Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтам Нямеччыны стаў «паляўнічы на чэкістаў»


У Бэрліне сёньня прыведзены да прысягі новы прэзыдэнт Нямеччыны.

11-м ачольнікам дзяржавы з часоў 2-й сусьветнай вайны стаў 72-гадовы Яхім Гаўк — былы лютэранскі пастар і праваабарончы актывіст з Усходняй Нямеччыны. У праграмнай прамове Гаўк назваў прыярытэтамі свайго прэзыдэнцтва працу ў накірунку большай сацыяльнай справядлівасьці і больш актыўнай інтэграцыі замежнікаў.

У мінулым Гаўк браў актыўны ўдзел у антыкамуністычнай рэвалюцыі ў былой ГДР. У 1990 годзе Бундэстаг аб’яднанай Нямеччыны прызначыў яго першым фэдэральным камісарам у справе архіваў Штазі — службы бясьпекі камуністычнай Нямеччыны. На гэтай пасадзе ён заслужыў шырокую папулярнасьць актыўным перасьледам былых нямецкіх чэкістаў і выкрываньнем іх злачынстваў. У прэсе яго называлі «паляўнічым на штазі».

Яхім Гаўк замяніў на пасадзе прэзыдэнта Крысьціяна Вульфа, які падаў у адстаўку з-за карупцыйнага скандалу. Пасада прэзыдэнта ў Нямеччыне мае збольшага прадстаўнічыя функцыі.
XS
SM
MD
LG