Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэтэр Шцястны, былая зорка хакею ў камуністычнай Чэхаславаччыне і ў Нацыянальнай хакейнай лізе Паўночнай Амэрыкі, рупіцца пра тое, каб у Беларусі адабралі права арганізаваць хакейны чэмпіянат сьвету ў 2014 годзе.

«Я ведаю, што Лукашэнка — страсны заўзятар хакею, і што ён страсна любіць гуляць у хакей. У галаву прыйшла мне думка, што калі зачапіць хобі і страсьць чалавека, могуць атрымацца добрыя вынікі, і гэты чалавек, так сказаць, можа паступова адкрыць сябе. Ведаеце, адзінай нашай умовай тут зьяўляецца вызваленьне палітычных вязьняў» — сказаў Шцястны карэспандэнту нашага радыё ў Брусэлі Рыкарду Юзьвяку.

Шцястны ня хоча, каб Аляксандар Лукашэнка выкарыстаў правядзеньне хакейнага чэмпіянату ў Менску як нагоду для свайго піяру і прапаганды.

Пэтэр Шцястны

Пэтэр Шцястны

«Атрымаць арганізацыю такой важнай спартовай падзеі зьяўляецца справай прэстыжу, нечым накшталт прывілею і ўзнагароды. За што цяпер узнагароджваць Беларусь і беларускі рэжым? Вось пытаньне, якое мяне хвалюе» — кажа Шцястны.

У траўні ў Хэльсынкі адбудзецца кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі хакею, які мае права перанесьці чэмпіянат сьвету зь Беларусі ў іншую краіну. Заданьне, якое паставіў сабе Шцястны, заключаецца ў тым, каб пераканаць хоць аднаго з 70 дэлегатаў — прэзыдэнтаў нацыянальных фэдэрацыяў — унесьці пытаньне пераносу чэмпіянату сьвету 2014 году ў парадак дня гэтага кангрэсу.

Калі пытаньне будзе ўнесенае, Шцястны спадзяецца, што большасьць зацьвердзіць прапанову пераносу чэмпіянату зь Беларусі, тым больш, што да гэтага кроку афіцыйна заклікаў Кангрэс ЗША.

Пакуль што, аднак, няма яснага сыгналу з самога Брусэлю. Рада замежных справаў ЭЗ паабяцала ў сваёй рэзалюцыі па Беларусі 23 сакавіка усяго толькі, што «Эўразьвяз будзе інфармаваць Міжнародную фэдэрацыю хакею на лёдзе і нацыянальныя фэдэрацыі аб сваёй глыбокай занепакоенасьці з прычыны непавагі з боку Беларусі да правоў чалавека, вяршэнства законаў і дэмакратычных прынцыпаў».

Паводле карэспандэнта нашага радыё ў Брусэлі, афіцыйныя асобы Эўразьвязу лічаць, што перанос чэмпіянату сьвету зь Беларусі ўдарыць хутчэй за ўсё па беларускіх заўзятарах, а не па Лукашэнку. І ў Брусэлі аргумэнтуюць, што нельга мяшаць палітыкі са спортам.

Сам Шцястны лічыць, што палітычны ціск у спорце ў «экстрэмальных сытуацыях» ― апраўданы. Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, паводле славацкага эўрадэпутата, якраз такі «экстрэмальны» выпадак.

Наша даведка:


Пэтэр Шцястны (нар. 1956), які ў 1980 атрымаў тытул найлепшага хакейнага гульца ў Чэхаславаччыне, у гэтым самым годзе перабег у Канаду і стаў гуляць у НХЛ. Разам зь ім у НХЛ гулялі два ягоныя браты, таксама перабежчыкі. Пэтэр Шцястны заставаўся актыўным гульцом НХЛ да 1995 году. У 2009 годзе яго выбралі дэпутатам Эўрапарлямэнту са сьпісу блёку Славацкага дэмакратычнага і хрысьціянскага саюзу-Дэмакратычнай партыі, які ўзначальвае былы прэм’ер-міністар Славаччыны Мікулаш Дзурында.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG