Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка ў Менску і рэгіёнах прайшлі акцыі з нагоды ўгодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.


21.30 Дзень Волі ў Празе


20.18 «Сёньняшняя акцыя прайшла дастаткова годна»


19.30 Затрыманага ў Горадні Ўладзімера Хільмановіча выпусьцілі з пастарунку, узяўшы ў яго тлумачэньні. Ён быў адным з заяўнікаў на мітынг 25 сакавіка ў Горадні, які ўлады не дазволілі.

Ля чыгуначнага вакзалу, дзе ўскладаліся кветкі да памятнай шыльды паўстанцам 1863 году, часова быў затрыманы сябра БСДГ Андрэй Ермашук. Міліцыянты выпісалі яму штраф нібыта за няправільную паркоўку машыны на плошчы перад вакзалам.

Актывісты сёньня ўсклалі кветкі таксама да памятнай шыльды паўстанцам Тадэвуша Касьцюшкі на Новым замку і да будынку на вуліцы Віленскай, зьвязанаму зь дзейнасьцю ўраду БНР у Горадні ў 1918 годзе.


19.13 Дзень Волі ў Кіеве, Празе і Нью-Ёрку


19.00 Дзень Волі ў рэгіёнах


17.44 На Свабоду даслалі відэа з Бабра, дзе акцыю да Дня Волі зладзіў мастак Алесь Пушкін.




17.24 Дзень Волі ў Літве








16.10 У Горадні затрыманы правабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які накіроўваўся на чыгуначны вакзал, дзе знаходзіцца памятная шыльда ў выглядзе капліцы, прысьвечаная паўстанцам 1863 году. Там ужо сабраліся каля двух дзясяткаў акіывістаў. Непадалёк вакзала бачны міліцэйскі аўтазак.

15.55 Мітынг завершыўся. Людзі паціху разыходзяцца. Плошчу пакінулі арганізатары акцыі. На пляцоўцы прыбіраюць агароджы. Акцыя скончаная.





15.50 Слова ўзяў Уладзімер Колас, які падзякаваў людзям, што прыйшлі на сьвяткаваньне Дня Волі, нягледзячы на кепскае надвор’е. Ён выказаў спадзяваньне, што надыдзе час, калі Дзень Волі стане галоўным сьвятам у краіне.

Выступіў Генадзь Фядыніч. Сьпявае бард з Гомеля Андрэй Мельнікаў.

Дзень Волі ў рэгіёнах


Глядзецьвялікую мапу


15.40 На мітынгу выступілі лідэр Руху «За Свабоду!» Аляксандар Мілінкевіч, Віктар Карняенка, Віктар Івашкевіч. Ва ўсіх выступах гучыць тэма выбараў. Перад мітынгоўцамі зьявілася расьцяжка з надпісам «Байкот» і партрэтам Лукашэнкі, якія перакрэсьленыя.



15.35 Выступае Уладзімер Халіп, які сказаў, што Беларуь стала краінаў зэкаў, толькі ў ягонай сям’і двое палітзьняволеных, дачка Ірына адседзела ў вязьніцы 3 месяцы, а зяць, экс-кандыдат у прэзыдэнты сядзіць дагэтуль, Спадар Халіп узгадаў усіх палітвязьняў, і асабліва Сяргея Каваленку, жыцьцё якога ў небясьпецы.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаў занепакоенасьць эканамічным станам Беларусі.

15.31 Гук вельмі слабы, бо выступоўцы карыстаюцца мэгафонам.


15.30 На мітынгу выступіла жонка Каваленкі Алена, якую народ вітаў аплядысмэнтамі. Яна зьвярнулася да Лукашэнкі, каб выпусьціў яе мужа з турмы

«Віншую вас з гэтым вялікім сьвятам, зычу нам усяго найлепшага. Нашай краіне быць насамрэч незалежнай. Я хачу зьвярнуцца да нашай улады, да Аляксандра Лукашэнкі, каб ён праявіў хрысьціянскую міласэрнасьць і вызваліў палітвязьняў і ў тым ліку майго мужа Сяргея Каваленку, якія зараз вельмі пакутуюць у вязьніцах. Якія пакутуюць за нас, за нашу гісторыю, за наш сьвяты бел-чырвона-белы сьцяг, за нашу незалежнасьць. Жыве Беларусь!»


Сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч заўважыў, што пра зялёна-чырвоны сьцяг ня створана ніводнай песьні, а бел-чырвона-белы сьцяг узгадваецца ў многіх творах. І прасьпяваў адну з такіх песень.

15.20 Выступіў сустаршыня аргкамітэту мастак Аляксей Марачкін, які зачытаў зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. Івонка Сурвіла ўзгадала пра лёс палітвязьня Сяргей Каваленкі.

15.15 Магілёў. Ад 9.30 да 15 гадзінаў пад вокнамі журналіста кампаніі Белапан Алеся Асіпцова стаяла службовая аўто з супрацоўнікамі міліцыі спэцыяльнага прызначэньня. Час ад час яны ад'яжджалі. Потым вярталіся на сваё месца.

15.13 Мітынг распачынае Ўладзімер Колас. Чутнасьць не вельмі добрая з-за моцнага дажджу. Уладзіме Колас падкрэсьліў у сваім вытупе, што гэта адно з найвялікшых сьвятаў, і прыйдзе час, калі яно будзе сьвяткавацца годна.

15.07 У Магілёве сёньня не адбылося традыцыйнага ўскладаньня кветак да будынка абласнога краязнаўчага музэю, у якім ў 1918 годзе грамадзкасьць гораду прызнала ўладу БНР. Паводле кіраўніка абласной арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва ад акцыі адмовіліся, каб не было затрыманьняў.

Як сьцьвярджае спадар Салаўёў яго самаго пільнавалі двое невядомых асобаў ля пад’езду. На савецкай плошчы знаходзіўся пост супрацоўнікаў ДАІ. Патрулявалі яе і супрацоўнікі міліцыі спэцыяльнага прызначэньня. Дзень волі ў Магілёве адзначаюць вечарынай у грамадзкім цэнтры «Кола».



15.04 Машыну з гукаўзмацняльнай машыный затрымалі нібыта для праверкі, яна знаходзіцца ў Савецкім РУУС. Арганізатары кажуць, што ўлады парушылі дамоўленасьці. Выступоўцы на мітынгу будуць вымушаныя карыстацца мэгафонам.

15.01 Горкі. Грамада апазыцыянэраў наведала магілу каліноўцу-касынэру Войцеху Дамарацкаму. Ён загінуў 24 красавіка 1861 году падчас вызваленьня паўстанцамі Горак ад ад расейскай улады.

«Каля дваццаці чалавек было. Прыйшлі зь белымі й чырвонымі гвазьдзікамі. Павіншавалі адзін аднаго. Усклалі кветкі. Былі невялікія прамовы. Сапраўды ёсьць пэўная сувязь паміж паўстаньнем Кастуся Каліноўскага зь сёньняшнім днём, бо менавіта яно заклала традыцыю змаганьня за незалежнасьць Беларусі. І дзякуючы яму паўстала незалежная Беларуская народная Рэспубліка», зазначыў удзельнік акцыі Ільля Заранок

15.00 Антвэрпэн, Бэльгія. Офіс Беларускай палітычнай эміграцыі разам зь сябрамі зь Беларускага цэнтру і Pax Christi Vlaanderen правялі 23 сакавіка беларускую вечарыну, прысьвечаную Дню Волі.

Яна адбылася ў грамадзка-культурным цэнтры Антвэрпэну. Гасьцям паказалі фотавыставу «Сем’і палітвязняў» і два дакумэнтальныя фільмы: Мэт'ю Чарлза і Хуана Пасарэлі "Апошні дыктатар Эўропы" і Каці Кібальчыч «Беларуская мара».


14.57 Баранавічы. На Дзень Волі мінакам чыталі вершы Уладзімера Някляева да 94-х угодкаў БНР і дарылі паштоўкі. Грамадскія актывісты ўсклалі кветкі на магілы змагароў за незалежнасць Беларусі: Усевалада Караля, Пятра Рашэтніка, Тафіліі і Янкі Дудкаў, Алеся Пікулы, Аркадзія Блінкоўскага, Сяргея Андрушчанкі і іншых.

Бел-чырвона-белыя кветкі былі ўскладзены ля Крыжа сталінскіх ахвяраў.
Пасьля гэтага грамадзкія актывісты чыталі ў маладым парку горада мінакам вершы Уладзіміра Някляева з кнігі «Лісты да волі». Калі слухачы згадвалі прозвішча аўтара кнігі, то атрымоўвалі ў падарунак каляровыя паштоўкі з нагоды 94-х угодккаў БНР ці зборнік вершаў паэта. Падчас мерапрыемства затрыманьняў ня было.


14.55 Машыны з гукаўзмацняльнай апаратурай ў парку Дружбы народаў няма, Уладзімер Колас кажа, што ўлады парушаюць дамоўленасьці: няма гукаўзмацняльнай машыны і на апошніх скрыжаваньнях калёну не прапускалі на чырвонае сьвятло.

У парку Дружбы народаў - Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка, Юры Хадыка.

14.53 Віцебск. Усклалі кветкі да мэмарыяльнай дошкі, прысьвечанай Васілю Быкаву, і да помніка Ўладзімеру Караткевічу. Запалілі белыя і чырвоныя сьвечкі. Невялікае шэсьце праходзіла пад пільным кантролем супрацоўнікаў міліцыі. Здымалі імпрэзу некалькі міліцыянтаў-відэаапэратараў. Але толькі аднойчы яны зьвярнуліся непасрэдна да ўдзельнікаў акцыі — калі сябар партыі БНФ Уладзіслаў Токараў разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг. Да яго падышоў намесьнік начальніка аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС аблвыканкаму падпалкоўнік Андрэй Іваноў і заявіў, што кваліфікуе гэта як выкарыстаньне забароненай сымболікі. Аднак абышлося без затрыманьняў.



14.50 Галава калёны дайшла да парку Дружбы народаў. Зараз людзі проходзяць праз турнікеты, іх правяраюць мэталяшукальнікамі. Па агароджанай тэрыторыі едзе аўтазак. Каля сцэны замацаваны вялікі бе-чырвона-белы сьцяг.

На месцы правядзеньня мітынгу зьявіліся прадстаўнікі ЛГТБ-руху са сваімі сьцягамі-вясёлкамі.


Фота з фэйсбуку Tima Dranchuk

14.30 Затрыманы каля опэрнага тэатру актывіст аргкамітэта па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Вадзім Кабанчук знаходзіцца ў РУУС Цэнтральнага раёна сталіцы. Пра гэта паведамляе прэсавая служба БХД.
Як паведаміў Кабанчук па тэлефоне, міліцыянты нічога не тлумачаць яму і апісваюць рэчы, якія знаходзіліся ў аўтамабілі ў момант яго затрыманьня.


14.20 Адзін з дэманстрантаў, які назваўся Анатолем, прыйшоў у галаву калёны з плякатам «Свабоду паміраючаму Сяргею Каваленку» з ягонымі фотаздымкамі і ідзе наперадзе.


14.17 Зьявілася інфармацыя, што гукаўзмацняльную машыну не прапускаюць на плошчу Бангалор. Віктар Івашкевіч падышоў да намесьніка начальніка міліцыі Ігара Яўсеева, той паабяцаў разабрацца.



14.16 Калёна ісьце па ходніках, але ёй дазваляюць на скрыжаваньнях на чырвонае сьвятло. Паводле Уладзімера Коласа, ў калёне ідзе каля 2,5 тысяч чалавек.

14.15 Гарадзеншчына. Актывісты ТБМ і партыі БНФ зь Ліды і Бярозаўкі ўсклалі кветкі да магілаў дзеячаў Беларускай незалежніцкай партыі. Усяго на лідзкіх могілках шэсьць такіх пахаваньняў. Затым ушанавалі магілу генэрала Кіпрыяна Кандратовіча, міністра ўраду БНР, якая знаходзіцца ў Воранаве. На яго магіле ўсклалі вянок і запалілі зьнічы.

14.05 Міліцыянты спынілі рух і прапусьцілі калёну праз скрыжаваньне вуліцы Сурганава з праспэктам Незалежнасьці па праезнай частцы. Ідзе дождж.

14.00 Берасьце Берасьцейцы ўшанавалі памяць мясцовага дзеяча БНР Адама Трыпуса, пахаванага на Трышынскіх могілках у абласным цэнтры. Каля 40 чалавек прыйшлі на могілкі, усклалі кветкі да магілы Трыпуса, да помніка ахвярам палітычных рэпрэсіяў савецкага часу.

Пасьля акцыі патрыятычная моладзь распачала гульню «БНР-Берасьце»: удзельнікі, падзяліўшыся на каманды, шукаюць пэўныя пункты ў горадзе.
Гульня скончыцца а 15.30 на вайсковых могілках Берасьця, дзе пахаваныя жаўнеры генэрала Станіслава Булак-Балаховіча.

14.00 Калёна пачала рух, людзі скандуюць лёзунгі, нясць расьцяжкі, лёзунгі, партрэты палітзьняволеных. Сярод удзельнікаў шэсьця шмат вядомых людзей, палітыкаў, грамадзкіх актывістаў. Прыйшла таксама і жонка палітвязьня Сяргея Каваленкі Алена, яна ідзе са сьцягам і плякатам у абарону Сяргея Каваленкі. Уладзімер Колас запэўнівае, што шэсьце і мітынг дазволеныя.

13.58 Слонім Слонімскія актывісты адзначылі Дзень Волі ўшанаваньнем памяці паўстанцаў на могілках у вёсцы Парэчча. Да крыжа ў гонар Міхала Валовіча і 12 паўстанцаў сёньня ўсклалі вянкі зь бел-чырвона-белымі кветкамі і правялі кароткі мітынг, узгадаўшы пра тых, хто загінуў за незалежнасьць Беларусі. На мітынг сабралася каля 30 чалавек. Увесь час падзею здымалі на камэру людзі ў цывільным.

Цяпер у Слоніме адбываецца футбольны турнір у гонар 25 сакавіка, у якім бяруць удзел тры каманды: партыяў БНФ, АГП і БХД.

13.55 У Менску затрыманы актывіст аргкамітэта па стварэньні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Вадзім Кабанчук. Як паведамляе прэс-служба БХД, каля опэрнага тэатру міліцыянты спынілі аўтамабіль, якім кіраваў Кабанчук і затрымалі яго. За машынай людзі ў цывільным сачылі яшчэ пры выездзе з двара, дзе знаходзіцца офіс БХД, аднак спынілі яе толькі каля опэрнага тэатру.Актывісты БХД, якія знаходзіліся ў машыне, зьбеглі ад міліцыі. У аўтамабілі знаходзіліся матэрыялы і расьцяжка. Месцазнаходжаньне затрыманага Кабанчука невядомае.

13.50 Уладзімер Колас абвесьціў, што зараз будзе шыхтавацца калёна, працуюць дружыньнікі. Дружыньнікамі кіруе Віктар Івашкевіч. Маладафронтаўцы заявілі, што ня пойдуць на плошчу Бангалор.

13.50 Людзі праходзяць праз пільны нагляд міліцыянтаў з мэталяшукальнікамі — даглядаюцца сумкі, кішэні. Пускаюць ня ўсіх, і людзі моцна абураюцца, маўляў, яны прыйшлі сьвяткаваць, а ім псуюць настрой.



13.45 На прыступках зьявілася расьцяжка «Свабоду Бандарэнку!» Маладафронтаўцы апранулі майкі з надпісамі «Свабоду Дашкевічу!» і «Свабоду Лобаву!»

13.42 Пяць сяброў КХП-БНФ на чале з намесьнікам старшыні партыі Юрасём Беленькім а 13-й гадзіне прынесьлі букет кветак і ліст зь віншаваньнямі для Сяргея Каваленкі з нагоды Дня Волі. Супрацоўнікі адміністрацыі «Валадаркі» пасьля шматлікіх званкоў усё ж такі адчынілі дзьверы і паразмаўлялі з прадстаўнікамі партыі, але не дазволілі перадаць кветкі і ліст. Букет актывісты пакінулі на лаўцы перад ізалятарам.

Юрась Беленькі сказаў, што «Сяргей Каваленка — гэта гонар нацыі. Мы і зараз ганарымся гэтым чалавекам і заўсёды будзем ганарыцца ім і такімі, як ён. Ён нам дэманструе, як трэба змагацца за вольную, незалежную Беларусь».

13.40 Уладзімер Колас паведаміў, што аднаго чалавека з гукаўзмацняльнікам не прапусьцілі на месца збору. Але там ёсьць два мэгафоны. А на пляцоўку ў парку Дружбы народаў замоўлена гукаўзмацняльная машына.

13.34 Частка людзей выстраілася на прыступках Акадэміі навук з расьцяжкай «Свабоду Саньнікаву». Арганізатары акцыі абвесьцілі, што шэсьце пачнецца а 14-й гадзіне.

13.30 На вуліцы Дарашэвіча стаяць два аўтазакі і чатыры аўтобусы са спэцназам міліцыі.

13.28 Людзі выходзяць на станцыі мэтро «Плошча Якуба Коласа» і арганізавана ідуць ў накірунку да Акадэміі навук. На плошчы Якуба Коласа шмат супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным з відэакамэрамі.

На месцы збору зьявіліся Аляксей Марачкін, Віталь Рымашэўскі, Віктар Карняенка.

13.25 Праз агароджу на месца збору не прапусьцілі людзей з плякатамі з надпіса мі: «Лукашэнка — гэта тупік», «Дзе мае 500 даляраў?» «Свабода палітвязьням!»

13.20 Цягнікі на станцыі мэтро «Акадэмія навук» не спыняюцца.

13.15 Слуцак. Тутэйшыя масты, агароджы, а таксама дрэвы й нават вулічныя кветнікі ўпрыгожаныя яркімі бел-чырвона-белымі сьцяжкамі. Па рэчышчы Случы ў межах гораду гойдаюцца на хвалях невялікія караблікі, якія таксама ўпрыгожаныя нацыянальнымі сымбалямі БНР. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла слуцкая дэмакратычная актывістка Зінаіда Цімошчык.
Асноўная колькасьць мясцовых дэмакратычных актывістаў загадзя выехалі са Слуцка на дазволеныя ўладамі сьвяточныя мерапрыемствы ў Менску.


13.10 На пляцоўцы каля Акадэміі навук сабралася прыкладна 500 чалавек. Шмат супроўнікаў спэцслужбаў у цывільным. Лунае каля дзесятка бел-чырвона-белых сьцягоў. Ёсьць і сьцягі «Эўрапейскай Беларусі».



У раёне Акадэміі навук пачаўся град.

13.05 Каля ўваходаў на месца збору правяраюць сумкі, але людзей прапускаюць.

13.00 На пляцоўцы каля Акадэміі навук зьявіліся арганізатары акцыі — Віктар Івашкевіч і Ўладзімер Колас. Падыходзіць народ са сьцягамі. Раніцай ў нядзелю ў кватэру Віктара Івашкевіча ламіліся супрацоўнікі КДБ, каб правесьці прафіляктычную гутарку, але той сышоў з хаты рана, яго не засьпелі.

12.50 Віцебск. На пляцоўцы каля Ўваскрасенскай царквы зьбіраюцца грамадзяне, якія хочуць ускласьці кветкі да мэмарыянай дошкі Васіля Быкава і помніка Ўладзімеру Караткевічу. Паўсюль дзяжураць міліцыянты

12.45 Міліцыянты пачалі абносіць турнікетамі будынак Акадэміі навук — месца збору ўдзельнікаў акцыі.

12.35 Барысаў. Ля пад’езду дома, дзе жыве сям’я дэмакратычнага актывіста Міхаіла Васільева, ад самага ранку дзяжураць мясцовыя «невядомыя» ў цывільным адзеньні. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла жонка Міхаіла Васільева, спадарыня Вольга.
«Двое невядомых нам людзей знаходзяцца ўнутры серабрыстага Пэжо і сочаць за тымі, хто выходзіць з дому. Між тым Міхаіл даўно і без праблемаў пакінуў дом й і накіраваўся са сваімі знаёмымі ў Менск,» — запэўніла спадарыня Вольга.

12.30 На скрыжаваньні вуліцы Сурганава і праспэкта Незалежнасьці — узмоцнены кантроль ДАІ, даішнікі ў цывільным выбарачна спыняюць кіроўцаў і правяраюць дакумэнты. А ў дварах стаіць мікрааўтобус ДАІ з міліцыянтамі ў форме.


12.05 Беларусы ў Лёндане адзначылі Дзень Волі і ўзгадалі Сяргея Каваленку


12.00 Міліцыя пачала агароджваць пляцоўку для мітынгу ў парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор.

11.30 Жыхароў Горак павіншавалі зь Днём волі

У Горках актывісты апазыцыі павіншавалі жыхароў райцэнтру зь Днём волі. Паштоўкі з Пагоняй і віншавальным тэкстам яны раздавалі на мясцовым рынку. Інцыдэнтаў зь міліцыяй не было. У суботу такімі ж паштоўкамі актывісты віншавалі студэнтаў сельскагаспадарчай акадэміі.

11.20 Гарадок, Віцебская вобласьць. Затрыманы актывіст кампаніі «Гавары праўду», старшыня раённай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў. Ён апавёў, што зранку каля яго хаты стаяла машына зь міліцыянтамі. А калі ён накіраваўся на аўтастанцыю, каб паехаць у Віцебск, яго затрымалі: супрацоўнікі міліцыі сказалі, што ён мусіць паехаць зь імі ў РАУС «каб даць тлумачэньні».

11.01 Жодзіна. Затрыманы Юрась Сілкін

Пра затрыманьне ў Жодзіна грамадзкага актывіста Юрася Сілкіна паведаміў «Свабодзе» сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Аляксандар Ваўчанін. Сілкіна спынілі міліцыянты на вуліцы, а пазьней яго адвезьлі ў міліцыю.

«Пакуль у нас няма дакладных зьвестак, паводле якіх прычынаў затрыманы наш актывіст, — кажа Аляксандар Ваўчанін, але відавочна, што Юрась наўмысна ізаляваны, каб ня змог удзельнічаць у мерапрыемствах Дня Волі».

Аляксандар Ваўчанін кажа, што ля дамоў, дзе жывуць актывісты апазыцыі, ад раніцы дзяжураць міліцыянты і людзі ў цывільным.


11.00 Полацк. Міліцыя затрымала актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Віктара Калесьніка, а таксама яшчэ аднаго актывіста, які не пажадаў, каб журналісты называлі ягонае імя. Іх затрымалі па дарозе ў Менск. Калесьнік паведаміў «Свабодзе», што прычынай затрыманьня сталі нібыта нейкія непарадкі з машынай. Затрыманых адвезьлі ў міліцыю Полацку.

Маршрут шэсьця на Дзень Волі ў Менску


Глядзець Вялікую мапу

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG