Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску папярэджваюць актывістаў апазыцыі аб адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах на Дзень волі.

Тыя, каго папярэдзілі кажуць, што ўчастковыя міліцыянты маюць сьпісы складзеныя ў КДБ.

24 сакавіка раніцай участковы міліцыянт наведаўся да актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алены Тоўсьцік.

«Ён прыйшоў і даў паперчыну нейкую. Я запыталася: „Ці варта, дзе расьпісвацца?“. Ён адказаў, што трэба „проста прачытаць“. На ёй было напісана: „Рапарт. Я правёў гутарку з Тоўсьцік Аленай і папярэдзіў пра тое, што можа быць за удзел у несанкцыянаваных масавых шэсьцях на Дзень волі“. Потым пацікавіўся: „Ці многа вас будзе?“. Да маёй сяброўкі, актывісткі АГП, таксама прыходзіў. Той нават сьпіс паказваў. Сказаў, што сьпісы з КДБ. Я і сама бачыла сьпіс. На адным аркушы паперы прыкладна па пяць чалавек. У кожнага пазначана месца працы, альбо месцы навучаньня», — распавяла Алена Тоўсьцік.

Папярэджваць бабруйскіх актывістаў пачалі ад 22 сакавіка. Актывісты адзначаюць, што міліцыянтам галоўнае было засьведчыць, што яны прыходзілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG