Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хацеў бы ўключыцца ў дыскусію, якую распачаў Юрый Дракахруст, пра маўклівую большасьць і ці можна сядзець на штыхах.

Хацеў бы ўключыцца ў дыскусію, якую распачаў Юрый Дракахруст, пра маўклівую большасьць і ці можна сядзець на штыхах.

Найперш трэба заўважыць, што ўсе разважаньні пра грамадзкія настроі, меншасьць-большасьць мы можам рабіць толькі ў дачыненьні да новага часу. Не выпадкова Юры прыводзіць словы Напалеона пра тое, што на штыхах сядзець няўтульна. Справа ў тым, што ў напалеонаўскай Францыі існавала Канстытуцыя, якая дэкляравала, што крыніца ўлады – францускі народ. А францускаму каралю Людовіку ХIV, які казаў, што «дзяржава – гэта я», нават у галаву не прыйшлі б такія думкі. Бо ён цьвёрда ведаў, што ўлада ад Бога, што яна трымаецца на падтрымцы войска. Гэта добра разумелі ўсе сатрапы і тыраны ў тыя гістарычныя часы.

Безумоўна, цяжка спрачацца, што падтрымка грамадзтва – гэта галоўны чыньнік існаваньня любога рэжыму. Але мой тэзыс, які я хачу вылучыць, такі: недэмакратычныя рэжымы могуць даволі працяглы час існаваць, ня маючы падтрымкі большасьці насельніцтва, абапіраючыся толькі на сілу. То бок, на тыя самыя штыхі.

У СССР у 1930-я гады вялізную большасьць насельніцтва складала сялянства. Яно ў сваёй аснове было супраць калектывізацыі. Аднак гэта не перашкодзіла савецкаму кіраўніцтву ажыцьцявіць гэты пералом, абапіраючыся на дзяржапарат і карныя ворганы. І пасьля савецкі рэжым выйграў страшную вайну і дажыў да 1991 году.

Калі ў маладосьці я глядзеў культавы савецкі фільм пра Шцірліца «Сямнаццаць імгненьняў вясны», мяне ўразіла такая акалічнасьць. Дзеяньне там адбываецца ў канцы вайны, апошнія тыдні існаваньня фашыстоўскай Нямеччыны. Фронт набліжаецца да Бэрліна, ужо чутныя гукі артылерыйскіх залпаў, а дзяржаўная машына райха працуе як гадзіньнік, бяз збояў, усе спэцслужбы ловяць савецкага шпіёна і нават працягваюць нейкія інтрыгі паміж сабою. І так яна працавала да самага канца, пакуль не была разбураная саюзнымі войскамі.

То бок, жорсткія недэмакратычныя рэжымы маюць пэўную аўтаномію ад народа. І каб зрынуць такі рэжым, адмоўнае стаўленьне да яго грамадзтва – гэта неабходная, але недастатковая ўмова. Каб адбыліся перамены, патрэбна, каб былі рэальныя мэханізмы ўплыву насельніцтва на ўладу, каб існавалі моцныя сацыяльныя сувязі, з дапамогай якіх можна акумуляваць пратэст. Калі гэтага няма, калі насельніцтва распадаецца на маленькія групы, а дзяржаўны апарат моцны, то ўсё можа працягвацца дастаткова доўга.

Магчыма гэта галоўная выснова, якую можна зрабіць зь леташняга беларускага крызысу. Дасюль шмат якія экспэрты лічылі, што актыўная меншасьць ня можа нічога зрабіць, пакуль большасьць, няхай пасіўна, падтрымлівае ўладу. Бо міліцыя з народам.

Мінулы год памяняў гэтыя ўяўленьні. Падзеньне даверу да ўлады было даволі кардынальным. Але гэта ніяк не адбілася не дзеяньнях сілавых структураў. Напрыклад, «маўклівыя» акцыі карысталіся пасіўнай падтрымкай большасьці, а іх брутальны разгон быў дрэнна ўспрыняты грамадзтвам. Тым ня менш, яны былі жорстка спыненыя.

Гэтыя падзеі паказалі, што міліцыя можа быць супраць народа. І ніхто ня можа адказаць, да якой мяжы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG