісторыка Ўладзімера Хільмановіча, які таксама зьбіраўся ўшанаваць памяць паўстанцаў 1863 году каля вакзалу.
Шыльда паўстанцам прымацаваная да сьцяны чыгуначнага вакзалу. Міліцыянты перапісалі пашпартныя дадзеныя журналіста Міколы Дзятчэні, папярэдзіўшы, што сам вакзал «здымаць нельга», бо гэта «стратэгічны аб’ект».
Шыльда паўстанцам прымацаваная да сьцяны чыгуначнага вакзалу. Міліцыянты перапісалі пашпартныя дадзеныя журналіста Міколы Дзятчэні, папярэдзіўшы, што сам вакзал «здымаць нельга», бо гэта «стратэгічны аб’ект».
З кветкамі да памятнай шыльды паўстанцам 1863 году, крайні справа — Сяргей Мальчык.
З кветкамі да памятнай шыльды паўстанцам 1863 году, крайні справа — Сяргей Мальчык.
25 сакавіка ахоўніца Гарадзенскага ўнівэрсытэту вырашыла пачысьціць бюст Янкі Купалы, ушанаваць памяць якога зьбіраліся грамадзкія актывісты.
25 сакавіка ахоўніца Гарадзенскага ўнівэрсытэту вырашыла пачысьціць бюст Янкі Купалы, ушанаваць памяць якога зьбіраліся грамадзкія актывісты.
Частка гарадзенскіх актывістаў накіравалася сёньня адзначаць Дзень Волі ў Менск.

Магілёўшчына


У Горках грамада апазыцыянэраў наведала магілу каліноўца-касінера Войцеха Дамарацкага. Ён загінуў 24 красавіка 1861 году падчас вызваленьня паўстанцамі Горак ад расейскіх войскаў. Памятны знак ваяру знаходзіцца на тэрыторыі сельскагаспадарчай акадэміі.
Ля памятнага знаку каліноўцу Войцеху Дамарацкаму.
Ля памятнага знаку каліноўцу Войцеху Дамарацкаму.
Прамаўляе кандыдат гістарычных навук Аляксандар Каданчык
Прамаўляе кандыдат гістарычных навук Аляксандар Каданчык
Удзельнік акцыі Ільля Заранок: «Каля дваццаці чалавек было. Прыйшлі зь белымі й чырвонымі гвазьдзікамі. Павіншавалі адзін аднаго. Усклалі кветкі. Былі невялікія прамовы. Сапраўды, ёсьць пэўная сувязь паміж паўстаньнем Кастуся Каліноўскага і сёньняшнім днём, бо менавіта яно заклала традыцыю змаганьня за незалежнасьць Беларусі. І дзякуючы яму паўстала незалежная Беларуская Народная Рэспубліка».

Сьвяткаваньне Дня Волі ў Магілёве абмежавалася вечарынай у грамадзкім цэнтры «Кола». Вечарыны таксама адбыліся ў Крычаве і Бялынічах.

Берасьцейшчына


«Калі моладзь шануе гэтае сьвята — 94-я ўгодкі, то яшчэ Жыве Беларусь! І дзякуй тым, хто паклаў сваё жыцьцё на гэтую працу», — такія словы сёньня гучалі падчас ушанаваньня памяці дзеячаў БНР у Берасьці.

Каля 40 чалавек прыйшлі 25 сакавіка да магілы дзеяча Беларускай Народнай Рэспублікі Адама Трыпуса на Трышынскім пагосьце. Людзі ўсклалі кветкі, запалілі зьнічкі, прыбралі магілу. Гісторыкі распавялі ара постаць Адама Трыпуса, пра іншых дзячаў БНР, зьвязаных зь Берасьцем.

Краязнаўца Ігар Бараноўскі адзначыў, што вялікае шчасьце, што адшукалі магілу Адама Трыпуса, дзе на 90-я ўгодкі БНР паставілі помнік:

«Удалося адшукаць магілу... Ужо іржавая шыльда была, на якой ледзь-ледзь можна было прачытаць, што там Трыпус быў пахаваны. Яшчэ пару гадоў, і мы не знайшлі б гэты помнік».
Ушанаваньне Адама Трыпуса.
Ушанаваньне Адама Трыпуса.
Помнік ахвярам палітычных рэпрэсій на Трышынскіх могілках
Помнік ахвярам палітычных рэпрэсій на Трышынскіх могілках
Пасьля мерапрыемстваў на Трышынскіх могілках актывісты Моладзі БНФ і «Дзедзіча» зладзілі гульню «БНР-Берасьце». Падчас яе ўдзельнікі шукалі па горадзе пэўныя пункты, а тыя, што хутчэй прыйшлі да фінішу, атрымалі падарункі. Такая гульня праходзіла ўпершыню ў Берасьці. Падчас яе ўдзельнікам спатрэбіліся веды з гісторыі БНР.

Пасьля гэтай гульні берасьцейскія прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці сабраліся на Вайсковых могілках, дзе ўшанавалі памяць жаўнераў генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.

На Вайсковых могілках
На Вайсковых могілках


Віцебшчына


У Віцебску з нагоды Дня Волі ўсклалі кветкі да мэмарыяльнай дошкі, прысьвечанай Васілю Быкаву, і да помніка Ўладзімеру Караткевічу.
Ля мэмарыяльнай дошкі, прысьвечанай Васілю Быкаву.
Ля мэмарыяльнай дошкі, прысьвечанай Васілю Быкаву.

Каля помніка Караткевічу гучалі ягоныя творы. Прысутныя згадвалі палітвязьняў, у тым ліку земляка Сяргея Каваленку, які трымае ў менскай турме доўгатэрміновую галадоўку.

Пра гэта ў кароткай прамове гаварыў каардынатар руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў:

«Мы ўспамінаем палітвязьняў, якія ў турмах пакутуюць за Беларусь. Успамінаем Сяргея Каваленку, які ў вязьніцы пакутуе за наш сьцяг, за нашу сымболіку. Жыве Беларусь!»
Ля помніка Караткевічу.
Ля помніка Караткевічу.
Адна з удзельніц сьвяткаваньня Тацяна Севярынец:

«Сабралася кола сяброў, якія заўсёды прыходзяць на гэтае сьвята, якія не баяцца ісьці пад пільным наглядам, у гэтым коле міліцыянтаў, якія ўсё здымаюць, каб потым нам „прад’явіць“, што гэта было несанкцыянаванае шэсьце, ці мітынг, ці яшчэ нешта... Ну што зробіш, калі мы жывем у такіх умовах! Але душу ж не зламаць, мову беларускую — ня выкрасьліць, пачуцьцё любові да Радзімы не змарнаваць! Таму, як бы там ні было — а гэта сьвята!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG