Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада міністраў Эўразьвязу прыняла высновы па Беларусі і пашырыла " чорны сьпіс --> http://www.svaboda.org/content/article/2294915.html " яшчэ на 12 асобаў і 29 фірмаў.

На сваім паседжаньні ў Брусэлі 23 сакавіка Рада міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу прыняла гэткія высновы па Беларусі:

1. Згадваючы высновы Рады ад 31 студзеня 2011 і 20 чэрвеня 2011 году, Рада зноў выказвае сур’ёзную занепакоенасьць непавагай да правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону ў Беларусі шкадуе з нагоды новых рэпрэсіўных захадаў.

2. Дзеля таго, што палітычныя зьняволеныя дагэтуль ня вызваленыя і не рэабілітаваныя, і на фоне далейшага пагаршэньня сытуацыі, Рада вырашыла вызначыць дадатковы сьпіс асобаў адказных за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека і за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, да якіх будуць ужытыя візавыя абмежаваньні і замарожаньне ўкладаў. Рада таксама вырашыла уключыць у сьпіс бізнэсоўцаў і кампаніі, якія маюць прыбытак дзякуючы рэжыму або падтрымліваюць яго. Была дамоўлена, што сьпіс будзе пашырацца на наступных паседжаньнях Рады, пакуль у Беларусі ня будуць вызваленыя ўсе палітзьняволеныя. Сьпіс асобаў і фірмаў, да якіх ужываюцца абмежавальныя захады Эўразьвязу, застаецца адкрыты і будзе ўвесь час пераглядацца.

3. ЭЗ заклікае да неадкладнага вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітзьняволеных, якія застаюцца за кратамі. ЭЗ асуджае незадавальненьне апэляцыі праваабаронцы і палітзьняволенага Алеся Бяляцкага, а таксама асуджэньне на два гады Сяргея Каваленкі. Эўразьвяз глыбока занепакоены паведамленьнямі аб катаваньнях і бесчалавечных умовах утрыманьня ў турме палітзьняволеных, у тым ліку былых кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньннікава і Мікалая Статкевіча, актывістаў Зьмітра Бандарэнкі, Зьмітра Дашкевіча і Мікалая Аўтуховіча. Рада нагадвае беларускім уладам аб іх абавязаньні ў адпаведнасьці зь міжнародным правам забясьпечваць выкананьне забароны катаваньняў і жорсткага, бесчалавечнага і прыніжальнага абыходжаньня, і аб іх адказнасьці ў справе расьсьледаваньня парушэньняў такой забароны.

4. Згадваючы заяву вярхоўнай прадстаўніцы Эштан за 17 сакавіка 2012, ЭЗ рашуча асуджае пакараньне сьмерцю Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава. ЭЗ паўтарае свой заклік да беларускіх уладаў далучыцца да глябальнага мараторыю на кару сьмерці ў якасьці першага кроку да яе поўнай адмены. ЭЗ выступае супраць сьмяротнага пакараньня незалежна ад абставінаў.


5. ЭЗ паўтарае свой заклік да беларускіх уладаў спыніць цкаваньне прадстаўнікоў апазыцыі, праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці і не абмяжоўваць іх свабоду перамяшчэньня. ЭЗ таксама асуджае здушэньне негвалтоўных пратэстаў і сыстэматычнае выкарыстаньне судовай сыстэмы як рэпрэсіўнага сродку, у тым ліку супраць мірных пратэстоўцаў. Эўразьвяз надалей моцна занепакоены прыняцьцем новага заканадаўства, якое яшчэ больш абмяжуе права грамадзянаў Беларусі на свабоду сходаў, асацыяцыяў, на свабодны абмен інфармацыяй у інтэрнэце, а таксама на аказаньне падтрымкі грамадзянскай супольнасьці.

6. Рада зноў заклікае Беларусь паважаць міжнародна прызнаныя прынцыпы дыпляматычнай недатыкальнасьці і прывілеі дыпляматычных прадстаўніцтваў краінаў ЭЗ у Менску і спыніць цяперашняе цкаваньне і запалохваньне.

7. У сувязі з плянаваным Чэмпіянатам сьвету па хакеі 2014 году Эўразьвяз будзе інфармаваць Міжнародную фэдэрацыю хакею на лёдзе і нацыянальныя фэдэрацыі аб сваёй глыбокай занепакоенасьці з прычыны непавагі з боку Беларусі да правоў чалавека, вяршэнства законаў і дэмакратычных прынцыпаў.

8. ЭЗ пацьвярджае сваю цьвёрдую наважанасьць надалей умацоўваць узаемадзеяньне з народам Беларусі і грамадзянскай супольнасьцю і падтрымліваць дэмакратычныя памкненьні беларускага народу. Рада вітае ініцыятыву Эўразьвязу «Эўрапейскі дыялёг аб мадэрнізацыі» зь беларускім грамадзтвам у справе неабходных рэформаў для мадэрнізацыі Беларусі і патэнцыйнага разьвіцьця дачыненьняў з ЭЗ, а таксама магчымай падтрымкі ў гэтым з боку ЭЗ.

