Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршыўся суд у справе выбуху на «Пінскдрэве»


Пажар пасьля выбуху на «Пінскдрэве».

Пажар пасьля выбуху на «Пінскдрэве».

Калегія Берасьцейскага абласнога суду вынесла вырак у справе справе аб выбуху на прадпрыемстве «Пінскдрэў» у 2010 годзе. Трох начальнікаў прызналі вінаватымі. Аднак пацярпелыя не задаволеныя прысуджанымі кампэнсацыямі.

Былы галоўны інжынэр «Пінскдрэва» Ўладзімер Шастакоў атрымаў 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі. Галоўны інжынэр «Пінскдрэў-ДСП» Ігар Логвін асуджаны на 3 гады калёніі. Дырэктар заводу «Пінскдрэў-ДСП» Леанід Логвін атрымаў 4 гады ўмоўнага тэрміну. Усе асуджаныя на 5 гадоў пазбаўленыя права займаць кіраўнічыя пасады.

Былы генэральны дырэктар «Пінскдрэва» Ларан Арыніч пазьбег адказнасьці. Падчас сьледзтва ён зьехаў за мяжу і не вярнуўся.

Суд задаволіў патрабаваньні пацярпелых аб кампэнсацыі. Аднак, хоць некаторыя прасілі да 400 мільёнаў кампэнсацыі, суд задаволіў гэтыя просьбы часткова — прысудзіўшы па 10–15 мільёнаў. Некаторыя пацярпелыя незадаволеныя такім рашэньнем і не выключаюць, што будуць яго абскарджваць.

Выбух на заводзе ДСП «Пінскдрэў» здарыўся 25 кастрычніка 2010 году. Двое рабочых загінулі на месцы, яшчэ 12 памерлі ад ранаў у лякарнях Пінску, Берасьця і Менску. Пяцёра засталіся калекамі.

Выбуховая хваля разбурыла цэх па вытворчасьці драўнянастружкавых плітаў. Шкода ацэнена ў 3 мільярды 949 мільёнаў рублёў, што ў даляравым эквіваленце на момант аварыі складала 1,2 мільёна. Паводле пракуратуры, асноўнай прычынай аварыі сталіся парушэньні рэжыму эксплюатацыі абсталяваньня па вытворчасьці драўняных паліўных гранулаў.
XS
SM
MD
LG