Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Валадарцы» жонцы Сяргея Каваленкі не паведамілі новых зьвестак пра стан ягонага здароўя. Алеся Бяляцкага пакінулі яшчэ на тыдзень у турэмным карантыне. Да Мікалая Статкевіча не прапусьцілі бандэроль з Паўднёвай Карэі. Дзьмітрый Бандарэнка пакутуе ад захворваньня ног.

24 сакавіка жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі Алена наведала менскі сьледчы ізалятар на Валадарскага, дзе ў рэспубліканскім турэмным шпіталі трымаюць яе мужа падчас галадоўкі пратэсту. Усе дазволеныя сустрэчы з мужам на сакавік Алена патраціла раней, новай сустрэчы ёй не далі. У адміністрацыі ізалятару не паведамілі нічога новага пра стан здароўя Сяргея Каваленкі.

Сяргей Каваленка на знак пратэсту супраць прысуду галадае з сярэдзіны сьнежня мінулага году. У пачатку году ён ужываў ежу ў абмежаваным памеры, а з 8 лютага аднавіў галадоўку. Падчас апошняга ўзважваньня Сяргей Каваленка важыў 50 кіляграмаў, тэмпэратура цела была 35,1 градус. Вязьню прымусова ставяць кропельніцу і пагражаюць адпраўкай у турэмны псыхіятрычны шпіталь ў калёніі «Віцьба-3».

Праваабаронца Алесь Бяляцкі гэтак і не быў пераведзены з карантыну Бабруйскай калёніі ў атрад. Пра гэта паведаміла жонка вязьня Натальля Пінчук са спасылкай на апошні ліст ад мужу.

«Даслаў ліст ад 15-га пра тое, што яго пакінулі ў карантыне. Вось гэта ўся апошняя інфармацыя. А чаму пакінулі, не напісаў».

Былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава на гэтым тыдні наведаў адвакат. Паводле зьвестак, Саньнікаў выглядае горш, чым на мінулым спатканьні. «Але пра здароўе гаворка не ішла — абмяркоўвалі юрыдычныя пытаньні», — кажа жонка палітыка Ірына Халіп. Да сёньня, 24 сакавіка новых лістоў ад Андрэя Саньнікава, паводле Ірыны Халіп, не было.

Да Мікалая Статкевіча ў магілёўскую турму не дайшла бандэроль ад беларускі Людмілы Тарасавай, якая жыве ў Паўднёвай Карэі. Распавяла жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Марына Адамовіч.

«Яму адна беларуска, якая жыве ў Паўднёвай Карэі, ужо другі раз даслала бандэроль. Першую яму перадалі, там былі рукавіцы зьвязаныя. Гэта было яшчэ ў Шклоўскай калёніі. А другую, што вось зараз прыйшла, не перадалі. Проста паказалі, што такая ёсьць і адправілі назад».

Паводле Марына Адамовіч ліставаньне яе з мужам зараз ідзе без перашкод.

Хаця некаторыя лісты губляюцца, але з большага працягваецца перапіска з мужам і ў Вольгі Бандарэнкі, жонцы Зьмітра Бандарэнкі, якога ўжо месяц трымаюць у мэдычнай частцы Магілёўскай калёніі. Вольгу вельмі непакоіць тое, што праблемы Дзьмітрыя з нагамі ўсё павялічваюцца.

«Яму зрабілі здымак левай нагі і знайшлі, што ў яго артроз. Гэта вельмі дрэнна. Калі артрыт гэта запаленьне суставу і ён яшчэ можа прайсьці, то артроз — гэта зьмены, якія не праходзяць.»

Падчас зьняволеньня Зьміцер Бандарэнка таксама перанёс апэрацыю на хрыбетніку. Цяпер перасоўвацца па калёніі ён можа толькі з дапамогай кійка.

Ад Зьмітра Дашкевіча, якога трымаюць ў карцэры Глыбоцкай калёніі, ягоная нявеста Наста Палажанка ня мае зьвестак болей за два тыдні.

Вязень Гарадзенскай турмы Мікалай Аўтуховіч час ад часу дасылае паштоўкі сябрам-аўганцам, паведаміў праваабаронца, вэтэран Аўганістану Алег Воўчак.

Паводле маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава Марыны днямі яна атрымала ад сына віншавальную паштоўку з 8-ым сакавіка. "Пра сябе піша, што жывы-здаровы, а больш навінаў няма",— кажа Марына Лобава.
XS
SM
MD
LG