Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі тыднёвік The Economist у апошнім нумары прысьвяціў артыкул праблемам, зь якімі апошнім часам сутыкнуўся рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Прапануем вам фрагмэнты артыкулу.

Некалькі кветак на століку каля станцыі мэтро «Кастрычніцкая» парушаюць бездакорную чысьціню менскага праспэкту Незалежнасьці. Летась у красавіку тут ад бомбы загінула 15 чалавек. Але 17 сакавіка людзі прыносілі кветкі і запальвалі сьвечкі па дзьвюх новых ахвярах: маладых людзях, асуджаных за выбух у мэтро і пакараных сьмерцю куляй у патыліцу, насуперак заклікам аб літасьці.

Незалежна ад таго, ці маюць Уладзіслаў Кавалёў і Дзьмітры Канавалаў нейкае дачыненьне да бомбы, многія беларусы ня вераць, што ўся адказнасьць ляжыць толькі на іх. Іх успрымаюць як ахвяры дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. Іх прысуды грунтуюцца на прызнаньнях, у якіх недастаткова матываў і якія, як паведамляецца, былі атрыманыя з дапамогай катаваньняў. Сам працэс і пакараньне нагадваюць пра сталінскія часы. Асаблівым цынізмам прагучалі спачуваньні Лукашэнкі сем’ям пакараных.

Некаторыя беларусы за мяжой лічаць, што гэтыя сьмяротныя пакараньні былі проста яшчэ адным адвольным актам жорсткасьці з боку прэзыдэнта-бандыта. Іншыя пабачылі ў гэтым наўмысную спробу Лукашэнкі ўмацаваць свае пазыцыі праз тэрор. Гэтыя пакараньні бясспрэчна працягнулі сьпіс яго гвалтоўных учынкаў. У сьнежні 2010 году Лукашэнкавы спэцслужбы жорстка разагналі пратэст грамадзянаў супраць сфальсыфікаваных выбараў. Некаторыя яго апанэнты дагэтуль застаюцца за кратамі, у тым ліку апазыцыйны кандыдат Андрэй Саньнікаў, нягледзячы на прашэньне аб памілаваньні. Ягоная жонка Ірына Халіп, журналістка расейскай «Новой газеты», кажа, што яго катуюць. Праваабаронца Алесь Бяляцкі таксама застаецца ў зьняволеньні. Апошнія сьмяротныя пакараньні могуць спарадзіць яшчэ большы страх сярод патэнцыйных пратэстоўцаў, але яны ня могуць аднавіць законнасьць.

Рэйтынгі Лукашэнкі, паводле незалежных апытаньняў, ад часу выбараў упалі ад 50% да 20%. Больш за 80% беларусаў лічаць, што эканоміка ў крызісе, і бальшыня зь іх вінаваціць у гэтым прэзыдэнта. [...]

Лукашэнка больш чым сотні крытыкаў свайго рэжыму, у тым ліку першаму кіраўніку незалежнай Беларусі Станіславу Шушкевічу, забараніў выезд з краіны. Але яго галоўны адказ на дзеяньні ЭЗ — паварот да Расеі, чыя няспынная падтрымка пазбаўляе эўрапейскія санкцыі вастрыні. І хоць новаабраны прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін ня любіць Лукашэнку, яшчэ менш яму падабаецца ідэя зьмены рэжыму ў Беларусі і ўварваньне Эўразьвязу ў сваю палітычную вотчыну [...]

Шмат гадоў Лукашэнка гуляў на супярэчнасьцях паміж Расеяй і Эўразьвязам. Аднак яго антызаходняя пазыцыя ўжо недастатковая, каб забясьпечыць падтрымку Масквы. Расейцы падтрымліваюць ягоную эканоміку толькі за кошт перадачы ўсё большага кантролю над вядучымі галінамі прамысловасьці, улучна з экспартам калійнай солі і нафтаперапрацоўчымі заводамі. Аднак палітычная сытуацыя ў самой Расеі цяпер не такая стабільная, як некалькі гадоў таму, і магчымасьць Лукашэнкі бясьпечна хавацца за муры Крамля, магчыма, ня будзе існаваць вечна.
XS
SM
MD
LG