Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увечары 22 сакавіка ў Менску затрыманы шэраг моладзевых актывістаў.

Каля 20.30 вечара былі затрыманыя актывісты кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Настасься Шулейка і Міхаіл Костка. Іх абвінавацілі ў запуску пад купал гандлёвага цэнтра «Сталіца» бел-чырвона-белага сьцяга. Яны знаходзяцца ў Маскоўскім РУУС Менска, на іх складзены адміністратыўныя пратаколы за дробнае хуліганства.

Чакаецца, што сёньня іх справы разгледзяць у судзе Маскоўскага раёна. Іх вінавацяць ў арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, актывістаў затрымалі людзі ў цывільным.
У гэты ж дзень увечары каля турмы на вуліцы Акрэсьціна супрацоўнікі АМАПУ затрымалі актывістаў «Маладога фронту» Рамана Пратасевіча і Міколу Дземідзенку. Яны, разам з сябрамі, сустракалі сваіх паплечнікаў Міхася Мускага, Рамана Васільева, Уладзімера Яроменку, Зьміцера Крамянецкага, якія выйшлі на волю пасьля арышту.

На Акрэсьціна іх чакалі аўтобусы зь міліцыянтамі ў цывільным, якія ў жорсткай форме затрымалі маладафронтаўцаў, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

У Маскоўскі РУУС прывезьлі Рамана Пратасевіча і Міколу Дземідзенку. Рамана адпусьцілі без складаньня пратаколу. На Міколу Дземідзенку складзены пратакол, верагодна па адміністратыўным артыкуле (дробнае хуліганства).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG