Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выступаючы на слуханьнях у фінскім парлямэнце, міністар культуры і спорту Паава Архінмякі сказаў, што фінскі ўрад зьвярнуўся да Фінскай фэдэрацыі хакею выкарыстаць свой уплыў дзеля таго, каб пазбавіць Беларусь права на правядзеньне чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе.

«На думку Фінляндыі, чэмпіянат трэба перанесьці ў іншую краіну», — цытуе міністра Архінмякі фінскае выданьне Helsingin Sanomat.

Паводле Архінмякі, аўтакраты выкарыстоўваюць важныя спартовыя падзеі ў прапагандысцкіх мэтах. Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, сказаў Паава Архінмякі ў парлямэнце, зацікаўлены толькі ў сваіх грошах, утрыманьні ўлады і хакеі.

Прэзыдэнт Фінскай фэдэрацыі хакею Калерва Кумаля зьяўляецца адначасова віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі хакею.

Тым часам прэсавы сакратар нацыянальнай хакейнай фэдэрацыі Фінляндыі у размове з журналістам брусэльскага выданьня EUobserver адзначыў: “Мы не даем аніякіх камэнтароў у гэтай сувязі”.

Паводле меркаваньня адказнага прадстаўніка хакейнага зьвязу Латвіі, якога таксама цытуе EUobserver, нягледзячы на міжнародны ціск, нацыянальныя фэдэрацыі ня хочуць перанясеньня ўсясьветнага першынства зь Беларусі ў нейкую іншую краіну.

Брусэльскія журналісты таксама прыводзяць пазыцыю прэзыдэнта літоўскай фэдэрацыі. Яе кіраўнік адзначыў, што ведае беларускую хакейную фэдэрацыю, а таксама тое, на якім высокім узроўні беларусы могуць арганізаваць падобнае мерапрыемства. Паводле ягоных словаў, “палітыка не павінна быць вырашальным фактарам, і падобны настрой падзяляюць фэдэрацыі суседніх краінаў”

У гісторыі ўжо быў прэцэдэнт перанясеньня чэмпіянату з аднае краіны ў іншую. У сувязі з уварваньнем дзяржаваў Варшаўскага пакту ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе, хакейны чэмпіянат 1969 году праводзіўся ня ў Празе, як было заплянавана раней, а ў Стакгольме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG