Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: рабочага звольнілі пасьля скаргі кіраўніку вобласьці


Кіроўцу самазвала Генадзя Качалоўскага звольнілі з ААТ «Брэстаблаўтатранс» пасьля таго, як ён арганізаваў калектыўную скаргу рабочых на імя старшыні аблвыканкаму Канстанціна Сумара. Паводле ж афіцыйнай вэрсіі, Качалоўскі звольнены за прагул.

Генадзь Качалоўскі арганізаваў напісаньне ліста старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанціну Сумару. Пад зваротам падпісаліся 49 працаўнікоў ААТ «Брэстаблаўтатранс». Рабочыя скардзіліся на тое, што несвоечасова выплочваюцца заробкі, камандзіровачныя, аўтамабілі часта прастойваюць. Наракалі яны і на нізкія заробкі. Падпісанты запатрабавалі зьмяніць кіраўніцтва прадпрыемства.

Пасьля гэтага Генадзя Качалоўскага звольнілі. Ён кажа, што пацярпеў з прычыны сваёй ініцыятывы:

«Людзі, якія могуць гаварыць, — яны стараюцца пазбаўляцца ад іх. Нікому ня трэба, каб усе ведалі ўсё. Усе ж ведаюць пра гэтую сытуацыю, людзі гавораць, а я вырашыў узяць на сябе гэты цяжар і расказаць усю гэтую сытуацыю».

Спадар Качалоўскі кажа, што рыхтуецца судзіцца з прадпрыемствам, бо лічыць: звольнілі яго за тое, што адкрыта выказаў пратэст. Па юрыдычную дапамогу звольнены рабочы зьвярнуўся ў прафсаюз РЭП.

Як распавёў прававы інспэктар прафсаюзу РЭП па Берасьцейшчыне Ўладзімер Малей, Генадзю Качалоўскаму тут дапамогуць:

«Я лічу, што ўсе ёсьць падставы для таго, каб яго аднавіць на працы. Наймальнік нават ня выдаў яму загад аб звальненьні. У Берасьцейскай вобласьці ўжо ня першы выпадак, калі ў працоўных калектывах зьяўляецца незадаволенасьць рабочых. Калі зьяўляюцца такія лідэры, якія ўзначальваюць супраціўленьне, барацьбу за свае правы, іх звальняюць з працы. Таму выйсьце адно — арганізоўвацца і аб’ядноўвацца ў незалежныя прафсаюзы».

А вось у адміністрацыі прадпрыемства — іншы погляд на сытуацыю. Начальнік вытворча-камэрцыйнага комплексу «Аўтобусны парк № 1 Берасьця» ААТ «Брэстаблаўтатранс» Віктар Бусьлейка кажа, што Качалоўскі звольнены за прагулы:

«У двух словах, што я магу сказаць? Чалавек запіў у камандзіроўцы, і мы яго перавялі ў рабочыя. Аднак ён не захацеў працаваць і рабочым. Ну што ж рабіць? Што, я яго трымаць буду? Ну трэба ж прыходзіць хоць на працу, калі нават ня хочацца працаваць, быць на працоўным месцы. І на гэта не пайшоў...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG