Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 сакавіка суд Маскоўскага раёну Менску вынес вырак актывісту «Маладога фронту» Міколу Дземідзенку. Ён асуджаны на 10 сутак арышту паводле артыкула 17-1 Адміністратыўнага кодэксу. Дземідзенка нібыта хуліганіў, лаяўся матам.

Намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка ў размове са «Свабодай» выказала наступную вэрсію — улады такім спосабам пазбаўляюць акцыю ў Дзень волі найбольш яскравых удзельнікаў:

«Можа, яны сапраўды хочуць, каб там усё прайшло настолькі стэрыльна і гладка. Таму і прыбіраюць тых людзей, якія для іх непрадказальныя, якія ня хочуць ладзіць справу паводле сцэнару ўлады. Ці якія маглі б у любы момант зразумець сытуацыю таго, што адбываецца — наколькі актуальны Дзень Волі, ці шмат там прыйшло людзей, ці можна там зрабіць нешта больш запамінальнае.

Важна, што актыўных маладых людзей імкнуцца прэвэнтыўна затрымаць дзеля таго, каб нейкім чынам прадэманстраваць такі стэрыльны Дзень Волі».

Міколу Дземідзенку разам з Раманам Пратасевічам затрымалі ўвечары 22 сакавіка каля турмы на вуліцы Акрэсьціна супрацоўнікі АМАПУ. Актывісты «Маладога фронту» разам зь сябрамі сустракалі сваіх паплечнікаў Міхася Мускага, Рамана Васільева, Уладзімера Яроменку, Зьмітра Крамянецкага, якія выйшлі на волю пасьля арышту. На Акрэсьціна іх чакалі аўтобусы зь міліцыянтамі ў цывільным, якія ў жорсткай форме затрымалі маладафронтаўцаў.

У Маскоўскі РУУС прывезьлі Рамана Пратасевіча і Міколу Дземідзенку. Рамана адпусьцілі без складаньня пратаколу. На Міколу Дземідзенку склалі пратакол.

Той жа суд вынес сёньня вырак і актывістам кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Настасьсі Шулейцы і Міхаілу Костку — кожнаму па пяць сутак арышту. Іх абвінавацілі ў запуску пад купал гандлёвага цэнтру «Сталіца» бел-чырвона-белага сьцяга. Гэта адбылося 22 сакавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG