Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мішэль Рэнэры: «Дэмакратыя — гэта агульнае дабро»


Мішэль Рэнэры

Мішэль Рэнэры

Амбасадар Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры зрабіў заяву ў сувязі са стартам прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Францыі, у якой бяруць удзел 10 чалавек — 3 жанчыны і 7 мужчын. Першы тур галасаваньня адбудзецца 22 красавіка.

«Насамрэч, мы добра знаёмыя з многімі з кандыдатаў, бо ў францускіх газэтах пішуць пра розныя палітычныя пэрсаналіі цягам усяго году. У Францыі лічыцца цалкам натуральным, калі дзяржаўныя СМІ крытыкуюць у сваіх рэпартажах дзейнасьць ураду ці прэзыдэнта рэспублікі. Яны таксама могуць праводзіць інтэрвію з апазыцыянэрамі, прычым у гэтых інтэрвію прадстаўнікі апазыцыі могуць данесьці сваю пазыцыю: у гэтым і палягае розьніца паміж журналістыкай і прапагандай», — адзначае амбасадар Мішэль Рэнэры, робячы параўнаньне з сытуацыяй у Беларусі.

Адмысловая камісія ўвесь час, а ня толькі падчас выбараў, правярае, ці выдзяляецца на тэлебачаньні аднолькавы час для апазыцыі і прадстаўнікоў уладаў.

«Калі існуюць перагібы, прадугледжаныя пакараньні. Я лічу, што гэтае правіла, якое каштуе не даражэй за сэкундамер, магло б прымяняцца ўсюды», — адзначае амбасадар.

«Да пачатку афіцыйнай кампаніі і падчас яе кандыдаты могуць зь лёгкасьцю арганізоўваць сходы ў вялікіх залях, на стадыёнах або на адкрытай прасторы. У Парыжы адзін з кандыдатаў разам са сваімі прыхільнікамі прайшоўся ад плошчы Рэспублікі да плошчы Бастыліі, заклікаючы да рэвалюцыі. Мы бачым, што свабода выказваньня, прадугледжаная Канстытуцыяй, мае сваю канкрэтную праяву. Інфармацыйныя каналы кругласутачнага вяшчаньня, такія, як „i-télé“ або „BFM-TV“, трансьлююць у жывым эфіры выступы кандыдатаў», — распавядае Мішэль Рэнэры.

Для рэгістрацыі кандыдатам у Францыі трэба прадставіць не 100 000 подпісаў, як у Беларусі, а 500 подпісаў давераных асобаў.

«Дэмакратыя — гэта агульнае дабро, якое кожны павінен захоўваць, гэта каштоўнасьць, падзеленая ўсімі, і ўрадам, і апазыцыяй, якая спрыяе яднаньню нацыі. Такая згуртаванасьць неабходная, калі краіна становіцца ахвярай тэрарыстычных нападаў, як, напрыклад, у 1986 годзе перад пачаткам кампаніі па выбарах у парлямэнт або падчас падзеяў апошніх дзён, калі нейкі фанатык забіваў ваенных або дзяцей у школе».

Амбасадар заклікаў сваіх суайчыньнікаў, якія жывуць у Беларусі, прагаласаваць у амбасадзе на прэзыдэнцкіх і на парлямэнцкіх выбарах.
XS
SM
MD
LG