Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакараньні сьмерцю ў Беларусі павінны ўзмацніць рашучасьць Эўразьвязу


Нядаўнія пакараньні сьмерцю ў Беларусі сталі нечуваным на постсавецкай прасторы прыкладам рэпрэсій, заяўляе Human Rights Watch. Гэты факт павінен узмацніць рашучасьць Эўразьвязу, лічыць Х’ю Ўільямсан, дырэктар HRW у Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

Міжнароднае асуджэньне двух выкананых прысудаў было хуткім і суровым, але ўжо было занадта позна, каб зьмяніць сытуацыю, піша Ўільямсан і нагадвае рэакцыю. Турб’ёрн Ягланд, генэральны сакратар Рады Эўропы, заявіў, што Беларусь усё больш ізалюецца ад астатняга сьвету з-за яе «непавагі да асноўных правоў чалавека». Маркус Лёнінг, упаўнаважаны па правах чалавека ў Нямеччыне, таксама рэзка скрытыкаваў Аляксандра Лукашэнку, назваўшы яго «дыктатарам бяз сэрца і міласэрнасьці».

Паводле ацэнак, ад 1991 году ў Беларусі былі пакараныя сьмерцю 400 чалавек. Краіна зь дзевяцьцю з паловай мільёнамі насельніцтва на мяжы Эўрапейскага зьвязу застаецца адзінай у Эўропе, дзе ўжываецца сьмяротная кара. Як быццам бы гэтага было мала: адной з апошніх такое паведамленьне зь Вярхоўнага суду атрымала і Любоў Кавалёва, маці Ўладзіслава Кавалёва. Але ці сапраўды два маладыя чалавекі маглі зьдзейсьніць выбухі з 15 ахвярамі і 200 параненымі? Незалежныя экспэрты і групы праваабаронцаў неаднаразова выказвалі сваю заклапочанасьць з нагоды неналежнай прававой працэдуры і іншых парушэньняў справядлівага судовага разбору ў выпадку Кавалёва і Канавалава. Два мужчыны 26 гадоў былі пакараныя, нягледзячы на тое, што маці Кавалёва ад імя сына падала пэтыцыю ў камітэт правоў чалавека ААН і прасіла ўлады Беларусі не выконваць прысуд да разгляду яго справы.

Сьмяротнае пакараньне зьяўляецца няправільным у прынцыпе і павінна быць адмененае, лічыць Х’ю Ўільямсан. Беларусь павінна прынамсі ўвесьці на яго неадкладны мараторый. І так надзвычай нялюдзкае, гэтае пакараньне абцяжаранае самавольствам, прадузятасьцю ці памылкамі.

Што тут можна рабіць? Эўразьвяз меў рацыю, калі пашырыў свае санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў мінулым месяцы. Сьмяротныя пакараньні павінны ўзмацніць рашучасьць дзейнічаць і далей гэтак жа рашуча. Эўразьвяз павінен таксама выкарыстаць свой уплыў для аказаньня ціску на Беларусь у галіне правоў чалавека праз жэнэўскі офіс камітэту ААН. Летась у чэрвені Камітэт правоў чалавека ААН даручыў свайму вярхоўнаму прадстаўніку Нэві Пілэй сачыць за сытуацыяй у Беларусі і прадставіць свой даклад у чэрвені праз год. Міжнародная супольнасьць павінна выкарыстаць гэтую магчымасьць, каб даць ясна зразумець, што парушэньні правоў чалавека павінны быць неадкладна спыненыя.

У заключэньне свайго артыкулу Х’ю Ўільямсан цытуе словы настаўніцы Тацяны Сьняжынскай, якая прысутнічала на акцыі памінаньня расстраляных паблізу ад месца выбуху ў мэтро. Паводле словаў жанчыны, хлопцаў пасьля прысуду расстралялі так хутка, што гэта ўзмацняе сумневы наконт іх віны. Мы не павінны пазбаўляць жыцьця людзей, асабліва тых, хто можа стаць ахвярай судовай памылкі або палітычнага заказу. Такая пазыцыя заслугоўвае міжнароднай падтрымкі, піша дырэктар HRW у Эўропе і Цэнтральнай Азіі ў сваім артыкуле, разьмешчаным на сайце Public Service Europe.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG