Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горкі: Абаронцы дома Гарэцкага зьвярнуліся ў Міністэрства культуры


Дом, у якім жыў Максім Гарэцкі

Дом, у якім жыў Максім Гарэцкі

Горацкія абаронцы дома, у якім ад 1926 да 1928 году жыў пісьменьнік і грамадзкі дзеяч Максім Гарэцкі, даслалі ў Міністэрства культуры дакумэнты на ўлучэньне будынка ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі з наданьнем адпаведнага статусу.

Дому пагражае зьнішчэньне. Мясцовыя ўлады ў межах падрыхтоўкі райцэнтру да фэстывалю «Дажынкі» зьбіраюцца яго зьнесьці. Паводле чыноўнікаў, будынак занядбаны й не падлягае рамонту. Супраць гэтага выступаюць мясцовыя рупліўцы беларускай культуры. На працягу некалькіх месяцаў яны бароняць будынак, дасылаючы ў розныя ўладныя структуры калектыўныя лісты пратэсту.

«Дом Максіма Гарэцкага — гэта двухпавярховы жылы будынак. На ўсю Беларусь гэта адзіны дом, у якім жыў Гарэцкі і які захаваўся да нашага часу. Да „Дажынак“ яго хочуць зраўняць зь зямлёй. Грамадзкасьць Горак лічыць, што ў будынку можна разьмясьціць музэй-кватэру Гарэцкага і такім чынам захаваць яго. На першым паверсе можна стварыць музэй, прысьвечаны літаратурным традыцыям Горак», — зазначае горацкі журналіст і грамадзкі дзеяч Ільля Заранок.

У студзені Міністэрства культуры Беларусі накіравала ліст у Магілёўскі аблвыканкам і Горацкі райвыканкам з прапановаю захаваць у Горках дом, у якім жыў пісьменьнік Максім Гарэцкі. Мінкульт таксама прапануе стварыць у доме на вуліцы Агранамічнай, 3 мэмарыяльную кватэру Гарэцкага.

Канчатковае рашэньне пра лёс дома Гарэцкага міністэрства мае прыняць цягам сарака дзён.

Небясьпека зьнішчэньня пагражае і яшчэ некалькім гістарычным будынкам райцэнтру. Іх таксама хочуць зруйнаваць. На рамонт нестае сродкаў. Райвыканкам стварыў адмысловую камісію, якая мае падрыхтаваць заключэньні па далейшым лёсе будынкаў.
XS
SM
MD
LG