Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць «Свабоды» – вядомы дзяяч беларускай эміграцыі, чалец Рады БНР і доктар гісторыі Янка Запруднік.

1 сакавіка на нашым сайце адбылася онлайн-канфэрэнцыя зь нямецкім дыпляматам Гансам-Георгам Вікам. Падчас яе Вік выказаў меркаваньне, што апазыцыйныя беларускія палітыкі маглі б сфармаваць за мяжой урад у выгнаньні, але без удзелу Рады БНР. 11 сакавіка на нашым сайце Віку запярэчыў доктар Янка Запруднік. Ён заявіў, што такі ўрад можа быць створаны толькі на базе Рады БНР. Учора Запрудніка падтрымаў і лідэр кампаніі «Гавары праўду», былы кандыдат у прэзыдэнты і палітычны вязень Уладзімер Някляеў.

Абламейка: Спадар Янка, у вашым адказе Гансу-Георгу Віку вы сказалі, што эміграцыйны ўрад можа быць створаны толькі на базе Рады БНР. Наколькі вядома, увосень 1925 году падчас Бэрлінскай канфэрэнцыі ўрад БНР склаў зь сябе паўнамоцтвы, а большая яго частка пераехала ў БССР. Пасьля другой сусьветнай вайны пазасталая частка Рады БНР на чале зь Міколам Абрамчыкам зноў стварыла ўрад. Калі б сёньня Рада вырашыла стварыць урад у выгнаньні, якой была б яго юрыдычна правамоцнасьць?

Запруднік: Тут трэба гаварыць ня гэтулькі пра юрыдычную правамоцнасьць, колькі пра гістарычную правамоцнасьць перш-наперш. Дарэчы, прэзыдэнт Рады БНР Абрамчык пераняў прэзыдэнцтва праз Захарку ад Крэчэўскага, які ў Бэрлінскай канфэрэнцыі ўдзелу ня браў і захаваў такім чынам пэўную гістарычную цягласьць ад 1918 году. Што да юрыдычнай асновы будучага ўраду, калі такі наагул паўстане, гэтае пытаньне павінны разглядаць юрысты, можа, больш, чым гісторыкі. Гістарычная цягласьць будзе захаваная, а юрыдычная, яна стаіць пад пытаньнем, таму што ва ўсякім змаганьні з дыктатурай юрыдычныя асновы часам ствараюцца проста гістарычным парадкам у выніку падзеяў. Юрыдычная аснова сучаснай дыктатуры ў Беларусі таксама стаіць пад пытальнікам. І гэта ўсё патрабуе абмеркаваньня. Наагул пытаньне стварэньня ўраду – гэта справа не пякучая, яна вымагае часу, каардынацыі, асэнсаваньня, перагляду пэўных гістарычных працаў, дакумэнтаў, прынцыпаў і гэтак далей.

Абламейка: Якая, на вашу думку, сёньня, у нашы дні, існуе неабходнасьць стварэньня ўраду ў выгнаньні?

Запруднік: У аднэй з гаворак было выказанае меркаваньне, што сучасная палітычная сытуацыя ў Беларусі яшчэ не зусім разьвязаная нутранымі сіламі і нутранымі фактарамі. Так што гэта справа будучага часу, як яна будзе пастаўленая. Задзейнічаныя павінны быць у гэтае абмеркаваньне сучасныя дэмакратычныя структуры ў Беларусі перш-наперш, з удзелам эміграцыйных палітыкаў, юрыстаў і дзеячоў.

Абламейка: Калі б рашэньне аб стварэньні ўраду БНР у выгнаньні было прынятае, ці варта туды, на вашу думку, уключаць прадстаўнікоў дзеючай беларускай апазыцыі?

Запруднік: Безумоўна. Гэта справа перш-наперш тых дэмакратычных сілаў, якія сёньня дзейнічаюць унутры краіны, а замежныя дзеячы і патрыёты-беларусы павінны быць падключаныя ў гэты працэс, а ня быць на чале яго.

Абламейка: Значыць, калі лічыць, што Рада БНР вядзе сваю пераемнасьць з 1918 году і зьяўляецца фактычна парлямэнтам у выгнаньні, то яна б магла зацьвердзіць такі ўрад, так?

Запруднік: Яна, бадай, павінна была б узяць удзел у працэсе абмеркаваньня будучай апазыцыйнай дэмакратычнай структуры.

Абламейка: Уявім сабе, што рашэньне Рада БНР прыняла і ўрад створаны. Якія б функцыі мог выконваць гэты эміграцыйны ўрад?

Запруднік: Замежны ўрад, на маю думку, павінен быў бы выконваць тыя самыя функцыі, якія дасюль выконвала Рада БНР, гэта значыць, прадстаўляць беларускую дэмакратыю і беларускую нацыянальную тоеснасьць перад заходнімі ўрадамі і дэмакратычнымі структурамі. І ў дадзеным выпадку, калі б дайшло да каардынацыі з прадстаўнікамі зь Беларусі, рабіць гэтую справу супольна аж да таго часу, пакуль у Беларусі ня будзе вернутая тая дэмакратыя, пра якую мроілі і на якую працавалі нашыя папярэднікі пачынаючы ад 1918 году.

Абламейка: Значыць, на вашу думку, ня Рада павінна стварыць такі ўрад, але яна павінна ўзяць удзел у абмеркаваньні і стварэньні такога ўраду, як адзін з удзельнікаў стварэньня?

Запруднік: Яна павінна была бы стацца такой гістарычнай асновай стварэньня такога палітычнага цела.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG