Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні 25 сакавіка праскія беларусы, у тым ліку супрацоўнікі Радыё Свабода, наведалі Альшанскія могілкі. Сёлета ўпершыню да сьвята незалежнасьці гэта быў паклон памяці трох прэзыдэнтаў: БНР – Пятра Крэчэўскага і Васіля Захаркі, а таксама Чэхіі – Вацлава Гаўла.

Усе трое ў свой час прыкладалі шмат высілкаў, каб ідэя незалежнай дэмакратычнай Беларусі ня толькі перахоўвалася за мяжой, але і рэалізоўвалася ў жыцьцё. Крэчэўскі, першы прэзыдэнт БНР у эміграцыі, памёр, так і не прызнаўшы БССР. Васіль Захарка быў яго пераемнікам да сьмерці ў 1943 годзе, пасьля чаго таемна зьніклі і сьляды архіву БНР.

Прамаўляе Сяргей Абламейка.

Прамаўляе Сяргей Абламейка.



Радны БНР Уладзіслаў Яндзюк, паклаўшы кветкі на магілу Захаркі, адзначыў, што эміграцыйны ўрад Беларусі стаў рэкардсмэнам. Вікіпэдыя называе яго найстарэйшым эміграцыйным урадам у сьвеце. Адметныя факты дзейнасьці дзяржаўных і вайсковых структур БНР яшчэ на радзіме згадаў журналіст і гісторык Сяргей Абламейка. І ў прыватнасьці пра тое, як на вайсковым парадзе у часе Слуцкага збройнага чыну ў Мерачы вайскоўцы ўжо мелі замест пагонаў нашытыя бел-чырвона-белыя стужкі. Сяргей Абламейка таксама казаў, што ў часы Слуцкага збройнага чыну Случчына была тэрыторыяй рэльнага сувэрэнітэту БНР.
Гаворыць Уладзіслаў Яндзюк

Гаворыць Уладзіслаў Яндзюк


Сваё сымпатыі да дэмакратычнай Беларусі памерлы летась прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл выказваў заўсёды. Ён першы назваў Беларусь новай суседкай Эўразьвязу, па-сяброўску падтрымліваў яе грамадзянскую супольнасьць і нават вывешваў сьцяг вольнай Беларусі ў сябе на дачы, дзе пражыў і свае апошнія дні. Апошнім тэкстам, які напісаў Гавэл, стаў яго зварот да беларускіх палітвязьняў.
Кветкі Вацлаву Гаўлу

Кветкі Вацлаву Гаўлу


Наведваньне дарагіх для беларусаў магіл традыцыйна пачынае ў Празе адноўленыя рытуалы Дня волі. Супольная малітва і сяброўская сустрэча заплянаваныя на нядзелю, 25 сакавіка ў праскай царкве Сьвятых Кузьмы і Дзям’яна.​
XS
SM
MD
LG