9. ЭЗ заклікае беларускія ўлады ажыцьцявіць свае раней абвешчаныя намеры ў справе распачацьця нацыянальнага дыялёгу з грамадзянскай супольнасьцю і апазыцыяй, каб падрыхтаваць глебу для парлямэнцкіх выбараў 2012 году ў адпаведнасьцямі зь міжнароднымі нормамі і стандартамі. ЭЗ заклікае беларускія ўлады да супрацоўніцтва ў рамках АБСЭ ў справе аднаўленьня працы прадстаўніцтва АБСЭ ў Беларусі, а таксама да датрыманьня і рэалізацыі абавязаньняў у рамках АБСЭ па ўсіх трох вымярэньнях, асабліва ў галіне правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў.

10. ЭЗ яшчэ раз заяўляе аб сваёй гатовасьці распачаць перамовы наконт пагадненьняў аб аблягчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі, што паспрыяла б міжчалавечым кантактам на карысьць усяму насельніцтву Беларусі, і выказвае глыбокае шкадаваньне з прычыны неканструктыўнай пазыцыі беларускіх уладаў, якія дагэтуль не адказалі на дасланы ў чэрвені 2011 году ліст з запрашэньнем да перамоваў. У справе аблягчэньня выдачы візаў грамадзянам Беларусі, Рада будзе вітаць стараньні краінаў-удзельніц ЭЗ як найлепей выкарыстаць дазволеныя Візавым кодэксам гнуткія варыянты, асабліва магчымасьці вызваленьня ад візавай аплаты або яе скарачэньня для некаторых катэгорыяў грамадзянаў Беларусі або ў індывідуальным парадку. Рада нагадвае пра магчымасьці спрошчанага перамяшчэньня ў памежнай зоне і заклікае беларускія ўлады ўжыць неабходныя захады для ўступленьня ў сілу ўсіх пагадненьняў аб перамяшчэньні ў памежнай зоне з суседнімі краінамі-ўдзельніцамі ЭЗ у адпаведнасьці з правіламі ЭЗ аб руху ў памежнай зоне.

11. Рада будзе надалей пільна сачыць за сытуацыяй у Беларусі. Рада пацьвярджае сваю вернасьць палітыцы крытычнага ангажаваньня, у тым ліку праз дыялёг і «Ўсходняе партнэрства», і нагадвае, што разьвіцьцё двухбаковых дачыненьняў залежыць ад прагрэсу Беларусі ў справе павагі да прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека. Эўразьвяз застаецца гатовы дапамагаць Беларусі выканаць свае абавязаньні ў гэтай галіне.


У адмысловым прэсавым рэлізе аб пашырэньні санкцыяў супраць беларускага рэжыму адзначаецца:

На фоне далейшага пагаршэньня сытуацыі ў Беларусі, Рада сёньня ўзмацніла абмежавальныя захады супраць асобаў, адказных за рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці ў гэтай краіне.

Рада дадала 12 асобаў да сьпісу асобаў, якія падпадаюць пад візавую забарону і замарожаньне ўкладаў. У дадатковы сьпіс увайшлі асобы, адказныя за парушэньні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, а таксама тыя, што маюць прыбытак дзякуючы рэжыму або падтрымліваюць яго.

У дадатак да гэтага, Рада замарозіла ўклады 29 фірмаў, кантраляваных асобамі, што падпадаюць пад абмежавальныя захады за сваю ролю ў падтрымцы рэжыму.


Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ Кэтрын Эштан заявіла:

«Наша сёньняшняе рашэньне прынята ў адказ на нэгатыўнае разьвіцьцё падзеяў у Беларусі. Сытуацыя пагаршаецца, улады штораз мацней уціскаюць грамадзянскую супольнасьць. Замест таго, каб узмацняць рэпрэсіі, Беларусь мусіць вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзьняволеных і стрымаць сваю рэпрэсіўную палітыку».

Сёньняшнія рашэньні дапаўняюць уведзеныя раней санкцыі: візавыя забароны і замарожаньне ўкладаў ужо дзейнічаюць у дачыненьні больш чым да 200 асобаў. Апрача гэтага замарожаныя актывы трох зьвязаных з рэжымам фірмаў, забаронены таксама экспарт у Беларусь узбраеньняў і матэрыялаў, якія б маглі быць выкарыстаныя для ўнутраных рэпрэсіяў.

Юрыдычныя дакумэнты, улучна з дадаткамі да «чорнага сьпісу», будуць апублікаваныя ў Афіцыйным весьніку ЭЗ 24 сакавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG