Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі-2012: у Менску — дазволілі, у рэгіёнах — забараняюць


25 сакавіка, — Дзень Волі. У гэты дзень 94 гады таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). Як плянуюць адзначыць гэту дату ў рэгіёнах.

ГОМЕЛЬШЧЫНА

«Мы выйдзем на вуліцы, павіншуем людзей!»

У мінулую сераду ўвечары малады актывіст «Эўрапейскай Беларусі» з Калінкавічаў Мікіта Каваленка быў затрыманы ў Менску міліцыянтамі й пакараны шасьцю суткамі адміністрацыйнага арышту за вывешваньне ў мэтро ўлёткі пра сьвяткаваньне Дня Волі.

На малой радзіме Мікіты 25 сакавіка не плянуецца публічных акцыяў. Грамадзкі актывіст з Калінкавічаў Дзяніс Рабянок кажа, што найбольш актыўныя жыхары раёну, каму неабыякавая ідэя беларускай дзяржаўнасьці, зьбіраюцца ў Менск на дазволены гарвыканкамам мітынг. Непасрэдна ў рэгіёне мясцовыя ўлады падобных дазволаў на мітынгі даўно не даюць.

«Гэта звычайная практыка рэжыму Лукашэнкі — хапаць і саджаць людзей»

Дзяніс Рабянок

Дзяніс Рабянок

Рабянок: «У нас як у тым анэкдоце: крок управа, крок улева — расстрэл. Як толькі неяк пачынаеш выяўляць сваю актыўнасьць, то цябе адразу забіраюць. Я думаю, што гэта нават і не зьвязана з Днём Волі. Увесь час, кожны дзень, калі ты толькі выйшаў на вуліцу раздаць газэты ці што іншае, адразу ж забіраюць на суткі. Гэта звычайная практыка рэжыму Лукашэнкі — хапаць і саджаць людзей, каб яны не займаліся грамадзка-палітычнай дзейнасьцю».

Рагачоўскія й мазырскія актывісты таксама зьбіраюцца ў сталіцу на сьвята. Да прыкладу, сябра БНФ з Мазыра спадар Віталь заяўляе:

«Я асабіста зьбіраюся ехаць у Менск на сьвяткаваньне Дня Волі».

У Гомелі 25-га сакавіка — трэцяя сэсія Народнага сходу.

У Гомелі палітыкі й грамадзкія актывісты правядуць 25 сакавіка трэцюю сэсію Народнага сходу, на якой будзе агучана праграма «За справядлівыя выбары!»

Захоўваецца таксама традыцыя ўскладаньня кветак у Навабеліцкім раёне Гомеля, дзе ў свой час жыла выбітная дзяячка БНР Палута Бадунова.

Актывісты кааліцыі «Наша альтэрнатыва» наважаны павіншаваць з Днём Волі мінакоў на вуліцах абласнога цэнтру.

«Беларусь тады вырвалася з-пад сьмяротных абдымкаў Расеі»

Кастусь Жукоўскі

Кастусь Жукоўскі

«Фармат сьвята канчаткова не зацьверджаны, — гаворыць Кастусь Жукоўскі, прадстаўнік «Нашай альтэрнатывы». — Але мы па-любому будзем адзначаць 25 сакавіка. Мы пойдзем па вуліцы, павіншуем людзей, сходзім у кавярню. Вырабілі ўжо нейкую частку невялічкіх віншавальных буклетаў. Для мяне асабіста 25 сакавіка — гэта дзень станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці як краіны менавіта пад назовам Беларусь. Пасьля двух стагодзьдзяў панаваньня Расейскай імпэрыі мы вырваліся зь яе сьмяротных абдымкаў і абвясьцілі на ўвесь сьвет, што мы ёсьць».
ВІЦЕБШЧЫНА

Дэмакратычныя актывісты ўшануюць памяць Васіля Быкава й Уладзімера Караткевіча.

Віцебскі актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Пётар Сарапеня падаў заяўкі ў тры раённыя адміністрацыі на правядзеньне трох пікетаў да Дня Волі:

«Напісаў ад свайго імя заяўкі ў тры адміністрацыі — Чыгуначнага, Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў. Усе на розны час. Думалі, пастаім у адным месцы, пераедзем у іншае, там наступны пікет будзе. Але — паўсюль адмовы. Прычына першая — што нібыта несвоечасова, са спазьненьнем падалі заяўкі. А другая — што не прыклалі дамовы з хуткай дапамогай, міліцыяй і тымі, што горад прыбіраюць».

Аляксей Гаўруцікаў

Аляксей Гаўруцікаў

Заявы спадар Сарапеня падаў 10 сакавіка — за 15 дзён да імпрэзаў. Чыноўнікі напісалі, што ён спазьніўся, бо заканадаўства пра масавыя акцыі дужа супярэчлівае, лічыць віцебскі актывіст, аднапартыец палітвязьня Мікалая Статкевіча, юрыст Аляксей Гаўруцікаў:

«У працэсуальным заканадаўстве ўсё дакладна, калі тэрміны адлічваюцца пасьля нейкай падзеі. А ў гэтым законе — заяўка падаецца за 15 дзён да мерапрыемства. Калі ад 25-га адлічыць 15, атрымліваецца 10-га. Але працэдура зваротнага адліку не прапісаная.Таму пытаньне: лічыць дзень 25-га або не лічыць».

Пікеты, шэсьце й сход улады забаранілі

Актывісты Аляксей Гаўруцікаў, Ян Дзяржаўцаў і Хрыстафор Жаляпаў таксама падавалі заяўкі на імпрэзы да 25 сакавіка. Гэта меліся быць шэсьце і сход на плошчы Свабоды. І таксама мерапрыемствы забаранілі. У тым ліку і таму, што не былі заключаныя дамовы з адпаведнымі службамі. Спадар Гаўруцікаў кажа, што дамовіцца зь імі амаль неверагодна:

«Управа МУС ухіляецца, кажучы, што яны й так будуць ахоўваць правапарадак. ЖКГ — што і так прыбіраюць горад. А ў хуткай дапамогі заўжды няма рэсурсаў, людзей, машын...»

Што да акцый на 25-га сакавіка, то тут ад хуткай дапамогі актывісты атрымалі нетрадыцыйны адказ: лекары вырашылі, што шэсьце будзе замінаць руху па вуліцы Леніна, і таму адмовілі.

Таму ў Віцебску вырашылі адзначыць Дзень Волі наступным чынам: сабрацца а першай гадзіне дня каля Ўваскрасенскай царквы ды супольна ўскласьці кветкі да мэмарыяльнай дошкі Васілю Быкаву і да помніка Ўладзімеру Караткевічу.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА

Кветкі да помніка Янку Купалу, Новага замку й Каложы

У Горадні ўлады не дазволілі правесьці мітынг з нагоды Дня Волі. 25 сакавіка прыхільнікі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі адзначаць сьвята сходам. Ня выключана, што ў ім змогуць удзельнічаць і іншыя гарадзенцы. Грамадзкія актывісты плянуюць у гэты дзень ускласьці кветкі да помнікаў і памятных шыльдаў.

Юры Істомін

Юры Істомін

Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юры Істомін быў адным з заяўнікаў на мітынг 25 сакавіка, які ўлады не дазволілі. Цяпер гаворка ідзе пра ўшанаваньне дзеячаў, якія спрычыніліся да змаганьня за незалежнасьць у розныя часы, кажа Юры Істомін:

«Пакуль гэта нашы папярэднія пляны, калі не ўмяшаюцца супрацоўнікі міліцыі. Мы хацелі б а 16-й гадзіне падысьці да чыгуначнага вакзалу ўскласьці да помніка паўстанцам кветкі. Потым — да помніка Янку Купалу, да Новага замку, да Каложы, дзе Грунвальдзкі камень».

У Горадні цяпер ёсьць паўтара дзясятка помнікаў і памятных шыльдаў, да якіх варта прыйсьці ў Дзень Волі"

Гісторык, журналіст, актывіст БСДГ Уладзімір Хільмановіч зазначае, што ў Горадні ёсьць нямала месцаў, да якіх варта прыйсьці на Дзень Волі:

Хільмановіч: «У Горадні ёсьць паўтара дзясятка помнікаў і памятных шыльдаў, дзе можна ўскласьці кветкі на кожнае беларускае сьвята, на такое, як Дзень Волі. Бальшыня іх зьявілася на пачатку 1990-х гадоў, частка — яшчэ за савецкім часам. Гэта, напрыклад, шыльда, павешаная на чыгуначным вакзале ў гонар паўстанцаў 1863 году. Гэта шыльда паўстанцам Касьцюшкі, разьмешчаная на Новым замку. Гэта драўляны помнік Вітаўту. Гэта памятны знак „Пагоня на Грунвальд“ каля Калоскай царквы. Ёсьць шыльды беларускім дзеячам, такім, як Рыгор Шырма і Міхась Ткачоў».

Уладзімер Хільмановіч

Уладзімер Хільмановіч

У той жа час Уладзімір Хільмановіч канстатуе:

«На жаль, за апошнія дзесяць год хіба не паўстала такіх памятных шыльдаў, і мы разумеем — чаму. У гэтым сэнсе Горадня — адзін з самых адсталых гарадоў, хоць дэкляруецца як цэнтар турызму. Але нічога па сутнасьці ня робіцца для ўшанаваньня выдатных людзей, асабліва зьвязаных зь беларускай дзейнасьцю».

У Слоніме міліцыянт палохаў 81-гадовага пэнсіянэра за ўдзел у мітынгу вялікім штрафам

Таксама на Гарадзеншчыне традыцыйна міліцыянты напярэдадні сьвяткаваньня Дня Волі папярэджваюць пра недапушчальнасьць удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах тых, хто падаваў заяўку ў мясцовыя органы ўлады.

Сёлета адным з тых, хто падпісаўся пад заяўкай на правядзеньне сьвяточнага мітынгу 25-га сакавіка ў Слоніме, быў 81-гадовы пэнсіянэр Мікола Ракевіч. Ён кажа, што кожны год сьвяткуе гэты дзень, а вось цяпер да яго завітаў дадому міліцыянт і прынёс паперу, у якой яго папярэджваюць пра ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Спадар Ракевіч нават зацытаваў мне гэтую паперу, у якой стандартна гаворыцца пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Я запытаўся ў спадара Ракевіча — што ён думае пра гэтае папярэджаньне?

«Хто іх корміць, таму й служаць...»

Ракевіч: «А што казаць... Яны дзеля гэтага і створаныя і ні на што іншае ня здольныя — яны ў адной зьвязцы. Хто корміць, таму і служаць. Ёсьць карыта — ёсьць і рохканьне».

Мікола Ракевіч кажа, што кожны год сьвяткуе 25 сакавіка, лічыць гэтае сьвята самым галоўным для Беларусі і кажа, што бяз гэтага дня немагчыма было б аднаўленьне нашай незалежнасьці. Таму яго не палохае нават і тое, што міліцыянт патлумачыў яму апрача напісанага на паперы папярэджаньня.

Ракевіч: «Прыходзіў яшчэ ўчастковы і казаў: мы вас ня будзем садзіць у турму, але штраф дамо, і вы ўжо ня выкараскаецеся з гэтых штрафаў».

«Напісалі мне нейкую лухту....»

Да кіраўніка Слонімскай раённай арганізацыі БНФ Івана Шэгі на працу таксама прыходзіў міліцыянт, каб папярэдзіць яго пра недапушчальнасьць удзелу ў забароненым мітынгу 25 сакавіка. Але Шэга нават адмовіўся падпісваць яго паперу.

Іван Шэга

Іван Шэга

Шэга: «Яны напісалі нейкую лухту: папярэджваем, што праводзіць мітынг вы павінны згодна з заканадаўствам. Атрымліваецца, мяне ўсё ж заклікалі мітынг правесьці, толькі згодна з заканадаўствам. Але калі вы забаранілі, то ўжо забаранілі — навошта пісаць такое? Ужо папярэджвалі б канкрэтна — нельга праводзіць. Я сказаў міліцыянту, што ня буду такое падпісваць, а ён папросту сабраў паперы і пайшоў».

Камэнтар для «Свабоды»:

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька заявіў сёньня «Свабодзе», што ў кожным рэгіёне, дзе існуе кааліцыя дэмакратычных партыяў і рухаў, абавязкова будзе адзначана сьвята БНР:

«Дзень Волі — гэта сьвята. Тым больш, гэта не клясычная акцыя апазыцыі, а людзі выходзяць, каб сьвяткаваць. І настрой у рэгіёнах ня можа адрозьнівацца ад таго, што ў сталіцы. Іншая справа, што ў мясцовых уладаў розныя адносіны да 25-га сакавіка. Там, дзе ёсьць поўная „ксэракопія“ Аляксандра Лукашэнкі, там, найбольш верагодна, не дазволяць праводзіць нічога. А там, дзе мясцовыя ўлады больш-менш разумнейшыя, дазволяць акцыі пэўнага фармату.

Я не спадзяюся, што мерапрыемствы ў Дзень Волі ў рэгіёнах будуць масавыя.Але найбольш актыўная частка грамадзтва выйдзе. І вельмі важна, каб хоць у невялікім фармаце ўрачыстасьці адбыліся. Бо гэта сьвята, якое нельга вынішчыць ні з памяці, ні з календара — яно было ўчора, яно ёсьць сёньня, і самае галоўнае, што ў яго самае пэрспэктыўнае заўтра».

Карэспандэнт: «Спадар Анатоль, а сябры АГП на месцах таксама маюць плян канкрэтных мерапрыемстваў 25-га сакавіка?»

Лябедзька: «Безумоўна! Там, дзе ёсьць дэмакратычная кааліцыя, там партыйны актыў мае сваю сарцавіну, свой касьцяк, і на гэтым усё трымаецца. І там, дзе ёсьць аргкамітэт, нашы людзі да яго далучаныя. Як мінімум я гавару пра абласныя цэнтры і гарады Барысаў, Салігорск, Жлобін ды іншыя... Так што, дзе будзе мажлівасьць нешта правесьці, нашы людзі абавязкова далучацца».
XS
SM
MD
LG