Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні Дня Волі знаныя дзеячы беларускай культуры і палітыкі распаўсюдзілі заяву пра тое, што Радзе БНР, як беларускаму ўраду ў выгнаньні, ня можа быць альтэрнатывы.

Заяву падпісалі Ўладзімер Арлоў, Рыгор Барадулін, Лявон Баршчэўскі, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Аляксандар Вайтовіч, Ніл Гілевіч, Радзім Гарэцкі, Анатоль Грыцкевіч, Генадзь Грушавы, Віктар Дашук, Сяргей Законьнікаў, Вольга Іпатава, Віктар Казько, Уладзімер Колас, Аляксей Кароль, Аляксандар Краўцэвіч, Мікола Купава, Валеры Мазынскі, Аляксей Марачкін, Уладзімер Мацкевіч, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў, Анастасія Палажанка, Уладзімер Падгол, Тацьцяна Процька, Пятро Садоўскі, Генадзь Сагановіч, Павал Севярынец, Александар Смалянчук, Анатоль Сідарэвіч, Алексей Янукевіч, Язэп Янушкевіч, Улад Вялічка.

У сваёй заяве падпісанты сьцьвярджаюць наступнае:

«У сродках масавай інфармацыі зьявіліся камэнтары замежных палітыкаў з прапановай стварыць беларускі ўрад у выгнаньні, які прадстаўляў бы і адстойваў нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь за мяжой па-за афіцыйнымі структурамі рэжыму, якія нацыянальных інтарэсаў не прадстаўляюць і не адстойваюць.

Прызнаючы права любога грамадзяніна любой дзяржавы мець сваё меркаваньне адносна ўсяго, што адбываецца ў Беларусі, мы таксама маем сваё меркаваньне адносна падобных заклікаў. Замежная ініцыятыва ў гэткім важным і цалкам беларускім пытаньні ставіць пад сумнеў здольнасьць беларусаў самім вызначыцца ва ўласным лёсе. Сытуацыя ў Беларусі напружаная, канфліктая, але яна павінна быць вырашаная ўнутры краіны.

Што да замежнага прадстаўніўцтва нацыянальных інтарэсаў Беларусі па-за афіцыйнымі структурамі, дык такое прадстаўніцтва ёсьць: Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. У легітымнасьці гэтага прадстаўніцтва, калі не ў фармальнай, дык у гістарычнай і маральнай, ня можа быць сумневу. Гэта ўрад абвешчанай яшчэ ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі, прадстаўнікі якой ва ўсе часы самаахвярна змагаліся менавіта за нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Найперш  за свабоду, незалежнасьць, дэмакрытыю. Многім зь іх гэта абышлося найбольшым коштам. Жыцьцём.

Сёньняшнія сябры Рады БНР, ня ўцягнутыя ў паўсядзённыя, у тым ліку ва ўнутрыапазыцыйныя высьвятленьні адносінаў, адстойваюць менавіта агульнабеларускія інтарэсы і зьяўляюцца, як і іх папярэднікі, годнымі прадстаўнікамі беларускіх демакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці за межамі краіны. Таму лічым мэтазгодным не стварэньне ў замежжы дадатковай «урадавай» структуры, ад пачатку сумнеўнай у яе легітымнасьці, а спрыяньне ў адстойваньні нацыянальных інтарэсаў Беларусі Радзе БНР».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG