Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акрамя санкцый, ЭЗ прапануе і «мадэрнізацыйны пакет»


Радаслаў Сікорскі

Радаслаў Сікорскі

Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі сказаў сёньня журналістам у Брусэлі, што яго ня радуе ўхваленьне Радай замежных справаў ЭЗ дадатковых санкцый супраць Менску.

«Мы ўвялі дадатковыя санкцыі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь. Гэтых санкцый, я хачу падкрэсьліць, можна было б пазьбегчы, калі б улады Беларусі пакінулі шлях рэпрэсій супраць уласных грамадзян, калі б сытуацыя з правамі чалавека там паляпшалася, а не пагаршалася. Санкцыі не даюць мне ніякага задавальненьня, бо мне хацелася б, каб дачыненьні зь Беларусьсю адбываліся паводле прынцыпу «больш за больш», а не паводле прынцыпу «менш за менш». Але, на жаль, выбар тут быў зроблены прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам» — сказаў Сікорскі.

Адначасна польскі міністар заявіў, што ЭЗ мае намер запрапанаваць Беларусі «мадэрнізацыйны пакет» з канкрэтнай фінансавай дапамогай, калі Беларусь уступіць на шлях павагі да правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў:

«Каб паказаць беларускаму грамадзтву, што Эўразьвяз салідарны зь ім і адкрыты для дапамогі Беларусі, гэтым санкцыям адначасова спадарожнічаюць рашэньні пра пакет мадэрнізацыйны пакет для Беларусі, які будзе ўзгадняцца таксама ў дыялёгу з апазыцыяй, ды супольны ліст камісара Штэфана Фюле і камісаркі Сэсіліі Мальстрам, які заахвочвае краіны-сябры максымальна выкарыстаць заканадаўства ЭЗ для палягчэньня візавага рэжыму».

На просьбу журналістаў Радаслаў Сікорскі патлумачыў ідэю «мадэрнізацыйнага пакету»:

«Я нагадаю, што гэтая ініцыятыва выйшла ад прэм’ер-міністра Дональда Туска падчас саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Варшаве. Гэтая ініцыятыва была прынятая Эўразьвязам і мае шырокую падтрымку сярод краінаў-сяброў. Рэч у тым, каб загадзя дамовіцца аб шчодрай праграме дапамогі — эканамічнай, інстытуцыянальнай і фінансавай — для Беларусі, каб гэтая дапамога была заахвочаньнем для ўладаў Беларусі да сыходу са шляху рэпрэсій».

Падчас саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Варшаве 30 верасьня 2011 году Дональд Туск заявіў, што Эўразьвяз выказаў намер падрыхтаваць адмысловы пакет дапамогі для Беларусі, вартасьць якога складае 9 мільярдаў даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG