Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсыянэркі панчошнага камбінату хочуць вярнуць свае акцыі


Пэнсіянэры запатрабавалі сустрэчы з кіраўніцтвам камбінату

Пэнсіянэры запатрабавалі сустрэчы з кіраўніцтвам камбінату

Пэнсыянэркі адкрытага акцыянэрнага таварыства «Берасьцейскі панчошны камбінат» пратэстуюць, бо лічаць сябе падманутымі.

Адміністрацыя камбінату загітавала іх прадаваць акцыі прадпрыемства па 78 тысяч рублёў. А зь лютага акцыі ўзьняліся да 570 тысяч рублёў.

Жанчыны кажуць, што іх увяло ў зман начальства прадпрыемства:

«Патэлефанаваў дахаты і сказаў падыйсьці. Сказаў, што ўсяго тыдзень нейкі будуць акцыі прымаць. Ну людзі і пайшлі. Здалі хто па 20 акцый, а хто й па 80», — кажа пэнсіянэрка.

«Сказалі хутчэй, бо ў сакавіку спыняюць прыём акцыяў», — апавядае другая жанчына.

Пэнсіянэркі патрабуюць пералічыць кошт прададзеных акцыяў, або вярнуць іх уладальнікам. З гэтай мэтай яны запатрабавалі сустрэчы з начальствам, на якую прыйшло некалькі дзесяткаў чалавек. Аднак кіраўніцтва прадпрыемства патлумачыла, што акцыі вярнуць ужо немагчыма.

Распавядае пэнсіянэрка Зінаіда:

Пэнсіянэрка Берасьцейскага панчошнага камбінату Зінаіда

Пэнсіянэрка Берасьцейскага панчошнага камбінату Зінаіда

«Кажа, што гэта, маўляў, пытаньні не да нас. Маўляў, мы ніякіх адносінаў да гэтых акцыяў не маем, і нічога зрабіць ня можам, бо вы іх самі здалі. Карацей, нічога мы на гэтым сходзе не дабіліся».

Жанчына кажа, што людзі «вельмі пакрыўджаныя, бо іх, фактычна падманулі». Аднак, пераконвае пэнсіянэрка Зінаіда, людзі не зьбіраюцца складваць рукі. Яны напісалі скаргі ў камітэт дзяржаўнага кантролю, пракуратуру, зьбіраюць подпісы пад зваротам у адміністрацыю прэзыдэнта.

Зінаіда хадзіла ў пракуратуру, дзе ёй сказалі, што калі выявяцца нейкія махінацыі, то акцыі вернуць. Аднак гэтага не гарантавалі:

«Сказалі, што калі тут махінацыяў ня выявіцца, то нічога мы не даб’ёмся».
Усяго, паводле пэнсіянэрак, пацярпець у гэтай сытуацыі магло каля тысячы трымальнікаў акцыяў прадпрыемства.
Даведка «Свабоды»

ААТ «Берасьцейскі панчошны камбінат» зьяўляецца адным з буйнейшых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці Беларусі. З 1994 году прадпрыемства атрымала статус акцыянэрнага таварыства з доляй уласнасьці фізычных асобаў — 81,5%, дзяржаўнай — 18,5%.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG